Top.Mail.Ru
276

«Садзейнічаць эканамічнаму развіццю і ўносіць рэгіянальныя ініцыятывы». Чамаданава аб ролі партый

Партыі — гэта інстытут, які гатовы садзейнічаць эканамічнаму развіццю краіны і ўносіць ініцыятывы па рэгіянальным прынцыпе, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў. Такой думкай перад пасяджэннем прэзідыума Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі «Белая Русь» падзялілася старшыня партыі Вольга Чамаданава, паведамляе БелТА.


Вольга Чамаданава адзначыла, што для пасяджэння прэзідыума Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі «Белая Русь» быў сфармуляваны шэраг пытанняў, якія датычацца развіцця партыі ў 2026 годзе. «На працягу другога паўгоддзя было шмат абмеркаванняў, якія непасрэдна датычыліся выбудоўвання работы на месцах, у абласных і раённых аддзяленнях партыі. Мы ўжо абмеркавалі шэраг напрамкаў, у большасці сваёй звязаных з эканомікай. У працяг Усебеларускага народнага сходу і сямі асноўных прыярытэтаў, якія там былі абмеркаваны, мы сёння будзем прымаць рашэнні, у тым ліку аб перапрацоўцы нашай праграмы», — расказала яна.

Старшыня нагадала, што падчас УНС старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч прапанаваў ідэю аб тым, што ў кожнай партыі павінен быць канкрэтны праект, які паляпшае жыццё ў краіне. «Мы, вядома, падтрымліваем такую ініцыятыву. Я лічу, што сёння партыі — гэта інстытут, які гатовы не толькі садзейнічаць эканамічнаму развіццю нашай краіны, але і ўносіць ініцыятывы па рэгіянальным прынцыпе, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў», — падзялілася Вольга Чамаданава.

Яна таксама расказала аб партыйных праектах у «Белай Русі». «Кожны партыйны праект ахоплівае тую ці іншую сферу: сацыяльную палітыку, маладзёжную палітыку, эканоміку і інфармацыйныя тэхналогіі. Мы працуем над праектамі, і калі мы больш канкрэтна выбудуем сваю работу па рэгіёнах, гэта будзе плюсам», — адзначыла старшыня.

Па словах Вольгі Чамаданавай, для яе і астатніх членаў партыі галоўнае — прынесці карысць сваёй краіне. «Маё асабістае бачанне як старшыні партыі, якое я агучу сваім аднапартыйцам і аднадумцам: мы сёння выбудоўваем цеснае супрацоўніцтва з партыямі іншых дзяржаў, уключаючы вядучыя і кіруючыя партыі. Пагадненні, падпісаныя паміж партыяй „Белая Русь“ і партыямі М’янмы, Кубы, Расійскай Федэрацыі і іншых краін, уключаюць эканамічны напрамак. Выбудоўванне камунікацый на міждзяржаўным і міжпартыйным узроўнях дапаможа нам інвеставаць у шэраг праектаў на тэрыторыі нашай краіны. У нашых калег з іншых партый ёсць высокая зацікаўленасць у гэтым супрацоўніцтве, і адзін з напрамкаў, які мы прапануем уключыць у праект, — гэта ўзаемавыгаднае эканамічнае развіццё дзвюх дзяржаў», — падкрэсліла яна.

Старшыня дадала, што ў такім праекце могуць быць улічаны ўсе аспекты: сельская гаспадарка, прамысловасць і іншыя напрамкі. «Выбудоўванне такіх камунікацый і прыцягненне іх у нашу краіну на ўзроўні партыі — гэта вельмі рацыянальна», — сказала Вольга Чамаданава.

Яна таксама нагадала, што адным з прыярытэтных напрамкаў, якія абмяркоўваліся на УНС, стаў турызм. «У гэтым напрамку партыі могуць адыграць значную ролю, прыцягваючы людзей дзякуючы кантактам на міжпартыйным і міжнародным узроўні, а таксама выбудоўваючы лагістыку. Мы ўжо выбудавалі работу па абмене дэлегацыямі паміж партыямі. Ва ўсіх, з кім мы вядзём дыялог, ёсць вялікае жаданне прыязджаць у нашу краіну і прасоўваць яе ў сябе на радзіме па ўсіх напрамках. Таму тут ёсць над чым падумаць. Гэта вельмі рацыянальна, і на пасяджэнні прэзідыўма Вышэйшага палітычнага савета мы абавязкова абмяркуем гэтыя пытанні», — падсумавала старшыня. 

Вольга Чамаданава падкрэсліла, што наперадзе правядзенне з’езда партыі, на якім яе члены прымуць праграму развіцця. Адным з напрамкаў дзейнасці стануць партыйныя прыёмныя. «Мы плануем назваць іх „цэнтрамі партыйных рашэнняў“, якія будуць створаны ў кожным рэгіёне, уключаючы абласныя цэнтры. Гэта дазволіць нам не толькі забяспечваць дыялог з грамадзянамі на месцах, але і дасць магчымасць самім грамадзянам удзельнічаць у рэалізацыі палітычных ініцыятыў партыі, улічваючы спецыфіку кожнага рэгіёна», — адзначыла яна.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю