Top.Mail.Ru

Рынак працы: сітуацыя паляпшаецца

Эканамічны рост і праактыўная інвестыцыйная палітыка ўрада стымулюе попыт на кадры, які, у сваю чаргу, уплывае на рост заробкаў і змяншэнне ўзроўню беспрацоўя ў краіне. Такія высновы можна зрабіць, калі прааналізаваць апошнія даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.


У другой палове 2024 года сітуацыя на рынку працы выйшла на станоўчы трэнд. Па афіцыйных статыстычных даных, у лістападзе ў эканоміцы Беларусі было занята 4120,5 тыс. чалавек (у параўнанні з папярэднім месяцам рост на 3 тыс.); у кастрычніку — 4117,5 тыс. чалавек (+8,8 тыс.); верасні — 4108,7 тыс. чалавек (-9,8 тыс.); у жніўні — 4118,5 тыс. (+3,6 тыс.); у ліпені — 4114,9 тыс. (+1,4 тыс.).

Аб прынцыповым паляпшэнні сітуацыі на рынку працы сведчыць і скарачэнне беспрацоўя да рэкорднага ўзроўню. Па выніках ІІІ квартала 2024 года, узровень беспрацоўя ў Беларусі, разлічаны па метадалогіі МАП, склаў 2,9% ад агульнай колькасці рабочай сілы. На 1 лістапада 2024 года на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзіліся 3,7 тыс. чалавек. На гэту ж дату наймальнікамі былі заяўлены звесткі аб наяўнасці 163,7 тыс. свабодных рабочых месцаў, з іх больш як 12 тыс. з выдзяленнем жылля. Попыт на работнікаў па прафесіях рабочых спецыяльнасцяў склаў 68% ад агульнай колькасці вакансій.

Што датычыцца сярэдняй заработнай платы, то тут назіраецца рост шосты месяц запар. Прычым тэмпамі, якія перавышаюць рост ВУП. З аднаго боку, гэта стымулюе рост рэальных даходаў насельніцтва. З другога — у сярэднетэрміновай перспектыве пры захаванні цяперашняга ўзроўню прадукцыйнасці працы магчыма зніжэнне ўзроўню рэнтабельнасці прадпрыемстваў.

Назіраецца і рост працоўнай міграцыі. За апошнія два гады гэты паказчык вырас у паўтара раза. У Беларусі працуе звыш 60 тысяч замежных грамадзян з больш чым 130 краін. На такія сферы, як прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, транспартная дзейнасць, прыпадае каля 2/3 ад агульнай колькасці працоўных мігрантаў. Большая частка працоўных мігрантаў закрывае патрэбу ў рабочых спецыяльнасцях.

Варта адзначыць, што беларускае заканадаўства забяспечвае абарону нацыянальнага рынку працы. У прыватнасці, дзейнічае правіла, у адпаведнасці з якім прыём на работу іншаземца дапускаецца толькі пры ўмове, што вакансія не запатрабавана з боку грамадзян Беларусі. Пры гэтым у 2023 годзе ўведзены спрошчаны доступ замежных грамадзян для работы па найбольш запатрабаваных прафесіях. Мінпрацы і сацыяльнай абароны штогод распрацоўвае пералік прафесій, на якія можна прыцягваць іншаземцаў без спецыяльнага дазволу. Калі першапачаткова такі спіс уключаў 10 прафесій, то сёння гэта 53 пазіцыі. Але новыя выклікі ставяць на парадак дня яго ўдасканальванне.

Нягледзячы на тое што ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі мы маем адзіны рынак працы, сітуацыя неадназначная і ўяўляе пэўную пагрозу для беларускіх вытворцаў. 

З мэтай выпрацоўкі сістэмных мер па гэтай праблематыцы беларускі ўрад толькі ў мінулым годзе распрацаваў і зацвердзіў шэраг стратэгічных і тактычных ініцыятыў.

  • Указам № 1 ад 03.01.2024 і пастановай Саўміна № 48 ад 23.01.2024 адпаведна зацверджаны Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі і Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі на 2024–2028 гады.
  •  Указам № 105 ад 21.03.2024 «Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях» прадугледжваецца магчымасць па ўзгадненні з прафсаюзам і са згоды работнікаў павялічваць ліміт звышурочных работ і работ у выхадныя дні, калі ёсць абгрунтаваная вытворчая і эканамічная неабходнасць.
  • Указам № 402 ад 29.10.2024 «Аб сацыяльнай падтрымцы» вызначаны шэраг новых мер па ўзмацненні сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян. У прыватнасці, прадугледжваецца адмена абмежавання на памер пенсіі працоўным пенсіянерам. З улікам таго што ў Беларусі працягвае працаваць каля 445 тыс., або 21,5% ад агульнай колькасці пенсіянераў, гэты дакумент не толькі павышае пенсіённыя выплаты, але і стварае стымул як мага даўжэй працягваць працоўную дзейнасць. А наймальнікам гэта дасць магчымасць дадаткова прыцягнуць або затрымаць на рабоце спецыялістаў з вялікім досведам.

У той жа час вырашэнне бягучых праблем на рынку працы ў цэлым знаходзіцца не толькі ў рамках росту колькасці працоўных рэсурсаў. Як сведчыць не толькі сусветны вопыт, але і практыка шэрагу айчынных прадпрыемстваў, значны ўнёсак можа зрабіць і павышэнне якасных паказчыкаў.

У прыватнасці, эфектыўны спосаб пазбегнуць катастрафічнага недахопу работнікаў — апераджальнымі тэмпамі павялічваць прадукцыйнасць працы. Разлікі беларускіх эканамістаў паказалі, што наша краіна па эфектыўнасці выкарыстання рабочых рук хоць і займае 71-е месца са 168 краін свету, але ў параўнанні з эканамічна развітымі краінамі прадукцыйнасць працы ў Беларусі ніжэйшая ў разы. Для дасягнення парытэту з апошнімі неабходна, каб рост прадукцыйнасці складаў штогод 2,4%, гэта значыць удвая больш за сярэдні паказчык за апошнія дзесяць гадоў. З улікам таго што кіраўнік дзяржавы анансаваў наступнае пяцігоддзе як «пяцігодку якасці», уяўляецца мэтазгодным разгледзець магчымасць уключэння вышэйназванага паказчыка ў якасці мэтавага.
У заключэнне некалькі рэкамендацый як кіраўнікам беларускіх кампаній, так і іх эйчарам.

  • Ва ўмовах дэфіцыту спецыялістаў з практычнымі навыкамі работы варта прыгледзецца да патэнцыяльных кандыдатаў без профільнай вышэйшай або спецыяльнай адукацыі або з незакончанай вышэйшай, але якія маюць практычны вопыт у сваёй сферы. Пры наяўнасці шматлікіх навучальных анлайн-платформаў, а галоўнае — жадання, такіх людзей апошнім часам становіцца ўсё больш. І гэта нядрэнная крыніца кадраў для вашай кампаніі.
  • Яшчэ адна парада — гэта настаўніцтва. Пастаяннае, а галоўнае сістэмнае навучанне і перадача назапашанага досведу не толькі моладзі, але і сваім калегам, павінна стаць паўсядзённай практыкай не толькі для падрыхтоўкі кіраўніцкага «кадравага рэзерву», але і для лінейных падраздзяленняў. Прынцып «звальняешся — падрыхтуй на сваё месца два-тры спецыялісты» павінен стаць неад’емнай умовай кантракта падчас найму работніка на ключавыя пасады.

Георгій Грыц, кандыдат эканамічных навук.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю