Top.Mail.Ru

Падрабязнасці паездкі кіраўніка дэпутацкага корпуса на поўнач краіны

Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка ў чацвер здзейсніў рабочую паездку на поўнач краіны. Кіраўнік дэпутацкага корпуса ўдзельнічаў у пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, а таксама азнаёміўся са станам спраў у Бешанковіцкім раёне, наведаўшы шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў.



На пасяджэнні былі вынесены пытанні аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці за мінулы перыяд 2026 года і павышэнні эфектыўнасці работы арганізацый і іншыя. Было адзначана, што ў студзені — красавіку вобласць забяспечыла выкананне двух асноўных мэтавых паказчыкаў з трох. Прыцягнута ў асноўны капітал 1,5 мільярда рублёў інвестыцый, гэта на 6 % больш, чым летась. Сфарміраваны інвестыцыйны партфель са 116 праектаў. Станоўчую дынаміку дэманструе і экспарт тавараў — ён узрос на 12,8 %, паслуг — на 60,7 %, у тым ліку турыстычных — у 1,6 раза. Тым не менш, як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, ёсць шэраг пытанняў, якія датычацца прамысловасці рэгіёна і якія ўжо былі абазначаны на мінулых пасяджэннях, але пры гэтым сітуацыя на прадпрыемствах ніяк не змянілася. 


На пасяджэнні разгледзелі праблемныя пункты вобласці, выслухаўшы кіраўнікоў асобных раёнаў, а таксама адказных асоб. Абмеркавалі і дарожную бяспеку рэгіёна. Ігар Сергяенка пацікавіўся, ці дастаткова існуючай нарматыўна-прававой базы для забеспячэння дарожнай бяспекі? Як растлумачыў кіраўнік абласнога ДАІ, у гэтым пытанні на дадзены момант ніякіх дадатковых змен не патрабуецца. 

Спікер Палаты прадстаўнікоў таксама наведаў шэраг прадпрыемстваў Бешанковіцкага раёна. Ігар Сергяенка заслухаў кіраўніцтва раёна аб стане спраў і становішчы на валаўтваральных прадпрыемствах. Падчас сустрэчы ў райвыканкаме бакі абмеркавалі практыку прымянення дзеючага заканадаўства. Мясцовыя органы ўлады ўнеслі свае прапановы па ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў у такіх сферах, як пахавальная справа, садовыя таварыствы, будаўнічая сфера і шэраг іншых. Затым Ігар Сергяенка азнаёміўся з працай філіяла ААТ «Сушчава-Агра» і дзейнасцю фабрыкі ТАА «Люфтэр», якое было створана ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». 


У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што чарговая паездка ў Віцебскую вобласць насіла комплексны характар. «Адбылася сур’ёзная патрабавальная размова, прагучала сур’ёзная крытыка ў адрас кіраўнікоў шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці за канкрэтны недагляд, правалы ў працы, па сутнасці справы — за адкат назад, — звярнуў увагу спікер. — У цэлым, калі казаць за мінулы перыяд па лічбах, інвестыцыі ў асноўны капітал, здавалася б, выраслі. Але ўсё ў асноўным сканцэнтравана вакол Віцебска, Полацка, Оршы — вялікіх гарадоў. Калі сталі канкрэтна разбірацца і глядзець раёны, якія ж там рэалізуюцца праекты і якія ўкладваюцца інвестыцыі, то ў выніку прыйшлі да высновы, што трэба перагледзець усе праекты, якія сёння рэалізуюцца ў Віцебскай вобласці, каб сітуацыя была адэкватнай, каб туды ўвайшлі тыя праекты, якія рэальна рэалізуюцца, а не на паперы ў выглядзе яшчэ толькі задум і ідэй».
Размова таксама ішла і аб новых кірунках развіцця прамысловасці ў вобласці. «Так, сёння фактычна ўсе ідэі фарміруюцца зверху, гэта значыць, кіраўніцтвам вобласці. З боку райвыканкамаў прапаноў паступае вельмі мала, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Пэўныя тэндэнцыі змены становішча ў Віцебскай вобласці вызначаюцца. У прыватнасці, калі гаварыць аб сельскай гаспадарцы, аграрыі Віцебшчыны выйшлі на больш высокія паказчыкі ў параўнанні з мінулым годам у галіне жывёлагадоўлі. Павысіўся і сярэднія надой малака, стабілізуецца сітуацыя з падзяжом жывёлы. «Таму лагічным працягам сённяшняй камандзіроўкі стала наведванне Бешанковіцкага раёна, каб паглядзець на месцы, як рэалізуюцца праекты з удзелам прыватнага капіталу ў сельскай гаспадарцы». 


Спікер адзначыў, што ўсе дэпутаты, якія выязджаюць у рэгіёны, займаюцца менавіта вывучэннем правапрымяняльнай практыкі. «Прынцып адзін — усе змены ў закон павінны ісці ад жыцця. Наша заканадаўства стабільнае, адпрацаванае. Часта мяняць адны і тыя ж нормы неразумна і кажа аб нестабільнасці. У нас стабільная заканадаўчая база. Так, па некаторых кірунках, вядома, трэба рухацца, займацца, але зыходзіць з практыкі і зыходзіць ад жыцця, а не прыдумляць тыя нормы, якія не будуць працаваць, а будуць проста гаварыць пра нейкую, можа быць, актыўную бязладную дзейнасць дэпутацкага корпуса», — рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Палаты прадстаўнікоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю