Сёння цяжка знайсці куток Беларусі, дзе б да Вялікадня не распісвалі яйкі, прычым не проста акуналі ў раствор з шалупіння цыбулі ці ў сучасныя фарбавальнікі, а менавіта выкарыстоўвалі традыцыйныя тэхнікі васкавання. У цыбулі яйкі фарбавалі пасля таго, як шпількай (завостраным прадметам) ці пісачком (цвічком, забітым у палачку) наносіўся васковы ўзор. Як возьмецца колер, яйкі вымалі, падагравалі, каб растапіць і сцерці воск, і так на чырвоным фоне праступалі ўзоры. Здаецца, не такі ўжо багаты быў арсенал — той жа шпількай можна было рабіць кропкі і кропелькі, але з іх камбінацый атрымлівалася неверагодная колькасць разнастайных малюнкаў. Да таго ж у некаторых мясцовасцях выкарыстоўвалі леечкі — прыстасаванні, якія дазвалялі рабіць роўныя гарызантальныя і дыяганальныя лініі.
Як зрабіць чорную фарбу
Традыцыя роспісу велікодных яек у гарадскім пасёлку Сапоцкін на Гродзеншчыне мае статус нематэрыяльнай культурный каштоўнасці. Бадай, гэта адзін з нямногіх рэгіёнаў, дзе яна ніколі не перарывалася, нават у савецкія часы, калі рэлігійныя святы не віталіся. У 2016 годзе, на момант унясення мясцовай тэхналогіі ў нацыянальны спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў, тут дзейнічалі 14 майстроў. Яйкі распісвалі кашамі, раздавалі сваякам, суседзям, адорвалі валачобнікаў і жачкоў (так называлі дзяцей, якія таксама падчас свята абыходзілі дамы). Сапоцкінская пісанка — чорна-белая. Фарбавальнік атрымліваўся з настою кары вольхі, дуба, у які дадавалі ржавыя цвікі. Чорны колер велікодных яек тут могуць патлумачыць — як сімвал зямлі, якая родзіць.

Сёння на Гродзеншчыне майстры працуюць з рознымі тэхнікамі, прычым як захоўваюць традыцыйны роспіс і ўзоры, так і эксперыментуюць. Убачыць, якімі рознымі могуць быць фарбаваныя яйкі, можна ў музеі пісанкі ў Сапоцкіне. Сёння ў яго калекцыі іх каля дзвюх тысяч. 18 красавіка тут будуць чакаць гасцей на Свята пісанкі. Намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч нагадала, што рэгіён багаты яшчэ на адзін вясновы элемент нематэрыяльнай спадчыны — тут вырабляюць «велікодныя пальмы» — так мясцовыя жыхары завуць упрыгожаныя вербы.
Пазнаёміцца з традыцыямі можна і ў Мінску — у галерэі «Цэнтр» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, дзе працуе выстаўка «Велікодныя матывы». Упершыню ў сталіцы прадстаўлена калекцыя пісанак, зробленых майстрамі з розных рэгіёнаў, большасць — у традыцыйнай тэхніцы васкавання. Сярод арганізатараў мерапрыемства — Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, супрацоўнікі якога правялі даследаванне, прысвечанае пісанцы, сабралі звесткі пра 40 майстроў, якія сёння займаюцца роспісам яек.
Каб быць прыгожым і румяным
«У нас рабілі крапанку — проста капалі са свечкі на яйка ці акуналі ў воск цвічок і наносілі ім малюнак на белае яйка. Пасля яго клалі ў фарбавальнік з шалупіння цыбулі», —
згадвае народны майстар з Гомельшчыны Віктар Шыпкоў. Але ў яго вёсцы Маркавічы былі і шкрабанкі — дзеці выдрапвалі ўзоры на ўжо пафарбаваных яйках. Рабілі тут розныя фарбавальнікі з раслін (шышак вольхі, бузіны, чарніц). На Радаўніцу рабілі яйкі зялёнымі з дапамогай маладой крапівы. На свята сям’я ўмывалася з дапамогай свянцонага фарбаванага яечка, якое клалі ў ваду. Яго качалі па твары і прыгаворвалі: «Каб быць такім жа прыгожым, румяным, як гэта яечка»... Віктар Шыпкоў згадаў і пра другія традыцыі: у яго вёсцы, як маладая курачка першы раз знясецца, яйка качалі па галаве дзіцяці — колькі на ёй валаскоў, столькі яна павінна знесці «мацачкоў».

Адметныя традыцыі фарбавання захаваліся ў гарадскім пасёлку Астрамечава на Брэстчыне. Таццяна Лук’янюк, падзялілася, што ў яе сям’і ўжо пяць пакаленняў захоўваюць гэту традыцыю: «Уся сям’я збіраецца за сталом, запальваецца свечка, чытаем малітву. Па чыстых сырых яйках пісачком, іголачкай ці цвічком робяцца малюнкі. Пазней яйкі фарбуюцца ў цыбулі». Яна заўважыла, што нідзе не сустракала, каб на пісанках малявалі ялінкі (як сімвал вечнага жыцця) ды зорачкі (дзеткі), а таксама ветрачкі (сімвал жыцця і руху).
Калі дзень станавіўся даўжэйшы за ноч
Тамара Ундруль з Браслава была адной з першых майстрыц на Віцебшчыне, якая дапамагала адраджаць традыцыі пісанкі. У часы, калі не было інтэрнэту, тэхнікі майстры аднаўлялі дзякуючы экспедыцыям. У адной з іх яна сустрэла жанчыну, якая служыла ў графіні Плятэр і распісвала воскам. Так стала вядома, што яйкі фарбавалі і ў багатых сем’ях. Тамара Ундруль займалася рэстаўрацыяй пісанак ХІХ стагоддзя, занатаваных у альбомах даследчыка Кульжынскага. А яшчэ яна сведчыць, як шмат майстрамі было зроблена для адраджэння пісанак. Напрыклад, сама шмат паездзіла па фестывалях і па Беларусі, і за яе межамі — і ўсюды рабіла майстар-класы па роспісе яек.

Доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута расказаў, што яшчэ ў 1980-я гады гэты традыцыйны від народнай творчасці знікаў, у беларусаў не было прынята хваліцца тым, што мы маем уласную пісанку. Хаця гэта была агульнаславянская традыцыя, якая ўзнікла яшчэ ў дахрысціянскія часы і была звязана з народным календаром. Пра гэта нагадвае і старажытная беларуская назва — Вялікдзень. Невыпадкова адным з атрыбутаў свята, прысвечанага пачатку вясны, стала яйка — яно ўтрымлівала новае жыццё. Каб узмацніць яго сімвалічную ролю, яйка фарбавалі ў чырвоны колер сонца, дэкарырывалі салярнымі знакамі. Яйка ўжывалася ў дзясятках абрадаў. Напрыклад, яго закопвалі ў першую ўзараную ніву, перакідвалі праз хату, каб яе не знішчыў пажар, насілі на могілкі, калі паміналі памерлых.
«Тое, што мы бачым сёння, — гэта, лічыце, амаль адраджэнне з небыцця, — заўважае Яўген Сахута. — Навукоўцы і энтузіясты не толькі захавалі і адрадзілі традыцыйныя пісанкі там, дзе яны бытавалі, але і пашырылі на ўсю Беларусь».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Ксеніі Ліннік і аўтара