Top.Mail.Ru

Сабраная супрацоўнікамі «Скарбніцы» калекцыя можа канкурыраваць з фондамі Нацыянальнай акадэміі навук

Адзінае ў Беларусі навукова-вытворчае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца», якое ўваходзіць у сістэму Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, адзначае паўвекавы юбілей.

Як адзначыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый НАЗАРАЎ, работу прадпрыемства цяжка ацаніць, тут справа не ў грашах, натуральна, ручная праца павінна высока аплочвацца. Бясцэнна тое, што супрацоўнікі «Скарбніцы» робяць для захавання здабыткаў нашага народа, яго гісторыі, культуры, з чым праз сувеніры можна знаёміць увесь свет. Юрый Назараў зачытаў калектыву прадпрыемства вітальны адрас кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў майстроў «Скарбніцы» асаблівая сфера адказнасці: «Вы пішыце яскравы сучасны летапіс, у вашых руках нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры, якія ўвасабляюць асаблівы культурны код і душу нацыі». 



Кіраўнік краіны акрэсліў місію калектыву «Скарбніцы» — захаваць і прымножыць народныя мастацкія рамёствы для будучых пакаленняў.


Пачыналася гісторыя прадпрыемства са стварэння ў 1976 годзе пры Упраўленні мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР мастацкаэксперыментальнай лабараторыі, перад якой ставілася задача вывучыць нацыянальныя здабыткі для таго, каб пашырыць асартымент прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў, зрабіць яго найбольш якасным.


Пачаліся бясконцыя экспедыцыі па ўсіх кутках краіны, сустрэчы з носьбітамі, вывучэнне музейных калекцый. Як падзялілася дырэктар «Скарбніцы» Марыя ТАРАЙКОВІЧ, 
сабраная супрацоўнікамі прадпрыемства калекцыя можа канкурыраваць з фондамі Нацыянальнай акадэміі навук. Матэрыялы вывучаліся, сістэматызаваліся. Работнікі «Скарбніцы» не толькі аднаўлялі рамёствы, але і працавалі над тым, каб на іх аснове ствараць сучасныя рэчы. Дзякуючы глыбокаму веданню старажытных прыёмаў ткацтва і вышыўкі майстры прадпрыемства рабілі строі розных рэгіёнаў, сярод якіх і найскладанейшы неглюбскі (там толькі для адной панёвы трэба спалучыць тры тэхнікі ткацтва). Але яны могуць пахваліцца і сучаснымі этнакалекцыямі вопраткі. 


У «Скарбніцы» нават робяць слуцкія паясы, і пано на іх аснове на звычайным ручным драўляным станку.

Сваім прыкладам супрацоўнікі прадпрыемства ўжо не адно дзесяцігоддзе даказваюць, што традыцыйныя рамёствы заўсёды могуць заставацца ў трэндзе. Пры гэтым тут не проста захоўваюць промыслы, адаптуюць іх пад сучасныя запыты, але і развіваюць, ствараюць новыя тэхнікі, падыходы. Майстры «Скарбніцы» працуюць з музеямі, робяць строі для вядучых тэатраў, а іх эксклюзіўныя вырабы трапляюць у дзяржаўны падарункавы фонд, падносяцца ў якасці падарункаў кіраўнікам розных краін свету.


Першы намеснік міністра культуры Аляксандр СІДАРЭНКА падкрэсліў, што захаванню народных рамёстваў удзяляецца асаблівая ўвага на ўзроўні дзяржавы. На іх папулярызацыю працуюць музеі, у тым ліку плануецца прадставіць мастацкія дасягненні нашага народа ў Нацыянальным музеі, экспазіцыі якога цяпер якраз фарміруюцца. Ён падкрэсліў, што вопыт такога прадпрыемства, як «Скарбніца», трэба прымнажаць.

Унікальную калекцыю, сабраную падчас экспедыцый, плануецца алічбаваць, зрабіць даступнай для работы іншых майстроў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю