Top.Mail.Ru

Сабаленка з перамогі стартавала на турніры ў Цынцынаці

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пераможна стартавала на турніры WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам $7,4 млн.

У паядынку 1/32 фіналу першая ракетка планеты сустракалася з аўстралійскай тэнісісткай Таліяй Гібсан, якая займае 65-е месца ў сусветным рэйтынгу, і выйграла ў дзвюх партыях — 6:2, 7:6 (7:2). 

Сустрэча працягвалася 1 гадзіну і 53 хвіліны. 

«Я адчувала сябе цудоўна. Было неверагодна згуляць свой першы матч перад такой публікай у гарачы і вільготны дзень, і я так рада, што змагла завяршыць матч у двух сэтах, таму што інакш я не ведаю, як бы я змагла так доўга заставацца ў форме ў гэтай вар’яцкай спякоце», — сказала тэнісістка.

Наступнай саперніцай Сабаленка будзе кітаянка Сіньюй Ван (36-ы нумар рэйтынгу WTA).

Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч (141) не здолела прабіцца ў асноўную сетку, уступіўшы ў першым кваліфікацыйным раўндзе калумбійскай тэнісістцы Эміліяне Аранга (97) — 6:3, 4:6, 4:6.

Год таму Арына Сабаленка выбыла ў чвэрцьфінале, а чэмпіёнкай стала польская тэнісістка Іга Свёнтэк. У 2024 годзе пераможцай Cincinnati Open была Арына Сабаленка, яшчэ адна беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка двойчы выйгравала гэтыя спаборніцтвы (2013, 2020). Цяперашні турнір завершыцца 23 жніўня, чэмпіёнка заробіць больш як $1,15 млн і 1000 рэйтынгавых ачкоў.

Тры ўзнагароды прывезлі беларускія плыўцы з кантынентальнага першынства

Беларускія спартсмены завяршылі выступленні на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту 2026 года ў Парыжы з трыма ўзнагародамі.

Апошнім відам праграмы з беларускім удзелам стала мужчынская камбінаваная эстафета 4×100 м. 

На папярэдняй стадыі наша чацвёрка ў складзе Арцёма Ермака (спіна), Ільі Шымановіча (брас), Івана Шамшурына (батэрфляй) і Рыгора Пякарскага (кроль) паказала 11-ы вынік сярод 19 квартэтаў. Да прахадной у фінал восьмага радка не хапіла адной секунды.

Такім чынам, кантынентальны форум у Парыжы прынёс беларускай камандзе тры медалі — па адным кожнай вартасці. Чэмпіёнкай Еўропы па сінхронным плаванні сярод салістак у адвольнай праграме стала Васіліна Хандошка, якая таксама заваявала «серабро» ў тэхнічнай праграме. 

У плаванні Рыгор Пякарскі выйграў бронзу на 50-метроўцы батэрфляем.

Усяго нашу краіну ў сталіцы Францыі прадставілі 17 атлетаў: восем — у плаванні, шэсць — у скачках у ваду, тры — у сінхронным плаванні. Увогуле ўдзельнікі спаборніцтваў разыгралі 80 камплектаў узнагарод у пяці спартыўных дысцыплінах. 

Зборная Беларусі падзяліла 14-е месца з Бельгіяй і Швецыяй у падагульняючым медальным заліку.

Прайшлі матчы чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе

У чэмпіянаце Беларусі па футболе завяршыўся 18-ы тур. Прапануем азнаёміцца ​​з яго вынікамі. «Іслач» у цэнтральным матчы абыграла брэсцкае Дынама«, БАТЭ мінімальна, але справіўся з «Віцебскам», а «Гомель» адгрузіў шэсць галоў «Нафтану».

Мазырская «Славія» ў валявым стылі вырвала перамогу ў «Арсенала» — 3:1. Каманда Івана Біёнчыка ў сярэдзіне другога тайма паразіла вароты саперніка двойчы за тры хвіліны. Салавей адзначыўся дублем. Такім чынам, «Славія» набірае 21 бал за 17 гульняў і паднімаецца на 9-е месца ў чэмпіянаце краіны. «Арсенал» апускаецца на 10-ы радок. У наступным туры мазыране дома прымуць «Гомель», а «кананіры» адправяцца ў госці да бабруйскай «Белшыны».

Магілёўскі «Днепр» выратаваў нічыю ў матчы з «Белшынай» — 1:1. Гэты бал стаў першым для бабруйскай каманды на выездзе ў сёлетнім сезоне БВЛ.

«Белшына» і «Днепр» застаюцца на сваіх пазіцыях. У наступным туры «Белшына» прыме на сваім стадыёне «Арсенал», а магіляўчане адправяцца ў госці да жодзінскага «Тарпеда». 

«Гомель» адгрузіў шэсць мячоў наваполацкаму «Нафтану» , не прапусціўшы ў свае вароты ніводнага, і, такім чынам, рэабілітаваўся за паражэнне ад «Мінска» і ўзняўся на 5-ы радок у чэмпіянаце краіны. «Нафтан» застаецца на апошняй пазіцыі. У наступным туры гамяльчане пазмагаюцца са «Славіяй» на выездзе, а «Нафтан» дома прыме «Нёман».

Гродзенскі «Нёман» на 4-й дададзенай хвіліне выйграў у ФК «Мінск» — 2:1. Нагадаем, падапечныя Ігара Кавалевіча з 24 баламі ў актыве ідуць на 8-м месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату. Каманда Арцёма Чалядзінскага з 28 ачкамі размяшчаецца на 6-м радку.

БАТЭ мінімальна абыграў «Віцебск» — 1:0. Падапечныя Віталя Гарожкіна з 13 баламі ў актыве ўзняліся на 13-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Каманда Сяргея Гурэнкі з 26 ачкамі размяшчаецца на 7-м радку.

«Іслач» з Мінскага раёна таксама мінімальна — 2:1 — выйграла ў брэсцкага «Дынама» і папярэдне ўзначаліла турнірную табліцу вышэйшай лігі з 34 ачкамі ў актыве, а «Дынама» захавала 4-ы радок з 30 баламі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю