Візіт расійскай дэлегацыі прымеркаваны да Міжнароднага года добраахвотнікаў у імя ўстойлівага развіцця, абвешчанага ААН на 2026 год. У цэнтры ўвагі была рэалізацыя сумеснага праекта, які аб’ядноўвае знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі і выкананне сацыяльна значных дабрачынных місій.
На Галоўным паштамце Мінска гасцей з Масквы сустрэлі першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена ДРАЗДОВІЧ і старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Анжаліка ДРОБАВА. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з працай сталічнага аддзялення сувязі № 50. Акрамя таго, яны наведалі «Паштовы салон», у якім прадстаўлена разнастайная друкаваная і сувенірная прадукцыя, а таксама экспазіцыя сучаснай беларускай філатэліі. Пасля гэтага расійская дэлегацыя накіравалася ў Гісторыка-інфармацыйны цэнтр сувязі, дзе азнаёмілася з гісторыяй развіцця паштовай справы на беларускіх землях.
Завяршальным пунктам маршруту стала наведванне Беларускай акадэміі сувязі, дзе прайшоў суботнік каля мемарыяльнага знака, прысвечанага ваенным сувязістам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым адбыўся ўрачысты мітынг, да манумента былі ўскладзены кветкі. Памяць аб героях вайны ўшанавалі хвілінай маўчання.
— Вельмі важна аддаваць даніну памяці тым, хто, не шкадуючы жыцця, рабіў ўсё магчымае, каб прыблізіць Вялікую Перамогу, — падкрэсліла валанцёр Мар’яна ШАПАВАЛЮК. — Мы вельмі ўдзячныя нашым калегам з РУП «Белпошта» за цёплы сардэчны прыём. Пабываць на сённяшнім мерапрыемстве было для нас не толькі прыемна, але і вельмі карысна. Калісьці і расійская пошта, і пошта Беларусі ўваходзілі ў адну структуру, а зараз развіццё нашых кампаній ідзе паралельна. У нечым мы адзін аднаго дапаўняем, нешта пераймаем, дзелімся вопытам і сваімі напрацоўкамі. Асабліва мне запомніліся крэатыўныя распрацоўкі беларусаў — маркі з духмяным пахам, электронныя паштоўкі, якія інтэрактыўна ажываюць, і шмат чаго цікавага.
— Дзякуй кіраўніцтву РУП «Белпошта» не толькі за цікавую і насычаную праграму нашага знаходжання ў Мінску, але і за тое, што нам шмат паказалі і расказалі пра жыццё беларускай сталіцы, — дапоўніла калегу валанцёр Лізавета АНДРЭЕВА. — Мінск — цудоўны, горад-прыгажун! Пастараемся часцей прыязджаць у вашу сталіцу і іншыя беларускія гарады прыватным чынам, каб лепш даведацца пра вашу дзіўную краіну. А яшчэ з задавальненнем будзем прымаць у сябе беларускіх калег у межах валанцёрскіх абменаў.
Падобныя кантакты збліжаюць і ўмацоўваюць адносіны з расійскімі калегамі, адзначыла Алена Драздовіч:
— Мы часта праводзім сумесныя сустрэчы, але яны ў асноўным датычацца вытворчай дзейнасці. А вось на ўзроўні валанцёрскага руху гэта першае падобнае мерапрыемства і, спадзяюся, не апошняе. Тут сабраліся неабыякавыя людзі, гатовыя на любую справу на карысць Радзіме.
Для РУП «Белпошта» развіццё карпаратыўнага валанцёрства з’яўляецца важным вектарам ідэалагічнай работы. Сустрэча з расійскімі калегамі — магчымасць не толькі абмяняцца эфектыўнымі практыкамі добраахвотніцтва, але і рэалізаваць сумесныя ініцыятывы, накіраваныя на ўмацаванне дружалюбных сувязей паміж паштовымі адміністрацыямі.
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота РУП «Белпошта»