Магія ўнутранага рынку
У першым квартале 2026-га гандаль выйшаў на годны ўзровень, дадаўшы 6 % да аналагічнага перыяду мінулага года ў супастаўных цэнах, г. зн. з папраўкай на інфляцыю. Больш выдаткоўваць беларусам дазволілі два іншыя макраэканамічныя фактары: па-першае, дынаміка росту рэальных наяўных грашовых даходаў за першыя тры месяцы склала 107,6 %. Па-другое, пазітыўныя тэндэнцыі ў экспарце, які дадаў за квартал 14,6 %, пры гэтым больш як на 4 працэнтныя пункты па росце абагнаўшы імпарт. У адкрытай эканоміцы знешні гандаль адыгрывае істотную ролю для дабрабыту краіны ў цэлым, і грамадзян — у прыватнасці. Яны могуць сабе дазволіць больш выдаткоўваць. Пры гэтым, паводле апошніх даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, павялічваецца доля нехарчовых тавараў у спажывецкіх выдатках грамадзян. Доля выдаткаў на прадукты харчавання засталася на ранейшым узроўні ў параўнанні з першым кварталам мінулага года.
Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, грашовыя выдаткі на хатнюю гаспадарку ў першым квартале 2026 года склалі 2894,9 рубля ў месяц. На спажывецкія выдаткі грамадзяне патрацілі толькі 66,9 %, г. зн. 1936 рублёў. Астатнія сродкі, у асноўным, былі накіраваныя ў назапашванні: куплю нерухомасці, банкаўскія ўклады, іншыя віды зберажэнняў. У першым квартале мінулага года хатнія гаспадаркі ў сярэднім маглі сабе дазволіць выдаткаваць 1720 рублёў у месяц. Гадавы рост па гэтым паказчыку ў намінальным выражэнні склаў больш за 12,5 %.
На прадукты харчавання і ў мінулым годзе, і сёлета мы трацілі каля 38,4 % ад спажывецкіх выдаткаў. Але ў сілу росту даходаў і, адпаведна, спажывецкіх выдаткаў у абсалютным грашовым выражэнні рост склаў 14,3 %. Доля нехарчовых тавараў павялічылася з 34,2 % за першыя тры месяцы 2025 года да 34,9 % за першы квартал 2026 года. У намінальным грашовым выражэнні дынаміка склала 110,6 %. Пашыраць спажывецкі кошык мы змаглі ў тым ліку і за кошт інфляцыі, якая знаходзілася ў межах прагнознага калідора і квартал да квартала склала 5,8 %. Пры гэтым цэны на нехарчовыя тавары за гэты ж перыяд павялічыліся на 2,2 %.
Павелічэнне аб’ёму пакупак грамадзянамі — добры сацыяльны фактар, які сведчыць пра рост дабрабыту. Але гэты трэк валодае і значным эканамічным значэннем. Спажывецкі рынак, які расце, дае нашым вытворцам дадатковыя магчымасці для прасоўвання і збыту сваёй прадукцыі. З эканамічнага пункту гледжання важна не толькі, каб грамадзяне больш куплялі, але каб раслі аб’ёмы продажаў айчынных тавараў.
А калі паглядзець глыбей, то нават не проста беларускай вытворчасці, а з максімальнай лакалізацыяй. Тады больш дабаўленай вартасці застаецца ў краіне, а не сыходзіць замежным контрагентам праз набыццё сыравіны і прамежкавых тавараў. Цяпер гэтаму фактару ўдзяляюць значную ўвагу. І ў мінулым годзе, калі Нацыянальны банк праз даступны яму інструментарый, пашыраў выкарыстанне больш даступных прадуктаў спажывецкага крэдытавання айчынных тавараў, першы намеснік старшыні Аляксандр Ягораў акцэнтаваў увагу: у першую чаргу стымуляванне спажывання будзе аказвацца той беларускай прадукцыі, у якой прысутнічае максімальны айчынны складнік.
У якой ступені той ці іншы тавар беларускі — пытанне не такое простае, як здаецца на першы погляд. Эканоміка і вытворчасць ўскладняюцца, вытворчыя ланцужкі становяцца даўжэйшымі, павялічваецца колькасць тэхналагічных перадзелаў. Адпаведна, і лакалізацыя, і імпартазамяшчэнне ў сучасных умовах патрабуюць больш дэталёвага вывучэння. Усе камплектуючыя ў гатовай прадукцыі могуць быць і беларускія. Але ў іх, часам, прысутнічае вялікая доля імпартных складнікаў. Беларускія навукоўцы правялі шэраг даследаванняў па гэтай праблематыцы, створаны матэматычныя мадэлі міжгаліновых сувязяў у беларускай эканоміцы. У тым ліку і з пункту гледжання дабаўленай вартасці і паводле іншых характарыстык, якія ўжо можна прасачыць па ўсім вытворча-лагістычным ланцужку.
Несумненна, неабходна актывізаваць і эканамічны патрыятызм у самым шырокім разуменні гэтага слова. Можна сказаць, на інстытуцыйнай аснове, прычым як у грамадзян, так і ў вытворцаў. Звычайна кампаніі наракаюць спажыўцам, калі яны выбіраюць імпартны аналаг. Але пры гэтым самі беларускія фірмы не заўсёды гатовыя супрацоўнічаць з айчыннымі пастаўшчыкамі сыравіны, камплектуючых, паслуг. І прычыны заўсёды знаходзяцца. Часам нават вельмі аб’ектыўныя. Але пытанне эканамічнага патрыятызму не ў тым, каб сфармуляваць аргументы на карысць імпарту, а каб выйсці на камунікацыю з беларускімі контрагентамі. І сумеснымі намаганнямі выходзіць на неабходны вынік.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ