Top.Mail.Ru

Сакрэты сям'і, якая не баіцца цяжкасцяў і папулярызуе спартыўныя ініцыятывы

«Усе нашы перамогі — агульныя»

Іх фота нядаўна было на білбордах па ўсёй Беларусі. У кастрычніку 2024 года сям’я Дзмітрыя і Ірыны Грамыка стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года», дзе прадставіла свой сацыяльны праект «Сям’я чэмпіёнаў». Але галоўнае — не ўзнагароды, а тое, як гэта сям’я штодня даказвае: моцны шлюб пачынаецца з дваіх чалавек, якія аднойчы сказалі адно аднаму «так» і ідуць далей па жыцці, трымаючыся і давяраючы, вучаць гэтаму сваіх дзяцей.

Прынц у белым кімано

Іх гісторыя пачалася ў школе. Дзмітрый — трэнер па дзюдо, Ірына — маладая настаўніца англійскай мовы. Яны прыйшлі працаваць у адну школу ў адзін год.

«Я зайшла ў залу, а ён стаіць — малады, прыгожы, — успамінае Ірына. — У белым кімано. І я адразу зразумела: вось ён».

Ірына пачала шукаць нагоды быць побач. То дзяцей на трэніроўку адвядзе, то на агульных мерапрыемствах апынуцца разам. А праз год Ірына паехала з ім у камандзіроўку ў Кыргызстан. Тая самая паездка стала пачаткам іх сумеснага шляху. Два гады яны сустракаліся. І вось у 2008-м згулялі вяселле.

Дзевяць «квадратаў» і ночы ў школе

Першыя гады маладая сям’я жыла ў інтэрнаце. Спачатку — у пакойчыку на 9 квадратных метраў удваіх. «Там нават размінуцца не было дзе», — жартуе Дзмітрый. Потым нарадзілася Эліна. І ў тых самых дзевяці «квадратах» — ужо ўтраіх. «Было вельмі цяжка, — уздыхае Ірына. — Але мы трымаліся».

Дзмітрый, каб пракарміць сям’ю, працаваў на трох работах. Днём — у школе настаўнікам фізкультуры, вечарам — трэнерам у той жа школе, ноччу — у ахове. Часам ён начаваў на рабоце, бо дадому вяртацца не было сіл.


Аднак менавіта гэты час, самы цяжкі, не разлучыў іх, а, наадварот, загартаваў. «Я мужчына, — кажа Дзмітрый. — Для мяне кінуць сям’ю — гэта перастаць быць мужчынам. Я вырас у вёсцы. Ведаю, што такое рыдлёўка, што такое сеяць збожжа, бульбу саджаць і ўбіраць. У мяне нармальнае выхаванне, таму адказваць за сям’ю — гэта святое».

«Як бы цяжка ні было — справіліся, перажылі», — кажа Дзмітрый.

Ірына дадае: «Важна, каб мужчына супакоіў. Калі я баялася нараджаць трэцяга, ён сказаў: „Дзе двое, там трое. Мы справімся“. І я паверыла».

Дапамагаў ім і бацька Ірыны — воін-інтэрнацыяналіст, сапраўдны афіцэр. «Быў мужчына з вялікай літары», — успамінае Дзмітрый цесця.

Сёння ў сям’і трое дзяцей. Эліне 17 — яна вучыцца ў школе алімпійскага рэзерву, у нацыянальнай зборнай па дзюдо. Сафіі 11, Платону 9. Малодшыя ходзяць да таты на трэніроўкі. «Усе дзеці — у дзюдо, — гаворыць Дзмітрый. — Навошта выбіраць іншы від спорту, калі я сам трэнер?»

Імя сыну выбіраў бацька: «Старадаўняе, славянскае, рэдкае. Каб сын рос маім багатыром». Ірына жартуе: «Дачок ён любіць, але сын — гэта іншая любоў».

Як дзяржава дапамагла пабудаваць жыллё

Спачатку сям’я жыла ў блоку ў інтэрнаце: два пакоі. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці пяцярым ужо было цесна. І дагэтуль згадваюць, як ім, ужо шматдзетным, прапанавалі будавацца.

«У Ірыны быў дзень нараджэння, — расказвае Дзмітрый. — І раптам тэлефануюць з адміністрацыі Фрунзенскага раёна: «Дзмітрый Сяргеевіч, прыязджайце на размеркаванне трохпакаёвай кватэры». Ірына дадае: «Нам далі спіс на 5-6 лістоў, дзе можна будаваць. Мы сядзім, не верым сваім вачам. У выніку абралі спакойны раён, каля лесу. І праз некалькі месяцаў, 15 снежня — у дзень нараджэння Дзмітрыя, пачалося будаўніцтва».


Дзяржава дала ім субсідыю — крэдыт пад 3 %. «Цяпер мы плацім 80 рублёў у месяц за гэту субсідыю, — дзівіцца Дзмітрый. — Вы разумееце, гэта капейкі». Акрамя таго, яны выкарысталі сямейны капітал, які дзяржава падарыла за нараджэнне трэцяга дзіцяці. «Пакуль мы збіралі дакументы і будавалі, грошы ляжалі ў банку пад працэнтамі, і сума падрасла. Гэта вялізны плюс. Мы свае асабістыя грошы не чапалі — нам хапіла тых, якія падарыла дзяржава».

Цяпер сям’я жыве ў трохпакаёвай кватэры ў пяці хвілінах ад метро. «Калі б нам не дапамагла дзяржава, — гаворыць Ірына, — мы б, напэўна, да гэтага часу здымалі жыллё ці туліліся ў тым інтэрнаце. Таму мы вельмі ўдзячныя».

Дапамога дзяржавы — гэта не толькі кватэра. У сям’і шмат дзяцей, таму — бясплатны праезд, бясплатнае харчаванне ў школе, 50 % аплаты падручнікаў, палова транспартнага падатку на машыну. «Нават у Парку Горкага, калі мы прыходзім усе ўпяцярых, — гаворыць Дзмітрый, — для нас робяць добрую зніжку. Здаецца, дробязь, але нам прыемна».

І жонцы зрабіў падарунак, і краіне

Дзмітрый і Ірына шмат працуюць. Цяпер у Ірыны як класнага кіраўніка гарачая пара — канец навучальнага года. У Дзмітрыя таксама шмат працы: трэніроўкі, паездкі, зборы. Але яны знайшлі сакрэт моцнага шлюбу: трэба быць не толькі бацькамі, але і мужам і жонкай.

«Калі не знаходзіць час адно на аднаго, любыя пачуцці згаснуць, — упэўнена Ірына. — Дзеці ў нейкім сэнсе госці ў нашым доме. Яны вырастуць і пойдуць. А мы застанемся».

Іх любімы спосаб быць разам — сумесныя паездкі на спаборніцтвы. Дзмітрый вязе каманду — Ірына едзе следам. Апошнім яркім падарожжам стала паездка на Чэмпіянат свету сярод ветэранаў.

«Яна паляцела са мной, — з задавальненнем кажа Дзмітрый. — Дзеці — да бабуль, Эля была на зборах. А мы ўдваіх — на цэлы тыдзень».

Дзмітрый заваяваў бронзу. «Трэцяе месца на чэмпіянаце свету, — расказвае ён. — Я адчуваў такі неверагодны гонар, калі падымаўся сцяг нашай краіны. Медаль прысвяціў Ірыне, бо яна заўсёды побач. Я выканаў сваю задачу на 200 %: і жонцы падарунак зрабіў, і краіне».

Старэйшая дачка Эліна, якой 17 гадоў, ужо сама спартсменка — яна ў нацыянальнай зборнай па дзюдо. Пра сваіх бацькоў кажа з цеплынёй: «Яны заўсёды мяне падтрымліваюць. Мама заўсёды побач, калі трэба парада. А тата... ён навучыў мяне не здавацца. Гэта, напэўна, галоўнае, што я ад іх узяла».

На пытанне, як бавіць час з сям’ёй, Эліна адказвае: «Мы любім ездзіць у паходы з палаткамі. Некалі я не вельмі любіла гэта: камары, павукі... А цяпер падабаецца. Гэта наш агульны час, калі мы ўсе разам, без тэлефонаў, без трэніровак. Проста сям’я».


«Мы з’яўляемся пасламі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, — з гонарам гаворыць Эліна. — Наша задача — папулярызаваць спартыўныя ініцыятывы сярод сем’яў і моладзі. Тлумачым фармат спаборніцтваў на вулічных пляцоўках, дапамагаем з рэгістрацыяй удзельнікаў і даносім ідэю, што спорт даступны кожнаму. Галоўнае, што мы паказваем сваім прыкладам: здаровы лад жыцця і сумесная актыўнасць неверагодна ўмацоўваюць сямейныя сувязі».

На пытанне, хто з сужэнцаў галоўны, Дзмітрый адказвае: «Я, бо галавой сям’і павінен быць мужчына». Ірына ўсміхаецца: «Галоўнае, каб умеў гатаваць. А ён умее. Па пятніцах — свята на кухні. Я гатую, каб пракарміць. Ён — каб парадаваць».

Што сказаць маладым сем’ям у Дзень сям’і? Дзмітрый занепакоены, што моладзь не спяшаецца нараджаць дзяцей. «Не бойцеся. Будзе цяжка? Будзе. Але ўдваіх — усё прасцей. Нараджайце дзяцей. Адно — добра, тры — цуд». Ірына дадае: «Знайдзіце паўгадзіны на дваіх. Бо калі вы будзеце толькі мамай і татам — дзеці вырастуць, а вы станеце чужымі».

Надзея ЗУЕВА

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю