«Мы разлічваем, што ў бягучым годзе мы (тавараабарот паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю. — Заўвага БелТА) вырасцем прыкладна на 3,8 працэнта. Вельмі важна, што расце новая лінейка прадукцыі як з боку Рэспублікі Беларусь, так і з боку Ленінградскай вобласці. Для нас, напрыклад, вельмі важна, што мы пачалі працаваць па пастаўках розных вырабаў з пластмасы. Мы пачалі ў Беларусь прадаваць не проста лес, а гатовыя вырабы з драўніны. Прадаўжаем нарошчваць аб’ёмы. Мы атрымліваем у Беларусі тэхніку, прычым яе лінейка пашыраецца. Раней мы гаварылі аб тым, што ў асноўным мы атрымлівалі з Беларусі прадукты харчавання. Але сёння і Ленінградская вобласць з’яўляецца пастаўшчыком прадуктаў харчавання», — расказаў Аляксадр Драздзенка. Ён таксама ўказаў, што супрацоўніцтва ідзе і па шэрагу іншых напрамкаў.

Асобна губернатар спыніўся на пытаннях супрацоўніцтва ў галіне вытворчасці тэхнікі. «Перш за ўсё, калі мы гаворым аб вытворчай кааперацыі, павінны ўспомніць праект „АМКАДОРа“, які мы рэалізуем у сталіцы Ленінградскай вобласці — горадзе Гатчына. Прычым гэта новыя для нас напрамкі — дарожная тэхніка і тэхніка для работы ў лесе. Традыцыйны для нас напрамак — сельскагаспадарчая тэхніка, таму што Беларусь кожны год здзіўляе новай лінейкай прадукцыі, расце яе якасць. Мы сёння субсідзіруем нашым сельгаставаравытворцам не толькі куплю расійскай тэхнікі, але і беларускай. Цяпер мы вельмі ўважліва глядзім на куплю беларускіх аўтобусаў. І мы былі б зацікаўлены ў стварэнні вялікага сэрвіснага цэнтра менавіта па аўтобусах. Прычым нас цікавяць як аўтобусы сярэдніх памераў, так і міжгароднія, буйнапамерныя аўтобусы», — адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Аляксандр Драздзенка таксама ўказаў, што Ленінградская вобласць цяпер вывучае і новыя напрамкі для супрацоўніцтва ў пытаннях тэхнікі з Беларуссю. «Напрыклад, матацыклы. Мы ўжо невялікую першую партыю закупілі (размова пра матацыклы „Мінск“. — Заўвага БЕЛТА). Матацыклы вельмі надзейныя, моцныя, зносаўстойлівыя. Мы іх выкарыстоўваем для дзіцячага спорту, патрулявання лясных пажараў, а таксама ў шэрагу іншых напрамкаў. Вельмі ўважліва цяпер глядзім на напрамак па вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Хоць у Расіі ёсць сумесная вытворчасць з тым жа Кітаем і ў Беларусі ёсць, але мне здаецца, што тут таксама даволі добрыя суадносіны цаны і якасці», — падкрэсліў губернатар Ленінградскай вобласці.