Некалі даўно я адпачывала ў літоўскім гарадку Бірштанас па так званай курсоўцы: гэта значыць, што ежу ды лекі-працэдуры гарантаваў санаторый, ён жа адразу па прыездзе прапаноўваў адрасы для пражывання.
Такім чынам мы на пару з іншай адпачывальніцай занялі адзін з чатырох пакояў у кватэры Алгіса: у астатніх трох жыў сам гаспадар (жонка памерла) з падчарыцай і дачушкай. Але ж дзяўчынак на родную і няродную ён ніколі не дзяліў: вельмі клапаціўся пра абедзвюх. Мы, напрыклад, яшчэ пры засяленні пачулі, што ў старэйшай, Віргі, туга ідзе хімія, таму бацька спецыяльна папрасіў адміністрацыю санаторыя падсяліць да іх адпаведнага настаўніка. Я выкладала якраз гэты прадмет і, вядома ж, згадзілася дапамагаць дзяўчынцы.
З таго дня ў нас і пайшло: зранку — працэдуры, пасля абеду — заняткі з Віргай, вечарам — культурная праграма. Аднойчы, праўда, яна выйшла з непрыемнасцю: у маім боціку адляцела набойка, спатрэбіўся рамонт.
Майстэрні там былі невялічкія і прыватныя: гаспадар — ён жа майстар, ён жа касір. І ні чэргаў табе, ні квітанцый. Абутак прынёс, хвілін колькі пачакаў, грошы заплаціў і гуляй сабе далей.
Я гэта ведала, але ж, сабраўшыся ў майстэрню, убачыла ў вітальні туфлі сваёй вучаніцы, якія таксама прасілі новых набоек. Дык чаму б не зрабіць прыемнае, не прыхапіць іх з сабой?
...Майстэрня займала маленькі пакой са сталом, крэслам і стойкай, за якой працаваў майстар. Я падала яму свае боты і хвілін праз 15 забрала. Перш чым заплаціць за набойкі, працягнула туфелькі Віргі і... нічога не зразумела, бо мужчыну — нібы падмянілі! Увачавідкі ён ажыў, заўсміхаўся, узяўся працаваць і пры гэтым пазіраць у мой бок такімі вачыма…
Воляй-няволяй давялося і мне звярнуць на майстра ўвагу — убачыць, што ён мужчына як мужчына: гадоў пад 60 (мне таксама не 20); калі ўсміхаецца, дык нават сімпатычны. Але ж чаму, рамантуючы боты, ён і ў мой бок не глядзеў, а тут... Можа, думаю, болей грошай хоча ўзяць? Дык вось жа прэйскурант на сцяне: кошт набоек — адзін рубель…
Забраўшы туфелькі Віргі, я паклала на стойку два рублі — майстар на іх нават не глянуў. Убачыўшы, што я збіраюся на выхад, падбег да дзвярэй, расчыніў іх, сказаў:
«О, пані, мне так прыемна!.. Калі ласка, прашу вас, заходзьце яшчэ! Заходзьце...» (Так я зразумела яго «вінегрэт» з літоўскіх, польскіх і рускіх слоў).
Ці варта казаць, што яны «спрацавалі» (добрае слова і кошцы прыемна), — я па дарозе з майстэрні «цвіла і пахла»!
А вечарам, калі мы з суседкай па пакоі прыйшлі з прагулкі, Вірга падзякавала мне за набойкі і падала... два рублі. «Гэта, — сказала, — ад майстра, ад майго дзядулі. Увесь наш абутак ён добра ведае і рамантуе бясплатна. І з вас, сказаў, грошай не возьме. Вы ж не бераце з нас за ўрокі хіміі?
Вось такі сакрэт Палішынеля. А я ўжо падумала…
Як спявалася ў нейкай песні: «Думала, думала, думала, думала — усё перадумала я, а як падумала, чым жа я думала, лепей не думала б я». Не варта было.
Зоя НАВАЕНКА
г. Глыбокае
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР