Top.Mail.Ru

Сакрэт сямейнай гармоніі

Аксана Анціпарук — мама шасцярых дзяцей і прадстаўніца не самай простай прафесіі — вадзіцель тралейбуса. Пры гэтым яе сіл хапае і на арганізацыю сямейнага вольнага часу, і на актыўную грамадскую дзейнасць, і на простыя бытавыя клопаты, каб у вялікай кватэры было чыста і ўтульна, а на стале блізкіх чакала смачная вячэра. Уладальніца ордэна Маці і ордэна Крыжа Прападобнай Ефрасінні Полацкай падзялілася сакрэтамі сямейнай, прафесійнай і душэўнай гармоніі.


Аб’яднала прафесія

Аксана правяла дзяцінства ў невялікай вёсцы Глінная ў Віцебскай вобласці. Вучылася ў Полацку, а потым пераехала ў Мінск.

— Спачатку я працавала і ў краме, і на птушкафабрыцы. Аднойчы я ехала ў тралейбусе ў свята, і вадзіцель віншаваў пасажыраў. Тады гэта прафесія выглядала для мяне такой лёгкай і прыгожай, што я вырашыла пайсці вучыцца на курсы. Насамрэч работа аказалася не такой і лёгкай, — усміхаецца Аксана.


Менавіта ў тралейбусным парку яна пазнаёмілася з будучым мужам — якраз падчас стажыроўкі. Аляксандр на той час быў вопытным вадзіцелем, і яму даверылі юную практыкантку. Праз год пара ажанілася, яшчэ праз год у сям’і з’явіўся першынец Дзіма, а пасля яшчэ тры сыны — Андрэй, Максім і Міша, а таксама дзве дачкі — Алена і Юля. Сёння старэйшаму Дзмітрыю ўжо дваццаць пяць гадоў, і ў яго самога падрастаюць два сыны. А малодшы адзінаццацігадовы Міша пакуль вучыцца ў чацвёртым класе. Старэйшыя Дзіма і Алена жывуць ужо асобна, а вось чацвёра малодшых — пакуль у бацькоўскім доме.

— Ніколі не думала, што стану шматдзетнай маці. Я вырасла ў невялікай сям’і — нас з братам у бацькоў было двое. Затое сёння не магу ўявіць сябе без дзяцей — памятаю, неяк усе раз’ехаліся, а я доўга не магла прызвычаіцца да цішыні. Дзеці ўвесь час прымушаюць цябе некуды ісці, ехаць. Магчыма, не заўсёды і хочацца, а потым і настрой з’яўляецца, і радуешся, што не застаўся дома. Ты жывеш, і ёсць што ўспомніць, — дзеліцца Аксана.

Зрэшты, актыўнасці самой Аксаны можна толькі пазайздросціць. Яна актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю і ўжо два гады ўзначальвае сталічную Маскоўскую раённую арганізацыю «Асацыяцыя шматдзетных бацькоў». А яе сям’я — пастаянны ўдзельнік розных мерапрыемстваў і конкурсаў.


— Як прадстаўнікі Асацыяцыі шматдзетных бацькоў часта ўдзельнічаем у спартландыях — калі ў астатніх не атрымліваецца, прыходзіцца адказваць за ўсіх кіраўніку, — жартуе Аксана. — Нядаўна з малодшымі дзецьмі, Юляй і Мішам, удзельнічалі ў конкурсе «Містар і Місіс «Мінсктранс».

Дзеці не перашкаджаюць, а дапамагаюць

Як жа ўсё паспець? Сакрэт шматдзетнай маці просты — размяркоўваць абавязкі паміж усімі дзецьмі. Дапамагчы ў прыборцы кватэры ці гатаванні абеду — ад гэтага не адмаўляецца і не вызваляецца ніхто ў вялікай сям’і.

— Калі ўсё цягнуць самой, хутка выдыхнешся, таму дапамагаюць усе. Нават самы малодшы Міша іншы раз есці можа прыгатаваць. Юля ўжо пачала з цестам працаваць, у тым ліку і з дражджавым. Асабіста я з ім не сябрую. Ім любіла займацца старэйшая дачка Лена, вось і Юля пачала вучыцца, — дзеліцца жанчына.


Па добрай сямейнай традыцыі галава сям’і па выхадных робіць на сняданак блінчыкі. Раней такой жа традыцыяй быў пірог з пясочнага цеста — спачатку яго гатаваў тата, потым пераняў Дзмітрый, потым — Алена, Андрэй.

— Сёння гэта традыцыя сышла — стараемся гатаваць менш мучнога, але блінчыкі засталіся. І татаў боршч — яго таксама любяць усе, — расказвае Аксана.

У вялікай сям’і ўсё робяць разам: і рамонт у кватэры, і работы на агародзе — у цёплы сезон сям’я праводзіць выхадныя ў вёсцы, на малой радзіме Аксаны. Працы тут не баіцца ніхто, і, бадай, галоўны прыклад для дзяцей — іх бацькі.


Цяжкасці ні па чым

Амаль кожная раніца Аксаны пачынаецца ў 3.30. На дзяжурным тралейбусе яна едзе ў транспартны парк, адкуль пачне сваю працоўную змену. Тралейбусы з інтэрвалам па чарзе выходзяць на лінію — выезд можа быць у 4.40, 5.00, 5.10. За рулём за працоўную змену Аксана праводзіць ад 8 да 10 гадзін у залежнасці ад працягласці маршруту. Праца няпростая і адказная, а надвор’е ўносіць свае карэктывы. Гэтай снежнай і марознай зімой з-за асядання соляў і рэагентаў на кантактнай сетцы вадзіцелям прыходзілася часцей мяняць вугальныя ўстаўкі — здымныя элементы на токапрыёмніку.

— Трэба апусціць «штангі», залезці на дах, хуценька памяняць, зноў паставіць «штангі»... А ў гэты час у цябе поўны салон пасажыраў. Сёлетняя зіма, вядома, вельмі прыгожая, але працаваць было няпроста, — дзеліцца Аксана.


Хоць многія пасажыры звычайна дзякуюць ёй за камфортную і бяспечную паездку, ёсць і тыя, для каго спазненне тралейбуса нават на некалькі хвілін — нагода сапсаваць настрой сабе і навакольным. Аднак у вадзіцеля свой сакрэт псіхалагічнага камфорту.

— Калі за рулём пачынаеш нервавацца, што спазняешся, абавязкова трапіцца пасажыр, які будзе трымаць дзверы, і на ўсіх святлафорах загараецца чырвонае святло. Я выдыхаю, бяру сябе ў рукі і ўсміхаюся, бо калі ты з пазітыўным настроем, то і час сам сабой наганяецца, і пробка «рассмоктваецца», і пасажыры не спазняюцца.


Урокі дабрыні

Усе дзеці Аксаны і Аляксандра розныя па характары, але іх аб’ядноўваюць дзве якасці — уменне суперажываць і імкненне прыйсці на дапамогу.

— Нядаўна Дзіма на машыне завязнуў у сумёце. У 12 гадзін ночы Андрэй падрываецца і едзе яго вызваляць. Ніхто з іх не адмовіць — збяруцца і паедуць дапамагаць, — кажа Аксана. — Неяк ехалі на машыне і раптам спыніліся. Дзіма выскачыў і некуды пабег — гляджу, дапамагае перасекчы інваліду-калясачніку праездную частку.

Менавіта гэтымі якасцямі — дабрынёй і спагадай — больш за ўсё ганарацца ў сваіх дзецях шматдзетныя бацькі.

Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю