Top.Mail.Ru

Салёная бручка з кітайскага Аршана стала далікатэсам у Еўропе

Салёная бручка з сельскай мясцовасці каля горада Аршан, што ў аўтаномным раёне Унутраная Манголія (Паўночны Кітай), стала сапраўдным далікатэсам на еўрапейскім стале і адначасова ператварылася ў мясцовую турыстычную візітную картку, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



Мясцовая жыхарка Дун Сюлі вось ужо 20 гадоў вырошчвае бручку і ніколі нават не думала, што вясковая салёная гародніна будзе прадавацца за мяжой, а гадавы аб’ём вытворчасці перавысіць 100 мільёнаў юаняў.

Бручка прыйшла ў Аршан з Еўропы праз Расію. Гэта крыжакветная гародніна, багатая на вітамін C, выдатна прыжываецца ў суровым клімаце хрыбта Дасін’аньлін. Бручка любіць прахалоду і рэзкія перапады тэмператур, таму цудоўна расце на высакагорных глебах тайгі.

Доўгі час яе прадавалі як танную сыравіну — тэхналогій глыбокай перапрацоўкі не існавала. Сітуацыя змянілася пасля ўкаранення новых вытворчых метадаў. Тэхнолаг Лі Хайцзін адзначае, што адборныя караняплоды тройчы прамываюць у праточнай вадзе, марынуюць пад вакуумам і стэрылізуюць, што дазваляе цалкам захаваць іх натуральны смак.

Сёння ў наваколлях Аршана раскінуліся плантацыі бручкі плошчай каля 10 тысяч му (звыш 660 гектараў). Вытворчасць вядзецца па схеме «прадпрыемства — кааператыў — фермер», у ланцужок уцягнуты 150 сельскіх хатніх гаспадарак.

Аршанская бручка атрымала статус прадукту з нацыянальным геаграфічным указаннем. Выпускаецца некалькі лінеек прадукцыі, а салёныя закускі пастаўляюцца ўжо на рынкі еўрапейскіх краін.

Бручка дала штуршок развіццю гастранамічнага турызму. З яе гатуюць піражкі «люкэ» — іх назва ў перакладзе з кітайскай азначае «здзівіць гасцей», яны сталі сапраўдным сімвалам Аршана.

46-гадовы Хуан Ган, афіцыйны носьбіт нематэрыяльнай культурнай спадчыны па прыгатаванні гэтай стравы, прапануе піражкі з «хатнім смакам дзяцінства», па які зараз прыязджаюць турысты з усёй Паднябеснай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю