У музеі «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя» 8 жніўня падчас інтэрактыўнай музейна-камунікатыўнай праграмы «Мова веера» пакажуць рэдкія вееры XIX стагоддзя. Пра гэта БелТА паведаміў навуковы супрацоўнік філіяла музея Аляксей Сухан.
«Наведвальнікі змогуць убачыць рэдкія экспанаты веераў са слановай косці XIX стагоддзя. Таксама ў гульнявой форме мы раскажам пра гісторыю гэтага аксесуара, бо ў XIX стагоддзі веер быў часткай сапраўднага сакрэтнага кода. Праграма разлічаная на любую аўдыторыю, гэта значыць, паўдзельнічаць у сцэнках і асвоіць жэсты з дапамогай веера змогуць як дарослыя, так і дзеці. Усяго мы правядзём тры сеансы», — расказаў ён.
Паводле слоў супрацоўніка музея, інтэрактыўная праграма праходзіць у рамках унікальнай выставы калекцыі жывапісу XX стагоддзя з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея «Кветкі — паэзія кахання». Таму наведвальнікі змогуць не толькі асвоіць мову веера, але і ўбачыць унікальныя карціны.
На завяршэнне праграмы кожнага ўдзельніка чакае памятны сувенір.