Top.Mail.Ru

Сакрэты поспеху артысткі Вольгі Булай - самыя простыя рэчы

Прафесійная спявачка, артыстка, педагог, лаўрэат міжнародных конкурсаў, а яшчэ маці і жонка — усё гэта пра зорку беларускай эстрады Вольгу Булай. Карэспандэнт «ЧЗ. Чырвонай змены» распытала ў артысткі пра поспех і яго складнікі, рэалізацыю планаў, час і натхненне, без якога, пэўна, творчаму чалавеку жыць немагчыма.


Рэалізавала тое, пра што марыла

— Вольга, раскажыце, якім быў ваш шлях да сцэны?

— Я з дзяцінства ведала, кім хачу стаць. Спявала і танцавала, падбірала ўборы дома, уяўляючы сябе артысткай. А ў другім класе паступіла ў музычную школу і марыла аб сцэне. Паколькі я родам з маленькай вёскі Цяпіна, што ў Чашніцкім раёне, то шлях да мары быў даволі няпростым. Даводзілася тры разы на тыдзень дабірацца да музычнай школы, якая знаходзілася за дзесяць кіламетраў ад дома. Успамінаючы пра гэта цяпер, ганаруся той маленькай дзяўчынкай і тым, што не здрадзіла сваёй мары.

Скончыўшы школу, паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, які даў мне выдатныя тэарэтычную і музычную асновы. Там я сустрэла любімага педагога, сапраўднага прафесіянала сваёй справы — Святлану Аляксандраўну Борахаву. Яна паставіла мне прафесійна голас. З ёй мы займаемся вакалам і сёння, толькі цяпер гэта хутчэй можна назваць творчым саюзам. Пасля заканчэння каледжа ў 2017 годзе паступіла ў БДУКМ. Дарэчы, у абедзвюх установах адукацыі вучылася на спецыяльнасці «Мастацтва эстрады (спевы)». Я прафесійная спявачка! Рэалізавала тое, пра што марыла.

— Калі зразумелі, што вы запатрабаваны артыст?

— Магчымасць упершыню выйсці на вялікую сцэну даў мне Віталь Рыгоравіч (галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Віталь Кульбакоў. — «Зв.»). Як цяпер памятаю, ён патэлефанаваў са словамі: «Патрэбна дзяўчына, якая магла б выканаць песні „Zombіe“ і „Lіsten to my heart“, зможаш?» Зрабіць гэта тэхнічна было даволі няпроста, тры дні я рыхтавалася, хацелася паказаць сябе годна. Пасля прыйшла на рэпетыцыю-праслухоўванне, дзе пачула ад прафесіяналаў, што гучу класна. Той дэбютны канцэрт пад назвай «Класіка сустракае рок» стаў самым хвалявальным у жыцці. Энергетыка на ім зашкальвала. Кожны артыст, каму ўдалося выканаць кампазіцыю з Прэзідэнцкім аркестрам, лічу, пераможца.

— Раскажыце пра вопыт работы ў Маладзёжным тэатры эстрады.

— Працаваць туды запрасіла Уладзіслава Ігараўна Арцюкоўская. Яна, пэўна, разгледзела ў маёй асобе не толькі спявачку, але і актрысу, за што я ёй вельмі ўдзячная. Я ішла туды з упэўненасцю, што буду толькі спяваць, але праз некаторы час мне сказалі: «Будзеш выконваць ролю Вечнасці». Адчувала сябе тады хвалююча. Мая дачка, Ксенія, была яшчэ зусім маленькая, мы з ёй разам па начах вучылі сцэнарый. Больш таго, адрас, па якім размяшчаецца тэатр, навігатар у машыне доўга вызначаў як дамашні: шмат часу я праводзіла там. Дзякуючы камандзе прафесіяналаў, якія дапамагалі мне, усё склалася як мае быць. Асаблівую падзяку хачу выказаць Руслану Іосіфавічу (міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. — «Зв.»). Ён не проста выдатны акцёр, але і цудоўны чалавек. Дапамагаў, раскрываў мне, нявопытнай, сакрэты акцёрскага майстэрства, накіроўваў там, дзе гэта было патрэбна.

Хочаш нечага дабіцца — шмат працуй

— Ці лічыце сябе паспяховай цяпер?

— У мяне ёсць усе тыя рэчы, якія ў маім разуменні з’яўляюцца складнікамі поспеху: любімыя дом, работа і сям’я. Я — маці і жонка, запатрабаваны артыст. Калі гаварыць пра кар’еру, нават не магла ўявіць, што буду стаяць побач на адной сцэне з такімі артыстамі як Жанет, Руслан Аляхно, Вікторыя Алешка, Анатоль Ярмоленка — нашымі мэтрамі. Але ж гэта не выпадковасць. Ува мне з дзяцінства было закладзена: хочаш нечага дабіцца — шмат працуй. Самае галоўнае — не спыняцца на месцы і рухацца далей.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі творчымі планамі на найбліжэйшую будучыню.

— У дзяцінстве марыла пабываць на фестывалі «Славянскі базар», але не атрымлівалася, таму глядзела трансляцыі па тэлевізары. Мяне цікавілі не толькі канцэрты зорак эстрады, але і конкурс, на якім можна праявіць свае творчыя здольнасці. Можа, нават ён у большай ступені. Калі стала займацца творчасцю прафесійна, удзельнічала і двойчы займала ў фіналах на нацыянальных адборах на «Славянскі базар» другое месца. У гэтым годзе зноў вярнулася да думкі, што хачу спаборнічаць, цікава выходзіць з зоны камфорту. Муж маю ідэю падтрымаў: 15 сакавіка едзем у Іванава на фінал нацыянальнага адбору да міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Трымайце за мяне кулачкі!

— Над чым яшчэ працуеце?

— Мы з мужам працуем у тым ліку над рок-праектам «SHAMARHANA». Яго назва — маё дзявочае прозвішча. Альтэр-эга, скажам так. Рок-музыка мне вельмі падабаецца, хоць я часцей выконваю поп-музыку ці рамансы. Рок мае неверагодную энергетыку. У оперы мой персанаж спявае аб чыстым, светлым каханні. Мне б хацелася праз сваю творчасць заявіць, што сям’я і каханне павінны заставацца найважнейшымі каштоўнасцямі чалавека.

Імкнуся знаходзіць баланс

— Вашы адметнасці — мэтанакіраванасць і нястомны аптымізм…

— Усё ідзе з дзяцінства. Я тады сабе паставіла мэты і паступова іду да іх. А наконт аптымізму, у мяне за плячыма цудоўная сям’я, якая ва ўсім падтрымлівае, прымае маю занятасць, таму ўсё атрымліваецца.

— Раскажыце пра ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі «Разам з мастацтвам»…

— «Разам з мастацтвам» — жывы дыялог. Фармат праекта мне вельмі падабаецца: мы дзелімся з людзьмі гісторыямі поспеху, жыцця і творчасці. Я думаю, і аўдыторыі гэта цікава, таму што мы сваім прыкладам даказваем і расказваем, што ў нашай краіне кожны можа дабіцца поспеху. Не мае значэння, колькі ў цябе грошай або з якой ты сям’і. Стаў мэты — і ўсё атрымаецца. Цікава, што ёсць магчымасць гаварыць пра гэта з людзьмі. Плюс да ўсяго гэта папулярызацыя нашай творчасці. Я ніколі раней столькі не падарожнічала, таму адзначу яшчэ і магчымасць убачыць кожны куток роднай Беларусі.

— Ці застаецца час на сябе пры такой занятасці?

— Работы сапраўды вельмі шмат, і мне гэта падабаецца. На хобі часам сіл не хапае, але імкнуся знаходзіць баланс. Тут галоўнае задацца мэтай.

— Дзе вы чэрпаеце натхненне?

— Захапляюся гарамі і морам. Раз на год мы з сям’ёй выязджаем у падарожжа. Яны — мая лепшая кампанія.

Фота з асабістага архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю