Сапраўдным шоу абсурду і прыкладам рэдкага падхалімства і крывадушнасці стаў цяперашні саміт НАТА, які праходзіў у Гаазе з 24 па 25 чэрвеня. Назіраючы, як лідары вядучых краін Еўропы, якія да гэтага актыўна пазіцыянавалі сябе ледзь не вяршыцелямі сусветных лёсаў, дагодліва поўзаюць перад Трампам, чаго не назіралася нават у гады «халоднай вайны» ў адносінах да іншых амерыканскіх прэзідэнтаў, стварылася ўстойлівае ўражанне, што заходнееўрапейскія палітыкі ператварыліся ў нікчэмных па сваёй сутнасці карлікаў, якія нічога з сябе не ўяўляюць на міжнароднай арэне і слепа выконваюць ўказанні заакіянскага гаспадара.
Рабілася ўсё, каб толькі не ўгнявіць гаспадара Белага дома. Першапачатковую праграму саміту значна скарацілі, з яе выкраслілі правядзенне Савета НАТА ва Украіне, паменшылі выніковую рэзалюцыю з 44-х да 5 абзацаў, прыбралі найбольш гучныя антырасійскія тэзісы і згадку пра магчымасць уступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс. А самога Зяленскага стараліся трымаць на адлегласці ад амерыканскага прэзідэнта, нават падчас агульнага фатаграфавання адціснулі яго як мага далей. Пры гэтым яму ўсё ж далі 50-хвілінную магчымасць пагутарыць з гаспадаром Белага дома. У цэлым, шоу рабалепства на натаўскім зборышчы дайшло да такога ўзроўню, што генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ стаў называць Трампа «татачкам».
Што тычыцца саміх вынікаў, то цяперашні натаўскі саміт стаў адным з самых супярэчлівых у гісторыі альянсу. З аднаго боку, краіны-ўдзельніцы дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП, як і патрабаваў Трамп. Але, з іншага боку гэты працэс расцягнецца ажно на 10 гадоў, а самі асігнаванні будуць падзяляцца, як на прамыя выдаткі на абарону, так і на напрамкі, якія прадугледжваюць забеспячэнне спадарожнай інфраструктуры, мастоў і лагістыкі. Гэта тлумачацца тым, што, знаходзячыся ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу, выкліканага ўласнымі антырасійскімі санкцыямі, Еўропе і так складана павысіць ваенныя выдаткі нават да 3% ВУП. Але жаданне дагадзіць Трампу прывяло Еўрапейскі істэблішмент да ідэі дасягнуць патрэбных Вашынгтонам 5% ВУП проста аб’яднаўшы аб’ём сродкаў, што выдзяляюцца на абарону і на спадарожную інфраструктуру. Пры гэтым, адзінства сярод членаў альянсу не назіралася. Так, напрыклад, Іспанія дамаглася права на «гнуткі падыход», гэта значыць фактычна адмовілася вылучаць на абаронныя патрэбы славутыя 5% ВУП, што адназначна выклікала незадаволенасць і абурэнне іншых краін-удзельніц НАТА.
У сваю чаргу, Трамп дамогся не толькі павышэння адлічэнняў на абарону, але і наўпрост паказаў, дзе Еўропа павінна закупляць зброю — у ЗША. Гэта значыць, па-першае, еўрапейцы павінны будуць са сваіх кішэняў спансіраваць набыццё ўзбраення, у тым ліку для кіеўскага рэжыму, што дазволіць ЗША ўдала выйсці з украінскага канфлікту, а ўсе праблемы ваеннага характару перакласці на плечы еўрапейцаў, па-другое, амерыканскі ваенна-прамысловы комплекс не толькі выціскае з сусветных рынкаў сваіх канкурэнтаў з Еўрасаюза, але і наносіць па іх адчувальны эканамічны ўдар (акрамя тых страт, які нанёс ЕС сваёй жа эканоміцы — заўв. аўт.) і, самае галоўнае, еўрапейскія грошы будуць працаваць на эканоміку Злучаных Штатаў! А што Трамп? А ён будзе за мір ва ўсім свеце!
У прынцыпе, цяперашні саміт альянсу быў бы для яго яшчэ больш трыумфальным, калі б не адно «але». Меркавалася, што на пасяджэнні Трамп абвесціць аб паспяховым удары ЗША па Іране, які змог пакласці канец усёй яго ядзернай праграме. Аднак зрабіць гэта яму не ўдалося. Таму што амерыканскія СМІ ў асобе газеты The New York Times і тэлеканала CNN заявілі напярэдадні, са спасылкай на чыноўнікаў Дзярждэпа, што Злучаныя Штаты, так і не змаглі дасягнуць сваіх мэт у Іране. Адсюль і рэакцыя Трампа з патрабаваннем звольніць журналістаў, якія распавялі праўду пра вынікі амерыканскіх бамбардізровак. Як гаворыцца, а дзе ж свабода слова ў цытадэлі сусветнай дэмакратыі?

Што тычыцца еўрапейскіх планаў, то ў адрозненне ад апетытаў амерыканцаў, яны былі куды больш сціплыя. Тут галоўнай мэтай стала ўтрыманне ЗША ў альянсе і недапушчэнне пераносу яго акцэнтаў на Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Што, у прынцыпе, часткова і ўдалося рэалізаваць. Як гаворыцца, Еўропа гатовая плаціць любыя грошы і згаджацца на любыя ўмовы, толькі б амерыканцы прысутнічалі на еўрапейскім кантыненце.
У дачыненні да Расіі наратывы хоць і памякчэлі па фармулёўках, але засталіся ранейшымі — галоўны «агрэсар» і вораг альянсу. Хай у выніковай заяве саміту і няма слоў аб незваротнасці шляху Украіны ў НАТА, але ў любым выпадку відаць, што Паўночнаатлантычны альянс пад сакрэтным кіраваннем ЗША рыхтуецца да сцэнару па сутыкненні з Расіяй.
Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ
Даслоўна
Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар:
— Любая вайна — гэта ў першую чаргу пра грошы. Па сутнасці, прэзідэнт ЗША у чэрвені 2025 года прадушыў уласныя ўмовы бяспекі для Еўропы.
Аднак прадэклараваць і нават падпісаць — не значыць выканаць. Нават «лакаматыў еўрапейскай эканомікі» — Германія — плануе дасягнуць ваеннага бюджэту ў 3, 5% ВУП толькі да 2029 года. Раней Брытанія абавязалася траціць 2, 5% ВУП да 2027 года. Раней абазначаны мэтавы ўзровень у 2 працэнты пераадолелі не больш як 50 працэнтаў краін-удзельніц, а паказчык ваенных расходаў у 3,5 працэнта ВУП большасць дзяржаў прагназуе да 2035 года.
Па сутнасці, у рамках гаагскага саміту Вашынгтон у чарговы раз прадэманстраваў «хто ў доме гаспадар». Выніковы дакумент у поўнай меры адлюстроўвае амерыканскую канцэпцыю бачання будучыні. Усё, што ў яе не ўпісваецца і ідзе ў разрэз з інтарэсамі ЗША — проста выкрэсліваецца. Аднак еўрапейскім «партнёрам» даюцца пэўныя правы: спраўна плаціць за бяспеку, закупляць амерыканскае баявыя сістэмы, ствараць інфармацыйны шум і бразгаць зброяй на ўсходнім флангу. Пры гэтым Еўропа разумее, што нападаць ніхто не збіраецца, а плаціць давядзецца.
Саміт НАТА 2025 года ў цэлым стаў паказальным выступленнем, у якім члены альянсу натужна дэманстравалі адзінства супраць уяўнага ворага ў выглядзе Расіі і заўзята абмяркоўвалі неабходнасць выдаткаў на абарону. Ён у чарговы раз прадэманстраваў, што галоўная мэта функцыянавання арганізацыі заключаецца ў недапушчэнні ўзнікнення альтэрнатыўных полюсаў уплыву, утрыманні перавагі над астатнім светам і забеспячэнні глабальнага лідарства заходняй супольнасці на чале з ЗША з апорай на ваенную сілу, фінансава-эканамічны і палітычны ціск.
Для Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі вынікі саміту НАТА ў Гаазе — гэта кіраўніцтва да дзеянняў па забеспячэнні ўласнай ваеннай бяспекі і каардынацыі сумесных намаганняў у гэтай галіне. Адказ Захаду пагучаў 23 ліпеня 2023 года падчас сустрэч Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу: «Агрэсія супраць Беларусі — гэта агрэсія супраць Расіі. На гэта мы будзем адказваць усімі наяўнымі ў нас сродкамі». Выразна і ясна, без рэверансаў і недагаворак. Час «заходняму» свету ўсвядоміць геапалітычную рэальнасць, а еўрапейскім краінам-сябрам НАТА больш ашчадна ставіцца да наяўных рэсурсаў, выкарыстоўваць іх на карысць уласных народаў, а не для вырашэння праблем згасаючых імперый. І добра падумаць: НАТА, а каму яно трэба?