Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю ТАСС параўнаў Мінск, Маскву і Нью-Ёрк і расказаў, у чым ён бачыць галоўнае адрозненне паміж імі, паведамляе БелТА.
Міністр прызнаўся, што яму не падабаецца Нью-Ёрк, які ён наведваў тры разы для ўдзелу ў мерапрыемствах Генеральнай Асамблеі ААН. «Мне абсалютна не падабаецца вось гэта ўсё вакол, што мяне акружае: бетон, сталь, шкло, вузкія гэтыя вуліцы, нейкія шумныя вялізныя машыны, заторы. Мне гэта не падабаецца, — прызнаўся Максім Рыжанкоў. — Я вельмі люблю за гэта Мінск. Мінск значна чысцейшы, значна больш акуратны, значна больш зялёны».
Паводле яго слоў, у Мінску «дыхаць не проста можна, але і хочацца дыхаць», а сам горад успрымаецца больш спакойна і душэўна.
Маскву беларускі дыпламат назваў у пэўнай ступені падобнай да Нью-Ёрка, аднак адзначыў, што расійская сталіца яму падабаецца значна больш, паколькі, паводле яго слоў, яна «насычана сваім духам, нашым славянскім духам».