Першая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка з перамогі пачала выступленне на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе, заключным у сезоне турніры серыі «Вялікага шлема», паведамляе БелТА.
У паядынку 31 жніўня 1/64 фіналу дзеючая чэмпіёнка US Open сустракалася з калумбійскай тэнісісткай Камілай Асорыа, якая займае 59-е месца ў сусветным рэйтынгу, і перамагла — 6:2, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 27 хвілін. У другім раўндзе саперніцай Сабаленкі будзе расіянка Паліна Яцэнка (160-ы нумар рэйтынгу WTA), якая ў першым крузе адолела ў трохсетавым паядынку мексіканку Рэнату Сарасуа (74).
Арына Сабаленка тры разы запар гуляла ў фінале амерыканскага першынства: у 2023 годзе яна саступіла амерыканцы Коры Гаўф, а ў двух наступных вырашальных паядынках перамагла яшчэ дзвюх прадстаўніц ЗША — Джэсіку Пегулу і Аманду Анісімаву. У 2019 годзе Сабаленка і бельгійка Элізэ Мертэнс сталі пераможцамі ў парным разрадзе, абыграўшы ў фінальным матчы беларуску Вікторыю Азаранку і аўстралійку Эшлі Барці. У адзіночным разрадзе Вікторыя Азаранка тройчы дабіралася да фіналу (2012, 2013, 2020), але заўсёды саступала тытул суперніцам.
Асноўны этап US Open-2026 пачаўся ў Нью-Ёрку 30 жніўня, а фінішуе 13 верасня. Яго агульны прызавы фонд складзе рэкордныя $108 млн, чэмпіёны ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе атрымаюць па $5,5 млн. Год таму пераможцам мужчынскага турніру стаў іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас.