У Пружанскім раёне стартавала пасяўная кампанія — у ААТ «Шані-аграпрадукт» работы набіраюць тэмп, трэба ўсё паспець у аптымальныя тэрміны.
У аграгарадку Шані Пружанскага раёна сельскагаспадарчы сезон увайшоў у актыўную фазу. У ААТ «Шані-аграпрадукт» сяўба ранніх яравых культур пачалася 21 сакавіка, а работы па перазалужэнні шматгадовых траў яшчэ раней — 4 сакавіка. Як адзначае намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр СКРЫПКО, гаспадарка падышла да адказнага перыяду цалкам падрыхтаванай:
— Мы ацэньваем гатоўнасць да пасяўной на сто працэнтаў: тэхніка ў спраўным стане, сфарміраваны ўсе звёны, у поўным аб’ёме забяспечаны насеннем, угнаеннямі і сродкамі аховы раслін.
Цяпер у гаспадарцы працягваюцца работы па закрыцці вільгаці і падрыхтоўцы глебы. Разам з тым сёлетняя вясна ўнесла свае карэктывы. Зімовы перыяд быў дастаткова снежным, што прывяло да пераўвільгатнення палёў.
— Умовы не тыя, што ў мінулым годзе. Мы пачалі з больш высокіх участкаў, а па меры падсыхання глебы паступова пераходзім на нізіны, — расказвае спецыяліст.

Сёлета ў гаспадарцы плануюць засеяць 2 885 га яравых культур. Асноўную долю зойме кукуруза на сілас — 1 300 га. Значныя плошчы адведзены пад цукровыя буракі (350 га), яравы ячмень (400 га) і кукурузу на зерне (370 га). Акрамя таго, будуць пасеяны зернебабовыя культуры і грэчка, правядуць перазалужэнне на плошчы 400 га.
У кожнага поля — свая гісторыя
Аснова пад будучы ўраджай была закладзена яшчэ восенню — узворванне пад зябь праведзена своечасова. Сёння ж галоўная задача — выканаць усе работы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Значную ролю ў гэтым адыгрывае тэхнічнае забеспячэнне. Больш за палову машынна-трактарнага парка — айчыннай вытворчасці. Пры гэтым гаспадарка актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі: частка трактароў абсталявана сістэмамі аўтаматычнага падрульвання, а тэхніка для ўнясення ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін — курсавымі ўказальнікамі.
Важным інструментам у рабоце аграрыяў стала і лічбавая сістэма «Гісторыя поля». З яе дапамогай спецыялісты кантралююць севазварот, адсочваюць развіццё культур, аналізуюць унясенне ўгнаенняў і сродкаў аховы, а таксама прагназуюць ураджайнасць з улікам метэаўмоў.
— Сітуацыя на палях змяняецца літаральна штогадзінна. Сонца і вецер хутка падсушваюць глебу, таму нашы аграномы пастаянна карэкціруюць дзеянні, — кажа Аляксандр Скрыпко.
Дарэчы, пасяўную ранніх яравых культур у гаспадарцы плануюць завяршыць усяго за шэсць дзён. Работы арганізаваны ў адну змену — з сямі раніцы да сямі вечара, пры гэтым для работнікаў наладжана харчаванне непасрэдна ў полі.
Сур’ёзныя планы + спрыяльныя ўмовы
У гаспадарцы ставяць перад сабой амбіцыйныя задачы. Пры спрыяльных умовах плануецца атрымаць больш за 10 тыс. тон зерня з ураджайнасцю каля 45 ц/га, а таксама звыш 20 тыс. тон цукровых буракоў.
Асобная ўвага ўдзяляецца строгаму выкананню тэхналогій, выкарыстанню раяніраваных сартоў і гібрыдаў, сістэмнай рабоце з угнаеннямі. Паралельна вядзецца апрацоўка рапсавых палёў для абароны ад шкоднікаў. Аднак галоўным фактарам, які можа паўплываць на вынік, застаецца надвор’е.
— Самая складаная сітуацыя — калі ў працэс умешваецца дождж або замаразкі. Тады даводзіцца спыняць работы і чакаць. Гэта ўплывае на тэрміны і ўраджай, — адзначае спецыяліст.
У мінулым годзе аграрыі ўжо сутыкнуліся з тым, што працяглыя вясновыя замаразкі негатыўна адбіліся на выніках. Таму сёлета ў гаспадарцы з надзеяй глядзяць на неба і разлічваюць, што умовы будуць спрыяльнымі.

Па зададзенай траекторыі
Пра асаблівасці цяперашняй пасяўной кампаніі расказаў аграном па кормавытворчасці Мікалай ПЕКУН. Ён таксама падкрэслівае, што галоўнымі фактарамі, якія ўплываюць на ход работ, застаюцца надвор’е і стан глебы:
— Вясна сёлета прыйшла даволі рана, снег хутка сышоў, але не ўсе ўчасткі адразу гатовыя да сяўбы. Ёсць пераўвільготненыя месцы, нізіны, дзе пакуль немагчыма паўнавартасна працаваць.
У той жа час у гаспадарцы актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі. Для падрыхтоўкі глебы задзейнічана шыроказахопная тэхніка, а пасяўныя агрэгаты абсталяваны сістэмамі спадарожнікавага навядзення.
— Трактар фактычна рухаецца па зададзенай траекторыі з дапамогай GPS. Гэта дазваляе дасягнуць максімальнай роўнасці радкоў і знізіць уплыў чалавечага фактару, — тлумачыць аграном.
Сучасная электроніка таксама дапамагае кантраляваць працэс сяўбы: за ім сочаць датчыкі, якія ў выпадку збою адразу падаюць сігнал у кабіну механізатара — гэта дазваляе аператыўна рэагаваць і мінімізаваць страты.
Што датычыцца ўгнаенняў, у гэтым годзе выкарыстоўваецца стандартны комплекс мінеральных рэчываў, удакладняе Мікалай Пекун:
— Уносілі калійныя і фосфарныя ўгнаенні, а перад сяўбой — азот у вадкай форме. Арганіку на гэтых палях не прымянялі, бо яна ўносілася раней і працягвае працаваць у глебе.
Ацэньваючы перспектывы ўраджаю, спецыяліст застаецца асцярожным у прагнозах:
— Зноў жа, усё будзе залежаць ад надвор’я. Каб даць дружныя ўсходы, насенню патрэбна цяпло. Калі ж захаваецца халоднае надвор’е або вернуцца замаразкі, гэта можа паўплываць на вынік.
Разам з тым ёсць і станоўчыя перадумовы.
— Зіму перажылі добра, азімыя культуры, у тым ліку рапс, захаваліся. Таму, калі ўмовы будуць спрыяльнымі, ёсць усе шанцы атрымаць годны ўраджай, — падсумоўвае Мікалай Пекун.
Пасяўная ў Шанях — гэта не толькі тэхналогіі і дакладныя разлікі, але і штодзённая праца людзей, адданых сваёй справе. І менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць, якім будзе будучы ўраджай.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ