Top.Mail.Ru

Сабаленка стала першай паўфіналісткай US Open

Першая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка стала першай паўфіналісткай адкрытага чэмпіянату ЗША ў тэнісе, паведамляе БелТА.

Учора ў стартавым чвэрцьфінале дзеючая чэмпіёнка US Open сустракалася з чэшскай тэнісісткай Ліндай Носкавай, якая займае шостае месца ў сусветным рэйтынгу, і перамагла ў трохсэтавым паядынку — 7:6 (7:1), 3:6, 7:6 (10:7). У першай партыі беларуска вяла 5:2, але потым страціла ініцыятыву і давялося дамагацца перамогі на тай-брэйку. У другім сэце чэшка згуляла яшчэ мацней, а на тай-брэйку вырашальнай партыі поспех зноў быў на баку лідара сусветнага рэйтынгу. Гульня працягвалася 2 гадзіны 20 хвілін. У актыве Сабаленка 11 эйсаў, а Носкава 18 разоў падавала на вылет. У паўфінале саперніцай беларускай тэнісісткі будзе пераможца паядынку дзвюх амерыканак — Джэсікі Пегулы (3) і Эмы Навара (27). Сабаленка на цяперашнім турніры да гэтага не аддала саперніцамі ніводнага сэта, перамогшы калумбійку Камілу Асарыа (59) — 6:2, 6:4, расіянку Паліну Яцэнка (160) — 6:1, 6:1, узбекскую тэнісістку Камілу Рахімаву (92) — 6:3, 6:4 і амерыканку Тэйлар Таўнсенд (96) — 6:4, 6:3. 

Другая ракетка свету Алена Рыбакіна з Казахстана ў 1/4 фіналу сустрэнецца з кітаянкай Ціньвэнь Чжэн (121), якая ў 1/8 фіналу перайграла польскую тэнісістку Ігу Свёнтэк (8). Калі Рыбакіна праб’ецца ў паўфінал, то зрушыць Сабаленка з першага месца рэйтынгу WTA, якое беларуска займае 107 тыдняў запар. Яшчэ ў адным матчы за трапленне ў паўфінал амерыканка Коры Гаўф (4) будзе спаборнічаць з расійскай тэнісісткай Мірай Андрэевай (5).

Арына Сабаленка тры разы запар гуляла ў фінале амерыканскага першынства: у 2023 годзе яна саступіла Коры Гаўф, а ў двух наступных вырашальных паядынках перамагла яшчэ дзвюх прадстаўніц ЗША — Джэсіку Пегулу і Аманду Анісімаву. У 2019 годзе Сабаленка і бельгійка Элізэ Мертэнс сталі пераможцамі ў парным разрадзе, абыграўшы ў фінальным матчы беларуску Вікторыю Азаранку і аўстралійку Эшлі Барці. У адзіночным разрадзе Вікторыя Азаранка тройчы дабіралася да фіналу (2012, 2013, 2020), але заўсёды саступала тытул саперніцам.

Заключны ў сезоне турнір серыі «Вялікага шлема» завершыцца ў Нью-Ёрку 13 верасня. Агульны прызавы фонд US Open-2026 складае рэкордныя $108 млн, чэмпіёны ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе атрымаюць па $5,5 млн. Год таму пераможцам мужчынскага турніру стаў іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю