Top.Mail.Ru
296

Салют, канцэрты і народныя гулянні: куды пайсці на Дзень Незалежнасці ў Мінску

Мінск маштабна і ярка адзначыць Дзень Незалежнасці. У святочнай праграме — салют, канцэрты і народныя гулянні, паведамляе БелТА.


Цэнтральнай падзеяй 3 ліпеня ў сталіцы стане гала-канцэрт «Моцныя ў адзінстве, адзіныя ў песні», які пройдзе каля абеліска «Мінск — горад-герой» у 21.00. Завершыцца вечар акцыяй «Спяём гімн разам!». Урачыстая цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі на аднайменнай плошчы пачнецца ў 12.00. У той жа час каля Палаца спорту стартуе канцэртная праграма «Магістраль нашай Незалежнасці». Маладзёжны фестываль сучасных патрыятычных хітоў «Спяваем разам усёй краінай» пачнецца ў 21.00 каля Нацыянальнай бібліятэкі. На працягу дня ў розных раёнах горада будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. Сярод іх — выстава «Беларусь у маім сэрцы» ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і святочны кірмаш каля Палаца спорту.

Святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці пройдуць ва ўсіх раёнах Мінска.

Заводскі раён

Святкаванне пачнецца ў 07.40 на тэрыторыі каля «Чыжоўка-Арэны», дзе стартуе спартыўнае свята па лыжаролерах «Радасць світання». З 11.00 да 15.00 для сем’яў з дзецьмі будзе працаваць святочная праграма ў Мінскім заапарку. Асноўныя ўрачыстасці разгорнуцца на пляцоўцы перад «Чыжоўка-Арэнай» з 13.00 да 19.00.

Ленінскі раён

На тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу з 10.00 да 19.00 пройдзе вялікае раённае свята «Са святам, Незалежная Беларусь!». Тут жа адбудзецца конкурс сем’яў «Сямейны рух», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам жанчын.

Маскоўскі раён

Парк імя Паўлава стане галоўнай пляцоўкай святочных мерапрыемстваў. З 10.00 да 19.00 тут пройдзе раённае свята «Ганарымся табой, Беларусь!», а таксама патрыятычная акцыя «#Роднае-Народнае», накіраваная на папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў.

Кастрычніцкі раён

Адразу дзве святочныя пляцоўкі будуць працаваць 3 ліпеня. У мікрараёне «Сокал» з 13.00 да 16.00 пройдзе канцэрт «Я за цябе сэрцам, Беларусь». А ў парку «Курасоўшчына» (гарналыжны цэнтр «Сонечная даліна») гасцей чакае раённае свята «У імя міру і росквіту» з 13.00 да 19.00.

Партызанскі раён

З 12.00 да 17.00 у Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага адбудзецца раённае свята. Акрамя таго, у 11.30 адкрыецца новая дзіцячая гульнявая пляцоўка па адрасе вул.Карвата, 31Г.

Першамайскі раён

Пяць святочных пляцовак адкрыюцца ў Першамайскім раёне. З 11.30 да 15.00 — канцэрт на Дзіцячай чыгунцы. З 12.00 да 18.00 на стадыёне па вул.Герояў 120-й дывізіі, 15 пройдзе раённае свята «Незалежная, сінявокая Беларусь!». З 13.00 Цэнтральны батанічны сад запрашае на канцэрт з удзелам беларускіх артыстаў. Таксама адбудзецца спартыўна-патрыятычная акцыя ДТСААФ на плошчы каля Нацыянальнай бібліятэкі. У парку Чалюскінцаў пройдзе дзіцячая праграма «Лепшае на свеце — гэта нашы дзеці», а з 17.00 — танцавальны вечар для пажылых.

Савецкі раён

З 11.00 да 19.00 сквер па бульвары Мулявіна стане месцам правядзення культурна-відовішчнай праграмы «Пад мірным небам Беларусі». З 15.00 да 23.00 у культурнай прасторы «ЛідбірДвор» на вул.Гікалы, 5 пройдзе фестываль «Квітней, Беларусь!».

Фрунзенскі раён

У Фрунзенскім раёне ўрачыстасці разгорнуцца адразу на трох пляцоўках. З 12.00 да 17.00 пройдуць раённыя святы «Квітней, мая Беларусь!» у парку імя 60-годдзя Кастрычніка і «Мая радзіма — Беларусь» у парку імя Уга Чавеса. Таксама ў 12.00 пачнецца пленэр «Пад мірным небам» у ЦДАДіМ «Эўрыка».

Цэнтральны раён

Галоўнае мерапрыемства раёна — свята «Пад мірным небам Беларусі» — пройдзе з 11.00 да 17.00 у парку Перамогі (уваход з боку праспекта Пераможцаў).

Завершыцца дзень яркім святочным феерверкам, што расквеціць неба над Мінскам у 23.00.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю