Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіць вакцынавацца ад усіх штамаў сезоннага грыпу, у тым ліку ганконгскага.
У склад вакцын для імунізацыі ў бягучым эпідсезоне ўключаны актуальныя штамы, рэкамендаваныя СААЗ.
«Найлепшы спосаб засцерагчыся ад грыпу — зрабіць прышчэпку, асабліва калі вы адносіцеся да ўразлівых груп. Папярэднія даныя з некаторых краін сведчаць аб тым, што рэкамендаваныя ў цяперашні час вакцыны супраць грыпу забяспечваюць абарону ад інфекцыі, выкліканай H3N2, нягледзячы на тое, што вірус эвалюцыянаваў з тых часоў, як былі выбраны штамы для вакцыны супраць грыпу ў сезоне 2025/26», — адзначылі ў арганізацыі.
«Мы заклікаем усіх, асабліва тых, хто знаходзіцца ў групах павышанай рызыкі, у першую чаргу прайсці вакцынацыю і ўкараніць у паўсядзённае жыццё простыя меры засцярогі, такія, як стараннае мыццё рук, рэгулярнае праветрыванне памяшканняў, вільготная прыборка ў памяшканні, частыя прагулкі на свежым паветры, знаходжанне дома ў выпадку ўзнікнення сімптомаў», — дадалі ў міжнароднай арганізацыі.
Таксама ў СААЗ адзначылі, што доказаў таго, што ганконгскі грып выклікае больш цяжкае цячэнне захворвання, цяпер няма. Аднак для людзей з хранічнымі захворваннямі лёгкіх, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм ён можа быць небяспечны.
Па даных арганізацыі, вакцына здольная прадухіліць заражэнне грыпам у 50—60 % прышчэпленых. Тыя ж, хто ўсё ж заразіцца, перанясуць хваробу ў лёгкай форме. Для іх рызыка сур'ёзных ускладненняў і траплення ў бальніцу зніжаецца на 70—80 %. Таму прышчэпка хоць і не абараняе ад віруса поўнасцю, але моцна павышае шанцы перажыць сезон без небяспечных ускладненняў.
Першыя выпадкі захворвання на вірус былі зафіксаваны ў Ганконгу ў 1968 годзе. Ганконгскі штам з’яўляецца родапачынальнікам усёй лініі грыпу А H3N2.