«Мы захоўваем рэгулярнасць сустрэч на самым высокім узроўні»
«Вы заўсёды адзначалі, што ў Мінску ў нас атрымліваецца, праводзячы тыя ці іншыя мерапрыемствы, скончыць іх вынікова», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных кіраўнікоў дзяржаў і выказаў упэўненасць, што і гэты саміт не стане выключэннем.
«Я вельмі рады вітаць вас у беларускай сталіцы. Нягледзячы на загружанасць графікаў прэзідэнтаў, мы захоўваем рэгулярнасць сустрэч на самым высокім узроўні», — падкрэсліў беларускі лідар. Гэта дазваляе аператыўна рэагаваць на праблемы, якія ўзнікаюць, вырашаць пытанні, па якіх не можа знайсці развязкі Еўразійская эканамічная камісія, ды і ў цэлым падтрымліваць інтэнсіўны тэмп работы органаў ЕАЭС.
«Думаю, вы пагодзіцеся, што гэта таксама добрая магчымасць у коле блізкіх па духу людзей абмеркаваць міжнародны парадак дня. А ён вельмі насычаны апошнім часам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У рамках пленарнай сесіі Еўразійскага эканамічнага форуму лідары пачалі абмеркаванне актуальных тэм і стратэгіі паглыблення еўразійскай інтэграцыі. Прэзідэнт заўважыў, што адбыўся прадметны абмен думкамі аб перспектывах эканамічнага партнёрства, кожны выказаў свае ацэнкі і бачанне далейшага развіцця Саюза.
«Упэўнены, што рэалізацыя агучаных ідэй будзе садзейнічаць умацаванню ЕАЭС як ключавой інтэграцыйнай платформы на постсавецкай прасторы і полюса эканамічнага прыцягнення ў міжнародным вымярэнні, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Наша аб’яднанне прыцягвае да сябе ўвагу ў свеце. Адны па-добраму глядзяць, як мы нядрэнна набіраем абароты, і падключаюцца да нашага Саюза. Другія прадчуваюць момант, калі мы спатыкнёмся ці ўвогуле разыдземся. Чые чаканні апраўдаюцца, залежыць выключна ад нас».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, членам Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ёсць што абмеркаваць. Шэраг пытанняў парадку дня патрабуе прыняцця канкрэтных рашэнняў на самым вышэйшым узроўні.
«Старшынства Рэспублікі Беларусь у органах ЕАЭС рэалізуецца ў асаблівы год з пункту гледжання далейшых перспектыў для развіцця нашага аб’яднання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і патлумачыў, чаму.
Па-першае, завяршаецца рэалізацыя стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. «Гэта значыць, прыняўшы праграму да 2025 года, мы яе сёлета завяршаем. З усімі недахопамі, пра якія мы гаварылі», — удакладніў беларускі лідар.
Па-другое, сёлета павінна быць прынятая «дарожная карта» сумесных дзеянняў на наступны перыяд — ужо для рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у ЕАЭС.
«Мы падтрымалі прапанову аб тым, што адпаведны план мерапрыемстваў будзе зацверджаны на ўзроўні Савета ЕЭК, а затым прадстаўлены Вышэйшаму Савету, — нагадаў Прэзідэнт. — Але гэта не значыць, што пытанне застанецца без увагі кіраўнікоў дзяржаў. Чакаем грунтоўны даклад на снежаньскім пасяджэнні».
Звяртаючыся да калег, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Калі мы хочам, каб ЕАЭС быў рабочай і эфектыўнай структурай, а не пляцоўкай тэарэтычных дыскусій (хоць гэта таксама нядрэнна), тэмп развіцця нашага Саюза на наступную пяцігодку павінен быць напружаным, па кожным напрамку патрэбны выразны алгарытм дзеянняў, які прыводзіць да пэўнага агульнага выніку».
Рух у міжнародным напрамку ідзе правільным курсам
Прэзідэнт заўважыў, што добрай традыцыяй становіцца прысутнасць на парадку дня тэматыкі міжнароднага супрацоўніцтва. У парадак пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ўключаны даклад аб рэалізацыі Асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці Саюза за 2024 год.
«Лічу, што рух у гэтым пытанні ідзе правільным курсам, асабліва ў цяперашняй міжнароднай абстаноўцы, калі бурацца, здавалася б, непарушныя правілы і дамоўленасці, якія прымяняліся дзесяцігоддзямі», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці прадоўжыць сістэмную работу па спалучэнні патэнцыялу ЕАЭС з магчымасцямі найбуйнейшых міжнародных аб’яднанняў і ініцыятыў, з якімі агульныя статутныя каштоўнасці. «Найважнейшы інструмент прасоўвання агульных інтарэсаў краін — членаў на міжнароднай арэне — стварэнне зон свабоднага гандлю Саюза з трэцімі краінамі», — адзначыў ён.

На парадку дня пасяджэння Вышэйшага савета — таксама і падпісанне часовага гандлёвага пагаднення з Манголіяй і пагаднення аб эканамічным партнёрстве з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. «Пашырэнне пула краін, якія заключылі з намі падобныя дагаворы, пацвярджае правільнасць міжнароднага вектара дзейнасці Саюза», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Трэба пагаварыць прадметна
Традыцыйна на павестцы прысутнічаюць пытанні функцыянавання ўнутранага рынку ЕАЭС. «Тут таксама трэба будзе прадметна пагаварыць, даць ацэнку ўплыву асобных фактараў, прыняць рашэнні аб тым, як будзем рухацца далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Упэўнены, што нашы зносіны як у рамках афіцыйнага парадку дня, так і за яго межамі дазволяць знайсці адказы на ўсе існуючыя пытанні, у коле аднадумцаў падабраць ключы да вырашэння самых складаных інтэграцыйных задач», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА