Top.Mail.Ru

Са з’яўленнем вэйпаў тэрмін ад пачатку курэння да ўзнікнення анкалагічных захворванняў рэзка скараціўся — адзначаюць спецыялісты

Хімічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў электронных сістэмах курэння, атручваюць арганізм у цэлым, выклікаючы, напрыклад, рак лёгкіх, нырак, мачавога пузыра, гартані, поласці рота. Пра гэта расказала ўрач па медыцынскай прафілактыцы УАЗ «Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны цэнтр» Вольга Капусціна, паведамляе БелТА.


Як адзначыла спецыяліст, сярод мужчынскага насельніцтва ў нашай краіне рак лёгкіх займае другое месца пасля раку прастаты. Медыкі звязваюць яго непасрэдна з такой згубнай звычкай, як курэнне.

«Уплыў тытуню на арганізм чалавека вельмі добра вывучаны. Устаноўлена, што ад пачатку курэння да развіцця раку лёгкіх праходзіць прыкладна ад 20 да 40 гадоў. Але са з’яўленнем вэйпаў гэты часавы прамежак рэзка скараціўся. І гаворка не толькі пра захворванні бранхалёгачнай сістэмы. Хімічныя рэчывы атручваюць арганізм у цэлым, выклікаючы, напрыклад, рак нырак, мачавога пузыра, гартані, поласці рота», — расказала Вольга Капусціна. Прычым пакутуе як сам курэц, так і тыя, хто знаходзіцца з ім побач, асабліва дзеці.


Небяспецы падвяргаецца не толькі іх здароўе — дзеці, гледзячы на дарослых, бяруць з іх прыклад, засвойваючы згубную звычку. «Яны думаюць: раз бацькі кураць электронныя цыгарэты, значыць, гэта не так дрэнна. І гэта самая небяспечная катэгорыя курцоў, або парыльшчыкаў, таму што на дзіцячы арганізм хімічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў электронных сістэмах, уплываюць значна мацней», — падкрэсліла ўрач.

Вольга Капусціна таксама адзначыла, што прыхільнікам кальяна важна ведаць: яго курэнне ва ўстановах пагражае перадачай туберкулёзу. «Пры мінімальнай апрацоўцы шматразовых муштукоў кальянных сістэм палачкі Коха, якія валодаюць высокай жыццяздольнасцю, не гінуць», — расказала спецыяліст.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю