Новым галоўным трэнерам футбалістаў «МЛ Віцебск» стаў расійскі спецыяліст Філіп Сакалінскі, паведамляе БелТА.
Тры дні таму «МЛ Віцебск» аб’явіў аб адстаўцы галоўнага трэнера каманды Магамеда Адзіева, асістэнтам якога быў Сакалінскі. Гульнёй чэмпіёнаў краіны ў нядаўнім пераможным кубкавым паядынку са сталічным СКА-1938 (5:3) кіраваў капітан каманды Сяргей Балановіч.
«МЛ Віцебск» пасля 11 тураў чэмпіянату Беларусі займае другое месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 24 ачкі. У лідзіруючага мінскага «Дынама» на два балы больш. Свой наступны паядынак нацыянальнага першынства віцябчане правядуць 21 чэрвеня ў гасцях у футбалістаў «Мінска».