Top.Mail.Ru

Самародак зямлі салігорскай

«Літаратурны Алімп Беларусі» прадстаўляе паэт, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Фёдар Гурыновіч


Сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаёміць з лепшымі сучаснымі літаратарамі.

У галерыі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, як заўсёды ў такія дні, мнагалюдна. І на гэты раз ёсць добрая нагода напоўніць душу водарам цёплых слоў, якія сыходзяць ад паэта. Радасць сустрэчы раздзяляюць калегі, сваякі, сябры, землякі-салігарчане галоўнага завадатара сустрэчы — Фёдара Гурыновіча. 

Месца, дзе нарадзіўся Фёдар Фёдаравіч, — вёска Крывічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. І далей павялося так, што ўсё яго жыццё звязана з радзімай. Багатая на калійныя солі тутэйшая зямля, можна сказаць, прадвызначыла далейшы шлях Фёдара Гурыновіча — пасля дзесяцігодкі паступіў на вучобу ў Салігорскі горна-хімічны тэхнікум.

Служба ў арміі стала новай вехай у жыцці і ў... творчасці. Менавіта ў той час у газеце «Балтийский луч» горада Ламаносава Ленінградскай вобласці з’явілася яго першая падборка вершаў. 

Пасля службы звольніўся ў запас. Але хіба запасам назавеш тое, што патрабавала энтузіязму і маладой энэргіі? З 1974 года Фёдар Гурыновіч на «Беларуськаліі» — навальшчык, шліфоўшчык, тэхнік-тэхнолаг. Паралельна заахвочаны творчасцю чалавек. Факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта не стаў выпадковасцю ў яго лёсе — спярша карэспандэнт салігорскай раёнкі «Шахцёр», а пасля амаль 30 гадоў карэспандэнт, адказны сакратар, галоўны рэдактар газеты салігорскіх гарнякоў «Калійшчык Салігорска». Такое паглыбленне ў журналістыку, звязаную са спецыфічнай тэмай, не менш вартае пахвальбы, чым распрацоўка глыбінных залежаў прыродных выкапняў. 

Аб Фёдары Гурыновічу, як аб паэце, загаварылі ў 1980 годзе, калі пабачыў свет яго першы вершаваны зборнік «Хлеб і соль». Цёплыя словы гучалі ў адрас прыкметнага пачаткоўца ад Пімена Панчанкі, Анатоля Вялюгіна, Рыгора Барадуліна, які, дарэчы, рэдагаваў гэтае выданне. 

Цяпер у асабістым фондзе аўтара — больш за трыццаць зборнікаў прозы і паэзіі. Паміж імі — натхненне, пошукі асабістага творчага почырку, душэўныя перажыванні, прыемныя імгненні сустрэч з чытачом.

З усяго напісанага паэт лічыць для сябе арыенцірам вось гэтыя радкі:
Маёй рукой таксама водзіць Бог,
Хаця пішу я рэдка і нямнога.
Калі ж каму я вершам дапамог —
Хваліце Бога.
Напэўна, мог, у прынцыпе, і сам
Свайму натхненню зрэдку даць патолю.
І ўсё-ткі, што б тады я ні пісаў,
Было б не тое.
Я не царкоўны вернік. Бог, даруй.
Але ж, хоць не спазнаў я Божай ласкі,
Усё, пра што пішу і гавару,
З тваёй падказкі.

У Саюз пісьменнікаў СССР Ф. Гурыновіча прынялі ў 1991 годзе. І ў весь гэты час, цяпер ужо і ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, ён у кагорце майстроў мастацкага слова.

У 1998 годзе кніга «Птушыная азбука» Фёдара Гурыновіча была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра. У 2011 годзе на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе зборнік яго выбраных вершаў «Застаецца вера» прызнаны лепшай кнігай 2010 года. Асобныя вершы паэта ўвайшлі ў падручнікі па беларускай мове і літаратуры для малодшых класаў.

За літаратурную і грамадска-палітычную дзейнасць, выхаваўчую работу сярод школьнікаў і моладзі Фёдар Гурыновіч двойчы узнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага дзяржаўнага Камітэта нафты і хіміі, Дзяржаўнай інспекцыі па ахове прыроды пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, неаднаразова — граматамі Салігорскага райвыканкама, ААТ «Беларуськалій». З’яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Салігорска, заслужаным ветэранам ААТ «Беларуськалій».

У 2024 годзе Фёдар Гурыновіч, як лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі падымаўся на галоўную сцэну свята — Дня беларускага пісьменства. Знакавы для паэта твор — «Паляўнічая паэма», якую можна параўнаць з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага. З тых далёкіх часоў ніхто з творцаў не звяртаўся ўшчыльную да тэмы легенды беларускага леса. Гэта гімн не толькі паляванню, але і цудоўнай беларускай прыродзе. Праз паэму чырвоным радком праходзіць асноўная думка: любіць прыроду — значыць, любіць Радзіму.

Лірычная, мілагучная паэзія Фёдара Гурыновіча захапіла кампазітараў на стварэнне музыкі да яго вершаў. Паэт ганарыцца сваім супрацоўніцтвам з кампазітарамі Эдуардам Зарыцкім, Кімам Цесаковым, Генадзем Сіўцовым Ф. Гурыновіч з’яўляецца аўтарам гімна шахцёраў ААТ «Беларуськалій» і марша футбольнага клуба «Шахцёр».

Падчас творчай імпрэзы гучалі запісы музычных кампазіцый.

Аўтар шчыра дзяліўся сваімі жыццёвымі гісторыямі, творчымі адкрыццямі. 

Краналі паэтычныя радкі, прасякнутыя цеплынёй, дабром, пяшчотай, шчырасцю і абаяльнасцю, праўдзівасцю пачуццяў, удзячнай любоўю да ўсяго, дараванага лёсам.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю