Top.Mail.Ru

Рынак анлайн-гандлю ў Беларусі за 2020—2024 гады вырас у 28 разоў

Рост папулярнасці інтэрнэт-пакупак у Беларусі патрабуе павышанай увагі да рэгулявання адносін прадаўца і пакупніка. Пра тое, як за апошнія гады змяніўся рынак інтэрнэт-гандлю, расказалі прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Беларускага таварыства абароны спажыўцоў.


Намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Юрый Пыр’еў адзначыў, што сёння ў нашай краіне назіраецца змена пакупніцкіх звычак. Паводле яго слоў, беларускія спажыўцы ўсё больш давяраюць інтэрнэт-пляцоўкам, што абумоўлена высокім узроўнем сэрвісу, зручнасцю дастаўкі, развітой лагістыкай і шырокай сеткай пунктаў выдачы заказаў іх тавараў. 

Статыстыка Гандлёвага рэестра Рэспублікі Беларусь пацвярджае гэту тэндэнцыю. Так, за перыяд з 2021 па 2025 год колькасць інтэрнэт-магазінаў у краіне павялічылася ў 2,6 раза, дасягнуўшы на 1 студзеня 2026 года адзнакі ў 26,4 тысячы. Зрэшты, да 1 красавіка бягучага года іх колькасць крыху скарацілася, склаўшы 24,9 тысячы. Пры гэтым рознічны гандаль праз інтэрнэт сёння вядуць 16,8 тысячы суб’ектаў гаспадарання. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за 2021—2024 гады ўдзельная вага рознічнага тавараабароту інтэрнэт-магазінаў у агульным аб’ёме вырасла ўдвая і цяпер складае 11,7 %.


Акрамя таго, з 2020 года колькасць акаўнтаў карыстальнікаў на інтэрнэт-пляцоўках павялічылася ў 4,7 раза, а колькасць прадаўцоў — у 1,8 раза. Сёння ў краіне функцыянуе 9 аб’ектаў лагістычнай інфраструктуры — складоў і размеркавальных цэнтраў — агульнай плошчай 39,6 мільёна квадратных метраў. Уражваюць і лічбы інфраструктуры дастаўкі: колькасць пунктаў выдачы заказаў вырасла ў 10,8 раза. Паводле ацэнак Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, аб’ём рынку інтэрнэт-пляцовак за 2020—2024 гады вырас у 28 разоў, па выніках 2024-га дасягнуўшы 5,4 мільярда беларускіх рублёў. 

Але бурны рост анлайн-гандлю выявіў і шэраг праблем, з якімі часам могуць сутыкнуцца пакупнікі. Толькі за 2025 год у Беларускае таварыства абароны спажыўцоў паступіла каля 13 тысяч зваротаў, падкрэсліла Ганна Суша, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў». Паводле яе слоў, скаргі паступаюць самыя розныя, тым не менш прыкладна 60 % усіх прэтэнзій звязана з незадаволенасцю набытым праз інтэрнэт таварам: не той колер, якасць, неадпаведнасць фактычнага тавару заяўленаму і гэтак далей.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю