Top.Mail.Ru

Сабраць ураджай без страт дапамагаюць новыя тэхналогіі і распрацоўкі навукоўцаў

Жніво з інавацыямі

Сёлетні год, нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, абяцае добры ўраджай. У прыватнасці, на палях ужо саспела збожжа, і яго валавы збор сёлета пераўзыдзе мінулагодні паказчык — аграрыі плануюць намалаціць каля 11 мільёнаў тон. Пры гэтым важна, калі ўлічыць дажджлівае надвор’е, сабраць ураджай без страт. Навукоўцы расказалі пра новыя тэхналогіі, якія сёння прыходзяць на дапамогу ў сельскай гаспадарцы — ад новай сучаснай тэхнікі да аградронаў, што апрацоўваюць палеткі.

Важкі каравай

Дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей КРАЎЦОЎ адзначыў, што сёлета тэмпературны рэжым садзейнічаў расцягнутаму перыяду вегетацыі і фарміраванню больш высокага ўраджаю. Ураджайнасць расце ва ўсіх абласцях, у сярэднім па рэспубліцы на 7 ц/га. Страт з-за кліматычных умоў пакуль няма. Расліны працягваюць выспяваць. У сувязі з кліматычнымі ўмовамі прымяняюцца новыя тэхналогіі, распрацаваны рэкамендацыі па тэхналагічным доглядзе.

  • Паводле назіранняў спецыялістаў, раней ніколі не здаралася, каб сельскагаспадарчыя культуры прадоўжылі свой вегетацыйны перыяд на два тыдні, а некаторыя — і на больш працяглы тэрмін. У красавіку — маі адзначаліся анамальныя тэмпературы: ніжэй за кліматычную норму. Чэрвень не цешыў цяплом. На працягу трох месяцаў сума актыўных тэмператур была ў сярэднім на тры-чатыры градусы ніжэйшая ў параўнанні з сярэднімі шматгадовымі данымі. Па гэтай прычыне перыяд вегетацыі расцягнуўся, а тэрміны ўборачнай кампаніі ссунуліся.

Калі летась аграрыі да канца ліпеня завяршылі ўборку азімага ячменю, то сёлета яны яшчэ знаходзяцца на фінішнай прамой. Азімы рапс убраны толькі на 20 % плошчаў, тады як у папярэдняе жніво — на 90 %. Аднак падаўжэнне вегетацыйнага перыяду — гэта павелічэнне ўраджайнасці. Такія культуры, як рапс, зернебабовыя, маюць свае асаблівасці тэхналагічнага догляду. Каб прадухіліць іх растрэскванне і асыпанне, прымяняецца апрацоўка спецыяльнымі прэпаратамі, якія «склейваюць» зерне, дапамагаючы захаваць і павялічыць ураджайнасць.

Стаўка на айчынную тэхніку

Сабраць ураджай без страт дапамагае і тэхніка, у тым ліку апошнія распрацоўкі вучоных для ўборкі кармоў і апрацоўкі глебы. Пра іх расказаў генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый КОМЛАЧ. Так, сумесна з заводам «Лідсельмаш» распрацаваны грабеністыя граблі-валкавальнікі з шырынёй захопу 9,5 м. Яны даюць магчымасць атрымліваць якасныя кармы. Канструктыўная асаблівасць абсталявання — мінімальны кантакт працоўнай часткі з паверхняй, каб выключыць траплянне глебы і камянёў. Доследная партыя праходзіць апрабаванне ў сельгасарганізацыях.

Яшчэ адна навінка — стужкавы валкавальнік, які створаны сумесна з «Лідаграпраммашам». Ён прызначаны для ўкладкі скошанай культуры, каб мець магчымасць падняць яе прэс-падборшчыкам або кормаўборачным камбайнам. Вядуцца прыёмачныя выпрабаванні, і ў хуткім часе тэхніка будзе запушчана ў масавую серыйную вытворчасць. Для пасяўной распрацавана лінейка плугоў, у тым ліку для дробнаконтурных участкаў. Іх серыйны выпуск арганізоўваецца на базе Мінскага завода шасцерань

Сярод апошніх праектаў — платформа з гідраманіпулятарам, якая замяняе тры машыны і дазваляе аператыўна звозіць рулоны саломы з палёў, шматфункцыянальны модульны глебаапрацоўчы агрэгат, які за адзін праход цалкам рыхтуе глебу да сяўбы. Агрэгат праходзіць прыёмачныя выпрабаванні і таксама ў найбліжэйшы час будзе пастаўлены на серыйную вытворчасць.

Таксама вучоныя падрыхтавалі рэкамендацыі аграрыям па правядзенні ўборачнай кампаніі, рацыянальным выкарыстанні тэхнікі ў сёлетніх кліматычных умовах. Асаблівая ўвага — на меры, якія даюць магчымасць мінімізаваць страты збожжа. У адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі патрабаваннямі, дапушчальны ўзровень страт на збожжаўборачным камбайне павінен складаць не больш як 0,5 % пры ўборцы прамога сцябластою, а ў выпадку палеглага збожжа — не больш як 1,5 %. Быў прааналізаваны парк збожжаўборачных камбайнаў, якія прымяняюцца ў краіне. Сёлета на палях іх будзе працаваць 7,6 тысячы адзінак. У тым ліку 86 % — вытворчасці «Гомсельмаша». Доля айчыннай тэхнікі расце.

Беспілотнікі ў дапамогу

Працуюць у Беларусі і над укараненнем аградронаў у сельскай гаспадарцы ў прамысловых маштабах. Такія тэхналогіі ўжо знайшлі сваё прымяненне і актыўна развіваюцца яшчэ з 2021 года. Быў створаны першы беспілотны аградрон беларускай вытворчасці.

Апрацоўка раслін з дапамогай такіх тэхналогій мае шэраг пераваг. Сярод іх — выключэнне механічных пашкоджанняў глебы і раслін, значна ніжэйшы сабекошт апрацоўкі, мінімальны кантакт чалавека з прэпаратамі, магчымасць работы на моцна ўвільготненых глебах, у тым ліку ў начны час, на складаных участках палёў.

— Мы пацвярджаем эксперыментальна на палях, а не толькі ў тэарэтычных разліках, што гэта эфектыўна, мэтазгодна і магчыма. Цяпер з удзелам прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук вядзецца работа па інтэграцыі і комплексным укараненні такіх тэхналогій ужо ў прамысловых маштабах. Гэта работа па стварэнні нацыянальнага аператара, які б прымяняў аградроны і ўсё, што звязана з лятальнымі апаратамі, у першую чаргу ў інтарэсах сельскай гаспадаркі, — расказаў генеральны дырэктар кітайска-беларускага сумеснага прадпрыемства ЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» Юрый ЛЕАНАВЕЦ.

Акрамя праграмы па стварэнні аградронаў, ужо больш як 10 гадоў у краіне развіваюцца тэхналогіі з прымяненнем беспілотнікаў, звязаныя з распрацоўкай электронных карт палёў, інвентарызацыяй сельгасугоддзяў, ацэнкай аб’ёмаў работ, усходжасці, прагназаваннем ураджайнасці. Праводзіцца аэрафотаздымка, атрыманыя даныя пасля апрацоўваюцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю