Беларуска Марыя Кандрацьева атрымала перамогу на чэмпіянаце свету па самба 2026 года ў сталіцы Узбекістана Ташкенце, паведамляе БелТА.
На шляху да золата ў вагавой катэгорыі звыш 80 кг прадстаўніца Беларусі перамагла Сінцію Каналес з Гандураса, расіянку Вольгу Артошыну, Нерміне Граўа з Алжыра і грузінку Элене Кебадзэ. Кандрацьева выйграла сусветны форум другі раз (упершыню ў 2024 годзе), таксама Марыя з’яўляецца трохразовай чэмпіёнкай Еўропы.
Сярэбраным прызёрам планетарнага першынства ў Ташкенце стала Анжэла Жылінская (да 72 кг). Наша спартсменка нанесла паражэнні дзяўчатам з Казахстана, Ізраіля і Узбекістана, але ў фінале прайграла Алесі Пасылкінай з Расіі. Гэты медаль стаў для Жылінскай юбілейным, 10-м у кар’еры на ЧС (1-4-5).
Таксама 8 лістапада беларусы заваявалі тры бронзавыя ўзнагароды. У паядынку за трэцяе месца Таццяна Мацко (да 59 кг) перамагла Іву Іванову з Балгарыі, Данііл Патачыц (да 98 кг) быў мацнейшым за Мікіту Варашыліна з Кыргызстана, а Уладзіслаў Мардусевіч (да 71 кг) стаў прызёрам пасля дыскваліфікацыі яго саперніка таджыка Сафіялоха Хікматава.