Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць спектакль «Адамавы жарты» на ІІІ Сусветным фестывалі культуры (World Culture Festival 2026), які праходзіць у горадзе Карачы (Ісламская Рэспубліка Пакістан) з 29 кастрычніка па 22 лістапада. Аб гэтым БелТА расказалі ў тэатры.
Беларускую камедыю прадставяць на пакістанскай сцэне 13 лістапада. Гэта ўжо трэці выезд РТБД у бягучым годзе ў далёкае замежжа пасля Шанхая і Пекіна, што сведчыць аб росце міжнароднай цікавасці да беларускага тэатральнага мастацтва.
Фестываль, арганізатарам якога выступае Arts Council of Pakistan Karachi, з’яўляецца адной з буйнейшых культурных падзей свету. У гэтым годзе ў ім прымуць удзел больш як 1000 артыстаў з 150 краін. Сярод удзельнікаў — тэатральныя калектывы, музыканты, танцоры і мастакі з розных кантынентаў, што робіць фестываль сапраўднай пляцоўкай для міжкультурнага дыялогу.
«Адамавы жарты» — адзін з самых знакамітых і любімых спектакляў РТБД. Гэта аўтэнтычная, лёгкая і мудрая камедыя паводле твораў Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча, якая ідзе на сцэне з 2010 года і пераадолела ўжо рубеж 300 паказаў. Гісторыя пра Саўку і Марысю, якіх спакушае чорт, пераплятае ў сабе рэальнае і фантастычнае, сучаснае і старажытнае, а наяўнасць у ёй музыкі, пластыкі і жартаў, дабаўляе асаблівага каларыту.
«Мы вельмі рады, што нашы „Адамавы жарты“ будуць прадстаўляць Беларусь на такой маштабнай пляцоўцы, як Сусветны фестываль культуры ў Пакістане. Гэта камедыя — своеасаблівы партрэт нацыянальнага характару, з яго гумарам, мудрасцю і ўменнем бачыць светлае нават у складаныя часы. Мы вельмі хочам, каб праз гэту гісторыю пакістанскі глядач адчуў цеплыню і шчырасць беларускай душы. І спадзяёмся, што гэта сустрэча пакладзе пачатак нашай доўгай і плённай дружбе з культурнай супольнасцю Пакістана», — заўважыла дырэктар РТБД, рэжысёр спектакля Святлана Навуменка.