Абескаляроўванне ахапіла 84% акіянскіх рыфаў, паведамляе «МИР 24» са спасылкай на заяву прадстаўнікощ міжнароднай даследчай групы. Гэта самая маштабная падзея такога кшталту ў гісторыі чалавецтва.
Глабальнае абескаляроўванне стала ўжо чацвёртым з 1998 года. Яно перасягнула маштаб падзеі 2014 — 2017 гадоў, якая закранула каля 66% рыфаў. Цяперашні крызіс пачаўся ў 2023 годзе і пакуль незразумела, калі ён скончыцца.
Мінулы год прызналі самым спякотным у гісторыі назіранняў. Рэкордна высокія тэмпературы фіксавалі не толькі ў атмасферы, але і ў акіянах. Сярэднегадавая тэмпература іх паверхні ўдалечыні ад палюсоў дасягнула беспрэцэдэнтных 20,87 °С.
Пацяпленне смяротна небяспечна для каралаў. Яны набываюць яркі характэрны колер дзякуючы водарасцям, якія жывуць усярэдзіне іх і з'яўляюцца крыніцамі пажыўных рэчываў. Пры працяглай спякоце водарасці пачынаюць вылучаць таксічныя злучэнні, і каралы адрыньваюць іх. Застаецца збялелы шкілет, і аслаблены карал падвяргаецца падвышанай рызыцы гібелі.
Вучоныя падкрэслілі, што каралы гуляюць ключавую ролю ў падтрыманні марскіх экасістэм і абароне берагоў ад эрозіі. Іх нават называюць «марскімі трапічнымі лясамі», бо яны падтрымліваюць высокі ўзровень біялагічнай разнастайнасці. Прыкладна 25% марскіх відаў насяляюць на каралах або вакол іх.
Цяпер рэалізуюцца праекты па выратаванні каралавых рыфаў. Галандскія навукоўцы сабралі ўзоры каралаў ля берагоў Сейшэльскіх астравоў для размнажэння ў лабараторных умовах. У даляглядзе, вырашчанымі караламі можна будзе паўторна засяліць рыфы. Аднак для глабальнай абароны каралаў неабходна скараціць выкіды парніковых газаў, такіх як вуглякіслы газ і метан.
Фота з адкрытых крыніц