Top.Mail.Ru

Руперт Грынт зноў выканае ролю Рона Уізлі

Ён сыграе ў брадвейскай пастаноўцы «Гары Потэр і Праклятае дзіця».


Брытанскі акцёр Руперт Грынт, які сыграў Рона Уізлі ва ўсіх васьмі фільмах пра Гары Потэра, зноў вернецца да гэтай ролі, але ўжо ў дарослым узросце. Аб гэтым паведамляе выданне The New York Times.

Пачынаючы з лютага наступнага года акцёр далучыцца да акцёрскага складу мюзікла на Брадвеі «Гары Потэр і Праклятае дзіця». Пастаноўка з’яўляецца працягам раманаў і фільмаў пра магічны сусвет. Яна ідзе ўжо з 2018 года.

Руперт Грынт плануе пачаць выступленні з 2 лютага і адыграць 12 тыдняў да 30 мая.


Акцёру было ўсяго 11 гадоў, калі ён упершыню сыграў ролю Рона Уізлі, які па сюжэце прыходзіцца блізкім сябрам чараўніка Гары Потэра. Зараз Руперту 38 гадоў, і яму зноў трэба будзе пераўвасобіцца ў Рона. Але і ў пастаноўцы па сюжэце героі сустракаюцца праз 19 гадоў пасля асноўных падзей, апісаных у апошняй кнізе Джоан Роўлінг.

«Не магу дачакацца, калі зноў сустрэнуся з ім на гэтым жыццёвым этапе. Ёсць нешта асаблівае ў тым, каб зноў прымерыць на сябе ролю Рона, калі мы абодва ўжо сталі бацькамі. Гэта адначасова і вельмі знаёма, і зусім нова», — падзяліўся Грынт.

Пасля таго як акцёр сыграў у фільмах пра Гары Потэра, ён працягнуў працу ў кіно і на тэлебачанні. Аднак выступленне ў брадвейскім мюзікле не з’яўляецца дэбютным. У 2014 годзе ён ужо выступаў у пастаноўцы п’есы Тэрэнса Макнелі «Гэта ўсяго толькі п’еса».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю