Top.Mail.Ru

Рыжанкоў: Поспех краін з сярэднім узроўнем даходу — пытанне, якое павінна хваляваць усю сістэму ААН

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў выступіў на міністэрскай сустрэчы групы аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу, прысвечанай тэме «Актывізацыя супрацоўніцтва ў мэтах развіцця краін з сярэднім узроўнем даходу». Мерапрыемства прайшло ў рамках 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе БелТА.



Група аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу была створана ў 2016 годзе па ініцыятыве Беларусі і Коста-Рыкі. На працягу апошняга года яе дзейнасцю кіравалі Філіпіны. 

«Статус краін з сярэднім узроўнем даходу паказвае, што нам удалося дасягнуць значнага прагрэсу ў развіцці. Аднак нашы дасягненні пакуль носяць адносны характар, і наперадзе шмат работы. Невыпадкова эксперты часта называюць сітуацыю ў нашых краінах „пасткай сярэдняга даходу“. Сапраўды, мы фактычна „захраслі“: нашым эканомікам неабходны новыя драйверы росту, інавацый і развіцця. Калі мы не зможам іх выкарыстоўваць, ёсць рызыка вярнуцца да ўзроўню, на якім знаходзіліся многія з нас раней», — адзначыў Максім Рыжанкоў. 

З іншага боку, дадаў міністр, калі краінам удасца пераадолець гэтыя цяжкасці, яны змогуць выйсці на значна больш высокі ўзровень развіцця і стаць больш значнымі донарамі ў сістэме ААН, аказваючы падтрымку найменш развітым краінам.

«Таму поспех краін з сярэднім узроўнем даходу — пытанне, якое павінна хваляваць усю сістэму ААН, а не толькі нашу групу. Менавіта таму важна рэгулярна праводзіць на Генеральнай Асамблеі сустрэчы на вышэйшым узроўні, прысвечаныя гэтым краінам», — перакананы ён. 

У гэтым кантэксце ён асабліва адзначыў два дакументы для краін з сярэднім узроўнем даходу — Стратэгічны план дзеянняў і Міжустаноўскі агульнасістэмны план рэагавання. 

«Давайце працаваць сумесна, каб прасунуць гэтыя ідэі ў праекце двухгадовай рэзалюцыі па тэме „Развіццё супрацоўніцтва з краінамі з сярэднім узроўнем даходу“. Беларусь гатова ўнесці свой уклад. Мы цвёрда перакананыя: поспех магчымы толькі сумеснымі намаганнямі. Толькі так наш голас будзе пачуты і прыняты да ўвагі. Гэта значыць, што інтарэсы краін з сярэднім узроўнем даходу трэба разглядаць праз прызму агульных інтарэсаў. Мы павінны зрабіць усё, каб данесці гэту думку да іншых дзяржаў і аб’яднанняў дзяржаў», — заклікаў кіраўнік МЗС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю