Top.Mail.Ru

Салата «Лалік» і «шакаладны» памідор — што прапануюць у новым сезоне сталічныя аграрыі

Вясна ўступае ў свае правы, а разам з ёй абуджаецца і жаданне свежасці — сакавітай зеляніны, хрумсткай агародніны, яркіх фарбаў на талерцы. Мы ўжо з нецярпеннем выглядаем, калі на прылаўках крам з’явіцца першая айчынная прадукцыя, якая пахне не далёкім імпартам, а сапраўднай вясной. І чакаць засталося зусім нядоўга. Генеральны дырэктар УП «Мінскі парнікова-цяплічны камбінат» Сяргей НЕКРАШЭВІЧ расказаў пра новыя віды прадукцыі, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і азеляненне сталіцы, якое вось-вось пачнецца.


Новыя смакі вясны

Галоўная навіна для прыхільнікаў свежай зеляніны і агародніны — пашырэнне асартыменту. У бягучым годзе на прылаўках з’явяцца не толькі традыцыйныя віды прадукцыі.

«Сёлета мы плануем па зялёнай прадукцыі новую салату „Лалік“ запусціць у рэалізацыю», — расказаў Сяргей Некрашэвіч.

Акрамя таго, аматараў незвычайных смакаў чакае сюрпрыз.

«Па агародніннай прадукцыі будзе прадстаўлены на паліцах нашых гандлёвых сетак і фірменных крам — акрамя жоўтага, шакаладны тамат, які мае добрыя смакавыя якасці і ўжо быў апрабаваны як эксперымент у мінулым годзе», — адзначыў кіраўнік камбіната.

Перавага чэры і планы на рост

Асаблівая ўвага на прадпрыемстве надаецца папулярным дробным памідорам. Сяргей Некрашэвіч пацвердзіў, што вытворчасць чэры значна ўзрасла: у абарот уводзяцца новыя гатункі, у тым ліку арыгінальныя чорныя чэры.


Гаворачы аб стратэгіі развіцця, дырэктар патлумачыў:

«Калі спачатку навінкі прапануюцца ў першую чаргу ў нашых фірменных крамах, то пасля вывучэння маркетынгавых пераваг спажыўцоў мы ўжо павялічваем аб’ёмы і прапануем іх для гандлёвых сетак усёй краіны».

Чакаць першай свежай прадукцыі варта ўжо хутка.

«Новыя віды свежай прадукцыі айчыннай вытворчасці чакаем у красавіку. Цяпер ідзе наліў дадзенага віду прадукцыі, і з улікам надвор’я і сонца, думаю, праз пару тыдняў ужо будзе прадстаўлена на паліцах гандлёвых сетак», — паведаміў Сяргей Некрашэвіч.

Што датычыцца іншых агароднінных культур, дзякуючы ўдасканаленню тэхналогій вытворчасці плошчы застануцца ранейшымі, аднак гэта не перашкодзіць росту.

«Летась адбылося павелічэнне вытворчасці баклажанаў на 20 % і ў чатыры разы перцаў. У гэтым годзе плошчы засталіся тыя ж, але дзякуючы ўдасканаленню тэхналогій вытворчасці мы таксама плануем павялічыць вытворчасць баклажанаў і перцаў на 15 %», — падкрэсліў кіраўнік камбіната.

Кветкавае ўбранне сталіцы

Асобна Сяргей Некрашэвіч спыніўся на азеляненні Мінска. Горад рыхтуецца атрымаць істотна больш раслін, чым у мінулым сезоне.

«Пастаўлена задача кіраўніцтвам горада забяспечыць не меней за 50 тысяч кустоў руж — гэта з закрытай каранёвай сістэмай з укараненнем рознакаляровай расфарбоўкі. У мінулым годзе мы адгрузілі гораду 33 тысячы. Сёлета вы бачыце, якое павелічэнне», — пракаменціраваў лічбы Сяргей Некрашэвіч.

Акрамя адналетнікаў, не забыліся і пра шматгадовыя насаджэнні.

«Акрамя таго, у мінулым годзе было рэалізавана гораду 18 тысяч штук шматгадовых раслін. У бягучым таксама не меней за 50 тысяч штук. І ўжо гатова сёння расада на раздзяляльныя палосы і кашпо для горада. Летась было 7 400 скрыняў. Сёлета каля 12 тысяч штук скрыняў будзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя, думаю, выстаўлена на раздзяляльныя палосы дарог Мінска», — дадаў ён.

Высадка ўжо на падыходзе, але азеляніцелі ўважліва сочаць за тэмпературным рэжымам.

«Хацелася б, каб, вядома ж, маладыя свежыя расліны не падвяргаліся мінусавай тэмпературы. Нягледзячы на тое, што віёла вытрымлівае да мінус 3», — рэзюмаваў Сяргей Некрашэвіч, заклікаючы дацярпець да ўстойлівага цяпла.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю