Top.Mail.Ru

Са смакам якасці і дзяцінства

Без прыпраў і спецый не абыходзіцца ні адна страва. А кукурузныя палачкі «Хрумстик» настолькі палюбіліся юным спажыўцам, а таксама іх бацькам, што нярэдка выказваецца жаданне паглядзець, як ствараецца іх любімы ласунак. І такая магчымасць ёсць — лідскае прадпрыемства развівае прамысловы турызм і, як гасцінны гаспадар, адчыняе дзверы перад тымі, дзеля каго працуе.


Гандлёвыя брэнды, пад якімі «Лідахарчканцэнтраты» рэалізоўвае прадукцыю, добра вядомы пакупнікам. Прадукты хуткага прыгатавання — супы, кашы, крупяныя шматкі, кісялі, жэле, інгрэдыенты для выпечкі — вырабляюцца пад маркай «Лидкон». «Хрумстик» — гэта не толькі глазураваныя кукурузныя палачкі, але яшчэ і поп-корн для мікрахвалевых печаў. Нумар адзін сярод прыпраў краіны, «Лидские приправы», прадстаўлены шырокім асартыментам прыпраў і спецый на любы густ. «Tvіtnіk» — маладая лінейка прыпраў з чыстым саставам, якія выбіраюць аматары здаровага харчавання. «Prіana» — больш якасны аналаг замежным вострым прыправам, якія сышлі з беларускага рынку. «TAKІTAK» — салодкія неглазураваныя кукурузныя палачкі: па сваіх смакавых якасцях абсалютная супрацьлегласць «Хрумстику», але не менш смачны варыянт.

Вернасць традыцыям і сучасныя трэнды

Галоўным знаўцам і рэкламадаўцам прадукцыі «Лідахарчканцэнтраты» з’яўляецца генеральны дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Гарбачоў. Eн не толькі валодае тонкасцямі вытворчага працэсу, маркетынгавымі стратэгіямі, але і асабіста, яшчэ на этапе ідэі, прымае ўдзел у распрацоўцы новых прадуктаў. Размову з кіраўніком пачынаем з гісторыі прадпрыемства, якая пачалася ў далёкім 1944 годзе. Арганізаваная ў Лідзе вытворчасць у цяжкі пасляваенны час адной з першых стала забяспечваць харчовую бяспеку разбуранай краіны. Прадукты, вырабленыя лідчанамі, спажывалі жыхары ўсёй Беларусі.

Генеральны дырэктар ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты» Вячаслаў ГАРБАЧОЎ

— Найперш выпускалі гарохавыя супы — з самай даступнай на той момант сыравіны, — уводзіць у гісторыю Вячаслаў Гарбачоў. — Супы, у тым ліку з ялавічынай, з вэнджанінай, іншымі дабаўкамі, вырабляем ужо на працягу 80 гадоў. Вядома, падстройваемся пад патрэбы рынку, але тое, што было закладзена ў 1944-м, дагэтуль ёсць у нашых рэцэптурах.

Толькі ў цяперашняга спажыўца ёсць выбар: зварыць суп на ўсю сям’ю або выключна на адну порцыю (суп без варкі ў зручнай упакоўцы — добры варыянт здаровага харчавання падчас абеду на працоўным месцы). Асартымент настолькі шырокі, што задаволіць смакавыя перавагі нават гурманаў: суп-пюрэ таматны з базілікам, крэм-суп гарбузовы з грэнкамі, суп-пюрэ грыбны з грэнкамі і інш.

Другім прадуктам, які пасля заснавання завода пачалі вырабляць на «Лідахарчканцэнтратах», быў кісель, які дагэтуль з’яўляецца запатрабаваным у спажыўцоў. Асартымент гэтага карыснага напою шырокі: са смакам брусніц, лясных ягад, лімона-імбіру, вострай вішні, журавін, малін і г. д. Разам з класічнымі брыкетаванымі кісялямі насельніцтву палюбіліся кісялі, якія не патрабуюць варкі: як у аднаразовых пакеціках, так і ў большых пакунках. Усё проста: насыпаеш у кубак, заліваеш кіпенем і атрымліваеш асалоду ад гарачага напою.

Лакаматывам продажаў з’яўляюцца глазураваныя кукурузныя палачкі «Хрумстик». Як высвятляецца, сакрэт — у савецкай рэцэптуры і тэхналогіі, якія практычна не мяняліся з самага пачатку вырабу гэтага сухога сняданку. З моманту заснавання цэха вытворчасць глазураваных кукурузных палачак ніколі не спынялася. Растуць толькі яе аб’ёмы. Кожны дзень з канвеера выходзіць па 34 тысячы ўпаковак смачнага ласунку.

Унікальны прадукт вырабляецца толькі ў Лідзе. «Мы адзіныя ў Беларусі, у каго засталіся глазуравальныя барабаны, — адзначае генеральны дырэктар. — Нягледзячы на тое, што гэта больш энергазатратна, галоўнае для нас — захаваць той прадукт, які калісьці палюбіўся нашым бабулям, дзядулям, бацькам».

Цэх па вытворчасці кукурузных палачак

Падчас сляпых дэгустацый па арганалептычных і смакавых якасцях кукурузныя палачкі «Хрумстик» заўсёды займаюць першае месца. Аднак галоўнымі экспертамі прадукцыі з’яўляюцца, вядома, дзеці.

«Менавіта дзякуючы ім і з’яўляюцца палачкі з новымі смакамі, — расказвае начальнік участка „Геркулес“ Ганна Субач. — Падчас наведвання вытворчасці з экскурсіяй юныя спажыўцы выказваюць меркаванне, якія б палачкі хацелі бачыць у сваім рацыёне. Так у нас з’явіліся палачкі са смакам колы, манга, салёнай карамелі, туці-фруці».

Натуральны прадукт заўсёды ў экалагічнай упакоўцы. Гэта таксама традыцыя. Абнаўляецца дызайн, але пазнавальны заяц на папяровай каробцы — брэнд гандлёвай маркі «Хрумстик» — ніколі не знікае з упакоўкі.

Цэх па вытворчасці прыпраў і вострых прыпраў

На ўчастку прыпраў і вострых прыпраў ад смачных пахаў кружыцца галава. Як заўважае начальнік участка Генадзь Млечка, справа ў эфірных маслах, якія выдзяляюцца падчас перапрацоўкі сыравіны. Гэта сведчыць аб натуральнасці прадукцыі.

«Працуем толькі з сыравінай экстра- і прэміум-класа, — расказвае ён. — Вырабляем тыя прыправы, якія карыстаюцца попытам у кожнай гаспадыні. Асабліва палюбіліся ім прыправы маркі „Tvіtnіk“ — у іх вы ўвогуле не знойдзеце солі. Уплывае на попыт і сезоннасць. У перыяд нарыхтовак папулярныя монапрыправы: духмяны перац, чорны перац, гваздзіка».

За суткі на ўчастку ствараецца да шасці тон прыпраў, вострых прыпраў і спецый. Як прызнаецца аператар участка Валянціна Варабей, супрацоўнікі прызвычаіліся да смачных пахаў. «Дома самі карыстаемся нашымі прыправамі, рэкамендую — не пашкадуеце, — кажа яна». Валянціна Варабей працуе на прадпрыемстве на працягу 38 гадоў. «Лідахарчканцэнтраты» — першае і адзінае працоўнае месца жанчыны. Прыйшла сюды пасля заканчэння тэхнікума, працавала на розных участках, але, галоўнае, ніколі не хацела памяняць ні від дзейнасці, ні месца работы.

На прадпрыемстве працуе 320 чалавек. Сярод іх — нямала дынастый. Сярэдні заробак вышэйшы за сярэдні па раёне. Сацыяльны пакет уключае медыцынскае страхаванне, матэрыяльныя выплаты да свят, для іншагародніх прадугледжаны інтэрнат.

Выпрабаванне дэгустацыяй і якасцю

Асартымент прадукцыі «Лідахарчканцэнтраты» — звыш 250 пазіцый. Eн пастаянна мяняецца, бо над ім рэгулярна працуюць. Летась, напрыклад, выпусцілі 24 новыя найменні.

«У асноўным гэта вынік плённай работы маркетолагаў і тэхнолагаў, — звяртае ўвагу кіраўнік прадпрыемства. — Маркетолагі аналізуюць і прагназуюць як унутраны, так і экспартныя рынкі, уносяць прапановы мне. Тэхнолагі набываюць сыравіну для навінкі, ствараюць новы прадукт у лабараторыі, прапаноўваюць яго на дэгустацыю. Дэгустацыйная камісія і прымае рашэнне, пускаць гэты прадукт у вытворчасць або не. Ствараем у першую чаргу тое, што выклікае эмоцыю, а эмоцыя вымушае здзяйсняць пакупку».

За шырокі асартымент і высокую якасць прадукцыі «Лідскія харчовыя канцэнтраты» прызнаны «Лідарам спажывецкага рынку — 2024». 

Як высвятляецца, захоўваць якасць прадукцыі ў сучасных умовах неверагодна складана. «Гэта каштуе вялікіх намаганняў працоўнага калектыву, — кажа Вячаслаў Гарбачоў. — Абавязковы ўваходны кантроль сыравіны (і мікрабіялагічны, і арганалептычны), а таксама кантроль якасці на выхадзе. У 2024 годзе, аб’яўленым Годам якасці, мы ўдасканаліліся і ў частцы лабараторнага абсталявання. Пастаянна мадэрнізуемся. Невыпадкова наша прадукцыя запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку, але і за мяжой — мы сябе зарэкамендавалі найперш высокай якасцю».

Насуперак і дзякуючы санкцыям

Супрацоўнікі не адчуваюць наступстваў санкцый, уведзеных супраць Беларусі, у тым ліку прадпрыемства. Хоць, як удакладняе гендырэктар ААТ «Лідахарчканцэнтраты», санкцыі паўплывалі на работу з Заходняй Еўропай.

«Мы пераарыентаваліся, — дадае Вячаслаў Гарбачоў. — Ключавым экспартным рынкам па-ранейшаму з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Наступны па значнасці — рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі. Нашу прадукцыю спажываюць у Казахстане, Узбекістане, Арменіі, Азербайджане. З некаторымі краінамі працуем у двухбаковым парадку: мы адгружаем ім гатовую прадукцыю, яны нам — сыравіну. Працуем з Канадай, Германіяй, Латвіяй, Эстоніяй, Бахрэйнам, Ізраілем, іншымі — экспартны рынак дастаткова шырокі. Магчыма, дзякуючы санкцыям мы ідзём у краіны далёкай дугі, Афрыкі».

Аднак у прыярытэце — унутраны рынак. Як і 80 гадоў таму, калі прадпрыемства рабіла свае першыя крокі, «Лідскія харчовыя канцэнтраты» паспяхова забяспечваюць харчовую бяспеку краіны.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

УНП 500021268

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю