Top.Mail.Ru

Рыма Ханінава: Агульнымі намаганнямі мы здолеем паспрыяць збліжэнню нашых літаратур

З Рымай Ханінавай, паэтэсай, празаікам, літаратуразнаўцам з Элісты (Расійская Федэрацыя) добра знаёмы чытач газеты «Літаратура і мастацтва». Дачка беларускага партызана Мішы Чорнага, калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава, які за ўдзел у партызанскім руху адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга, кнігі якога выходзілі і на беларускай мове, Рыма Міхайлаўна робіць неверагодна шмат для захавання гістарычнай памяці пра ваеннае ліхалецце. А нядаўна Ханінаву прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. 


— Аснову вашых прац у літаратуразнаўстве, публіцыстыцы ў значнай ступені складае ўвага да творчасці бацькі — франтавога, партызанскага паэта, празаіка Міхаіла Хонінава. Вы неверагодна шмат зрабілі для пашырэння прасторы яго мастацкіх адкрыццяў... Наколькі вас падтрымліваюць у гэтых клопатах дзяржаўныя, грамадскія інстытуты? 

— Я шмат гадоў займаюся вывучэннем рускай і калмыцкай літаратур, аўтар дзясяткаў манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, хрэстаматый, артыкулаў у гэтым кірунку. Пасля таго, як бацька пайшоў з жыцця ў канцы мінулага стагоддзя, і да гэтага часу займаюся і яго мастацкай спадчынай у фармаце манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, хрэстаматый, артыкулаў. Змяшчаю яго творы ў друку, перакладаю яго творы на рускую мову, выдаю яго кнігі, у тым ліку і сумесныя. На жаль, гэтыя кнігі даводзіцца выдаваць за сямейны кошт ужо з 1991 года, тады выйшла мастацка-дакументальная аповесць «Бітва прадаўжаецца» — пра беларускі перыяд яго партызанскай барацьбы ў 1942–1944 гадах. Дзякуючы Калмыцкаму навуковаму цэнтру Расійскай акадэміі навук распачалося выданне збору яго твораў на калмыцкай мове (2018), да 100-гадовага юбілею праведзена ўсерасійская з міжнародным удзелам навуковая канферэнцыя, надрукавана анталогія аднаго верша «Стану чырвоным цюльпанам» на мовах народаў Расіі і свету (2021).

— Ведаю, што ў анталогіі ёсць і беларускія пераклады знакамітага твора...

— Так, я ўключыла ў яе пераклад верша, які ў свой час здзейсніў вядомы беларускі паэт Аляксей Пысін, а таксама пераклад Таццяны Сівец, якую смела магу назваць прапагандыстам творчасці Міхаіла Хонінава ў сучаснай Беларусі... Добрыя словы ўдзячнасці за пераклады твораў Міхаіла Хонінава на беларускую мову хацела б адрасаваць і Рагнеду Малахоўскаму, і Адаму Шостаку. 

У свой час бацькоўскую творчасць у этнапедагагічным аспекце разгледзела мая малодшая сястра Эльза, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю. 

— Тэма вайны, паважлівага стаўлення да ваеннай памяці — ці захоўваецца ўсё гэта ў сэрцах маладых людзей у Элісце, у Калмыкіі?

— Так, у апошні час тэма Вялікай Айчыннай вайны, гістарычная памяць пра яе герояў у бітвах і ў тыле становяцца болей актуальнымі. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі над нямецкім фашызмам, у год, абвешчаны ў Расіі годам абаронца Айчыны, усё болей відавочная неабходнасць захавання гістарычнай праўды аб мінулым, абароны яе ад фальсіфікацыі і скажэння, неабходнасць яднання народа ў імя міра і справядлівасці. Праводзіцца вялікая работа ў гэтым кірунку, у тым ліку і праз кніжныя праекты. Напярэдадні знакавай даты ў выдавецтве Калмыцкага навуковага цэнтра выйшла складзеная мною анталогія «Перамога», у якой прадстаўлены вершы і апавяданні калмыцкіх пісьменнікаў розных пакаленняў пра Вялікую Айчынную вайну на калмыцкай і рускай мовах. На жаль, сярод аўтараў няма моладзі, у яе няма твораў, адрасаваных гэтай тэме. Я ўключыла ў анталогію свае новыя балады пра вайну, напісаныя на аснове рэальных гісторый, — «Баладу пра кароў» і «Баладу пра дзяцінства». 

— Вы часты госць у Беларусі... Некаторыя вашы ўражанні пра сённяшні дзень рэспублікі, свабоду якой са зброяй у руках бараніў партызан і паэт Міхаіл Хонінаў... 

— Я рада, што змагла пабываць у Беларусі ў гэтыя гады. Раней частымі гасцямі былі мае бацькі і малодшы брат Айта. Па запрашэнні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюза пісьменнікаў Беларусі я брала ўдзел ў Міжнародных кніжных выстаўках-кірмашах, міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час», дзе пазнаёмілася як з беларускімі калегамі, так і з калегамі з Расіі і іншых краін. У гэтым плане Беларусь — знакавая пляцоўка для міжнародных літаратурных кантактаў пісьменнікаў: тут завязваюцца знаёмствы, пачынаецца творчае супрацоўніцтва, у тым ліку і праз перакладчыцкую дзейнасць; узаемныя публікацыі, абмен вопытам, садзейнічанне пашырэнню літаратурнага працэсу і прасторы. Асабліва рада таму, што ў Беларусі не забываюць сваіх абаронцаў у гады вайны, зберагаюць іх памяць, захоўваюць іх творчую спадчыну. Міхаіл Хонінаў — ганаровы грамадзянін горада Беразіно Мінскай вобласці, там ёсць вуліца яго імя, а цяпер і мемарыяльная дошка на доме № 29. Я пабывала на адкрыцці мемарыяльнай дошкі 8 лютага 2019 года. Сябрую з супрацоўнікамі Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія шмат робяць дзеля захавання памяці пра майго бацьку. Сябрую і з супрацоўнікамі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, абменьваемся інфармацыяй. Я дару беларускім бібліятэкам кнігі пра жыццё і творчасць Міхаіла Хонінава. 

Я наведала літаратурныя музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, музей-майстэрню Заіра Азгура, Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, тыя мясціны, з якімі звязаны ваенны і літаратурны лёс Міхаіла Хонінава. Гэта бацькоўскія пераклады класікаў беларускай літаратуры на калмыцкую мову, гэта бацькоўскі бюст работы народнага мастака СССР Заіра Азгура, гэта матэрыялы пра яго партызанскую біяграфію.

— Як вы ацэньваеце сённяшні ўзровень стану беларуска-калмыцкіх літаратурных сувязей? Што, на ваш погляд, патрабуе большай увагі?

— На пачатку 1960-х гадоў, дзякуючы Міхаілу Хонінаву і народнаму паэту Беларусі Петрусю Броўку, пачаліся актыўныя літаратурныя кантакты паміж нашымі народамі. Гэта і ўзаемныя публікацыі твораў, і іх пераклады, кніжныя выданні на калмыцкай і беларускай мовах, напрыклад зборнікі Давіда Кугульцінава, Міхаіла Хонінава, Янкі Купалы, гутаркі, нататкі, артыкулы, успаміны. У 1940 годзе Максім Танк пабываў у Элісце на святкаванні 500-годдзя калмыцкага гераічнага эпасу «Джангар», у яго ёсць некалькі вершаў на калмыцкую тэму: «Піяла», «Мендэ». Беларуская тэма — адна з галоўных у творчасці майго бацькі. Цяпер гэтую эстафету падхапіла і я. У мяне вершы і апавяданні на беларускую тэму надрукаваны тут, у Мінску, у газетах і часопісах, у тым ліку і перакладзеныя на беларускую мову. У маскоўскай «Литературной газете» былі надрукаваны мае апавяданні на тэму пра вайну — «Сцяг» і «Карціна», прысвечаныя рэальным героям-беларусам. Адно з такіх апавяданняў у беларускім перакладзе «Сан Саныч» надрукавана ў Мінску. 

Міхась Пазнякоў і Эрдні Эльдышаў узаемна выдалі свае кнігі вершаў у калмыцкім і беларускім перакладах. Творы сучасных пісьменнікаў Калмыкіі і Беларусі з’яўляюцца ў перыядычным друку. Другі ўзровень літаратурных стасункаў — анталогіі. Можа быць, у будучыні і атрымаецца абмяняцца такімі анталогіямі твораў. Акрамя таго, неабходна літаратурная крытыка. У гэтым аспекце ёсць мае артыкулы, у тым ліку і сумесныя з Алесем Карлюкевічам, пра нашы літаратурныя сувязі, пра літаратурныя стасункі нашых класікаў — Міхаіла Хонінава і народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 

— Якой вам уяўляецца будучыня нацыянальных літаратур — беларускай і калмыцкай? 

— Мы ўжо з калегамі, гасцямі міжнародных кніжных выставак-кірмашоў і міжнародных сімпозіумаў літаратараў «Пісьменнік і час», у Мінску абменьваліся меркаваннямі з нагоды сучаснага літаратурнага працэсу ў сваіх краінах і ў Беларусі. Выказалі захапленне тым, як ажыццяўляецца дзяржаўная падтрымка літаратуры ў вас, што рэалізуецца ў розных фарматах, у тым ліку праз кніжныя праекты. Галоўнае для літаратуры — гэта пераемнасць пакаленняў, з’яўленне маладых талентаў. У нас, у Калмыкіі, цяпер адбываецца змена пакаленняў і моладзь не валодае роднай мовай, у асноўным арыентуецца на рускамоўнага чытача, адбываецца нейкі разрыў з нацыянальнай традыцыяй. Гэта рэаліі часу. Адно з выйсцяў бачу ў тым, каб гэтая рускамоўная творчасць выяўляла нацыянальную ідэнтычнасць, такім чынам ахоўвала сувязь з гісторыяй калмыцкага прыгожага пісьменства. Дапамогу ў гэтым можа аказаць і літаратурная крытыка. Будучыня беларускай літаратуры мне бачыцца болей цэласнай, мяркуючы па дзяржаўнай палітыцы, па тых намаганнях, якія праяўляюць пісьменніцкая супольнасць, кнігавыдавецкая сістэма. Як заўсёды, вялікая роля ў гэтым плане належыць энтузіястам, рупліўцам нацыянальных літаратур, якія шмат робяць для кансалідацыі творчых сіл, міжнародных літаратурных кантактаў, выступаючы паўнамоцнымі прадстаўнікамі міра і культуры.

Ганаруся тым, што была прынята ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Для мяне гонар прадстаўляць калмыцкую пісьменніцкую грамаду на беларускай прасторы. Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі мы здолеем паспрыяць збліжэнню нашых літаратур, іх будучыні. 

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю