Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адзначыў, што Светлае Хрыстова Уваскрэсенне аб’ядноўвае беларусаў незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці.
— Вялікдзень лічыцца галоўным хрысціянскім святам. Гэта свята адраджэння. Кожны год веруючыя хрысціяне ў віншаваннях жадаюць адзін аднаму абнаўлення і духоўнага ўмацавання. Таму і свята гэта заўсёды ўрачыстае для кожнага верніка«, — сказаў Аляксандр Румак у размове з журналістамі БелТА.
Паводле яго слоў, Светлае Хрыстова Уваскрэсенне аб’ядноўвае ўсіх жыхароў Беларусі. У гэтым годзе так супала, што ў адзін дзень самае шануемае і радаснае свята царкоўнага календара, «свята свят», будуць адзначаць і праваслаўныя, і католікі, і прадстаўнікі евангельскіх цэркваў.
У гэты ж перыяд, на працягу тыдня, іўдзеі Беларусі і ўсяго свету адзначаюць сваё галоўнае рэлігійнае свята — Песах. Яно з’яўляецца напамінам аб адной з ключавых падзей біблейскай гісторыі — выхадзе яўрэяў з Егіпта.
— Супадзенне ў гэтых важнейшых для веруючых людзей падзей — сведчанне таго, што трэба жыць у міры і згодзе. Беларусь у гэтым плане дэманструе добры прыклад. Прадстаўнікі розных канфесій адчуваюць неабходнасць паважлівага стаўлення адзін да аднаго, прызнання кожнага чалавека, незалежна ад яго веравызнання або нацыянальнасці. Урачыстасць рэлігійнага яднання падштурхоўвае людзей да яднання ў соцыуме, у жыцці, — лічыць Аляксандр Румак.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пацвердзіў, што жыхары нашай краіны, з’яўляючыся прадстаўнікамі розных рэлігій і нацыянальнасцяў, жывуць і заўсёды жылі мірна і ў згодзе. Ён падкрэсліў, што ў падтрыманні гэтых асноў — вялікая роля дзяржавы.
— Безумоўна, паколькі дзяржава — гэта інстытут, які прызначаны арганізоўваць жыццё ў грамадстве так, каб паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў была згода. Наша дзяржава садзейнічае падтрыманню ўзаемаадносін і дружбы, — упэўнены ён. Для гэтага пры ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў створаны міжканфесійныя і міжэтнічныя кансультатыўныя саветы.
— Дзяржава імкнецца да таго, каб людзі і розных веравызнанняў, і розных нацыянальнасцяў былі ў дыялогу адзін з адным. Каб яны, збіраючыся на адной пляцоўцы, чулі адзін аднаго, абмяркоўвалі пытанні, якія датычацца ўсіх, — адзначыў Аляксандр Румак.
У якасці прыкладу ўпаўнаважаны расказаў аб удзеле прадстаўнікоў розных веравызнанняў у пасяджэннях міжканфесійнага савета, на якіх абмяркоўваліся змяненні ў Канстытуцыю, што планаваліся на той момант.
— Мы бачылі і чулі адзінства прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў па пытаннях сямейных адносін, умацавання інстытута сям’і ў нашым грамадстве, захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, якія важны і хрысціянам, і мусульманам, і іўдзеям, — сказаў ён.
Фота БелТА