Top.Mail.Ru

Руплівыя гаспадары заўжды знойдуць сродкі, каб інвеставаць у будучыню

Асноўная мэта гэтай праграмы — стварэнне і развіццё інфраструктуры краіны: інжынернай, сацыяльнай, вытворчай і абароннай. Пры гэтым накіраванасць праграмы, размеркаванне яе сродкаў паміж абазначанымі сферамі павінны строга адпавядаць рэаліям часу. Ніводнай капейкі нельга траціць на тое, без чаго мы можам абысціся. Ключавы прынцып, якім трэба кіравацца: эканомія, эканомія, эканомія.


Аляксандр Лукашэнка падчас даклада аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестпраграмы на 2025 год.15 студзеня 2025 года

Дзяржаўная інвестпраграма пасля дапрацоўкі была зацверджана адпаведным указам кіраўніка дзяржавы 5 лютага. У ёй вытрыманы ўсе патрабаванні Прэзідэнта: і аб эканоміі, і аб эфектыўнасці аб’ектаў, што фінансуюцца, і аб сацыяльных прыярытэтах.

Кожная патрачаная капейка, як неаднаразова гаварыў Прэзідэнт Беларусі, павінна прынесці карысць людзям і дзяржаве, лічыць член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення Гандлёва-прамысловай палаты Ксенія Панцюхова. «Менавіта з пазіцыі рэальнай карысці, павышэння агульнага дабрабыту і якасці жыцця беларусаў распрацоўваюцца і зацвярджаюцца праекты інвестыцыйнай праграмы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў плане развіцця эканомікі бягучы год будзе нічым не лягчэйшы за папярэдні, што планаваць праекты трэба максімальна асцярожна і ўдумліва, з аглядкай на расійскі рынак. Эканомія — вось галоўны пасыл», — адзначае парламентарый. «Мы ганарымся тым, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, і таму не можам адкладваць будаўніцтва школ, бальніц, дарог, сацаб’ектаў, — кажа Ксенія Панцюхова. — Але неабходна ўдзяліць увагу і абароннаму комплексу, бо жыць пад мірным небам — непераходзячая каштоўнасць. Важна таксама адкрываць новыя вытворчасці, якія рухаюць наперад эканоміку, грамадства, усю нашу краіну. Руплівыя гаспадары заўсёды знойдуць сродкі, каб інвеставаць у будучыню.

Інвестпраграма шмат у чым сфарміравана так, каб максімальна садзейнічаць рэалізацыі ў краіне Года добраўпарадкавання, а гэта значыць, што акцэнт зроблены на інфраструктурных праектах, зазначае член Савета Рэспублікі, старшыня Ушацкага раённага савета дэпутатаў Наталля Марковіч. І прыводзіць у прыклад свой раён: «Ушачане, напрыклад, адразу заўважылі, што ў праграму ўключана рэканструкцыя аўтадарогі Р-46, якая праходзіць праз Ушацкі раён, і работы тым часам на гэтай важнай дарожнай артэрыі ідуць поўным ходам. Калі прааналізаваць геаграфію праектаў, большасць знаходзяцца не ў сталіцы, а гэта значыць, што робіцца ўсё магчымае, каб грамадзяне Беларусі жылі аднолькава камфортна ў любым населеным пункце краіны».

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Андрэй Балыш звяртае ўвагу яшчэ на адзін важны праект дзяржінвестпраграмы: «Адным з ключавых кірункаў гэтай праграмы з’яўляецца ўвага да пытанняў меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння, падтрымка з боку дзяржавы аграрнага сектара і стварэнне ўмоў для ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу ў цэлым. Асноўнае фінансаванне будзе накіравана на захаванне і пашырэнне сельскагаспадарчых зямель шляхам мерапрыемстваў па меліярацыі; будаўніцтва, у тым ліку рэканструкцыю асушальных, асушальна-ўвільгатняльных сістэм і асноўных збудаванняў меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм».

Гэтыя ўкладанні абавязкова акупяць сябе, лічыць дэпутат: «Павышаючы эфектыўнасць і прадукцыйнасць сельгасугоддзяў, тым самым мы адаптуемся да змяненняў кліматычных умоў, а гэта, несумненна, будзе садзейнічаць умацаванню харчовай бяспекі краіны, дасць магчымасць забяспечыць грамадзян яшчэ больш якаснай прадукцыяй сельскагаспадарчай вытворчасці і будзе спрыяльна ўплываць на далейшае павелічэнне экспартнага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю