Беларусь не стане ўвязвацца ў гонку ўзбраенняў і не дазволіць уцягнуць сябе ў яе. Аб гэтым міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю індыйскаму выданню CNN-News18, паведамляе БелТА.
«Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі і комплексу „Арэшнік“, здольнага несці гэту зброю, які ў прынцыпе з’яўляецца магутнейшай зброяй нават без ядзернага зарада, — вымушаная мера, якую Беларусь прыняла сумесна са сваім саюзнікам — Расійскай Федэрацыяй. Назіраючы за ступенню эскалацыі і той маштабнай мілітарызацыяй, якія разгарнулася сёння ва ўсіх сумежных з Рэспублікай Беларусь краінах, якія ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, мы былі абавязаны зрабіць захады ў адказ», — сказаў міністр.
Кіраўнік МЗС звярнуў увагу, што кантынгент НАТА, які дзейнічае ў краінах Балтыі на пастаяннай аснове, налічвае каля 30 тыс. ваеннаслужачых. Польшча аб’явіла аб планах стварыць буйнейшую армію ў Еўропе. Актыўна ўзбройваецца Германія, на ўзбраенне прымаюцца новыя ўзоры тэхнікі.
«Сучасныя віды ўзбраенняў закупляюцца на мільярды долараў. Члены НАТА на ўсходнім флангу нарошчваюць расходы на ўзбраенні аж да 5% ВУП. І справа не абмяжоўваецца аднымі планамі: краіны сапраўды пачынаюць закупляць каласальныя аб’ёмы ўзбраенняў — зразумела, на шкоду праграмам сацыяльнай падтрымкі і развіццю ўласнай інфраструктуры», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Ён падкрэсліў, што мілітарызацыя па перыметры беларускай граніцы ідзе такімі тэмпамі, што ў беларускага боку ўзнікаюць сур’ёзныя пытанні адносна таго, якое прызначэнне гэтай зброі.
«Калі генералы НАТА заяўляюць, што канфлікт з Расіяй можа стаць непазбежным у 2029-2030 гадах, у нас, зразумела, узнікаюць цалкам абгрунтаваныя пытанні. Сёння канфлікт з Расіяй можа прайсці толькі праз нашу тэрыторыю або праз тэрыторыю Украіны. І што ў сувязі з гэтым прымаецца ў Беларусі?» — задаў рытарычнае пытанне дыпламат.
Паводле яго слоў, гнацца за тэмпамі нарошчвання звычайных узбраенняў, як гэта адбываецца ў Еўрапейскім саюзе, для Беларусі непрымальна. Гэта азначала б канфіскацыю вялікіх фінансавых сродкаў з сацыяльных праграм, пенсійннага забеспячэння, праграм дапамогі шматдзетным сем’ям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама з будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры.
«Вядома, мы не станем увязвацца ў гонку ўзбраенняў. Мы не дазволім уцягнуць сябе ў яе, як у свой час Захад вымусіў уцягнуцца ў гонку ўзбраенняў Савецкі Саюз. Таму мы падпісалі з Расійскай Федэрацыяй пагадненне аб гарантыях бяспекі. У рамках гэтага пагаднення на тэрыторыі нашай краіны былі размешчаны тактычная ядзерная зброя і комплекс „Арэшнік“. Мы зыходзім з таго, што наяўнасць такой зброі ў Рэспубліцы Беларусь і гіпатэтычна магчымы непрымальны ўрон для нашых суседзяў у выпадку яго прымянення натуральным чынам утрымаюць іх нават ад самой думкі аб нападзенні на нашу тэрыторыю. І замест неабходнасці закупляць звычайныя ўзбраенні на мільярды долараў мы выкарыстоўваем менавіта такі механізм абароны нашых інтарэсаў», — заявіў Максім Рыжанкоў.