Нядаўна пачуў у транспарце цікавы дыялог: адна бабуля скардзілася іншай, што ў яе на лецішчы растуць неверагоднай прыгажосці бярозы, а хітры сусед штогод зазіраецца на іх. Мяркуй, «соку, канешне, хоча, але ж аб тым, што будзе з дрэвамі, зусім не думае». Падумалася, чаму з пачаткам вясны гэты незвычайны напой так «хайпуе»...
Наогул, бярозавы сок — свайго роду тытульны напой Беларусі. Трохлітровыя слоікі з празрыстай вадкасцю адразу дапамагаюць вызначыць, у якой краіне ты знаходзішся — нават агромністую Расію мы пераганяем па зборы «вясновага напою», а астатнія суседзі наўрад ці змогуць параўнацца з нашымі паказчыкамі. Асноўным месцам для вытворчасці бярозавага соку наша рэспубліка з’яўляецца яшчэ з сярэдзіны XX стагоддзя, ды і ўвогуле ён як з’яўляўся папулярным для савецкага чалавека напоем, так і перавандраваў у новую эпоху, застаўшыся адным з любімых сокаў ужо ў сучасных беларусаў.
У савецкі час розныя сокі налівалі ў кафэ ці рэстаранах з дзіўных шкляных конусаў па прыемным кошце — 8-20 капеек за стакан у залежнасці ад соку, дзе бярозавы заўсёды быў самым таннейшым. Нізкі кошт застаўся і ў наш час у лепшых традыцыях савецкай спадчыны: напрыклад, у Мінскім лясгасе на Баграціёна, 70 можна купіць літр са сваёй тарай за 0,55 рубля, а 5 літраў у ПЭТ-бутэльцы — за 4,78 рубля. Прыкладна такія ж цэны можна пабачыць і на пляцоўках «Лясны домік». Калі ж вы жывяце за горадам, мае сэнс прыехаць у бліжэйшае лясніцтва: там цэны будуць яшчэ ніжэй, у раёне 0,42 рубля за літр.
Але чаму ж тады кошт у магазінах так адрозніваецца? Усё даволі проста: па-першае, у магазіне ў кошт адразу ідзе тара, часам шкляная. Па-другое, натуральным бярозавы сок у магазінах ніяк не назавеш: так, ён саладзейшы і больш насычаны за свежы, але ж за кошт дадання сахара, кансервантаў і іншых дабавак.
На пляцоўцы Мінскага лясгаса з 24 сакавіка не спыняецца паток людзей: здаецца, што абсалютна ўсе мінчане з машынамі адначасова захацелі купіць сабе пару бутэлечак асвяжальнага напою. За мінулы сезон толькі фізічным асобам пляцоўка рэалізавала 250 тон бярозавага соку, а ў гэтым годзе план павялічылі ажно да 350.
— Скажу па сабе: я памятаю гэты прыродны напой з дзяцінства, бабуля і бацькі яго кансервавалі, рабілі квас, — з усмешкай узгадвае намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Мінскага лясгаса Таццяна Бацян. — Зараз ёсць трэнд на экалагічныя тавары, думаю, адсюль і такі попыт. Кожны дзень мы рэалізуем больш за 20 тон тавару, а калі дадаць яшчэ і нашы лясніцтва, то выходзіць у раёне 30, а рэкорд на аднаго набывальніка, які бачыла асабіста я, — адна сям’я купіла адразу 220 літраў. Купляюць усе па-рознаму, ёсць нават пастаянныя пакупнікі, якія памятаюць нас з мінулых гадоў, хтосьці пытае: «А што з ім рабіць?», і для такіх людзей мы зрабілі невялічкі стэнд з рэкамендацыямі і рэцэптамі.
На пляцоўцы «Ляснога доміка» непадалёк ад «Экспабела» ўсё трохі прасцей: не такія патокі людзей, але работа ідзе добра. Кіроўца грузавіка Нікалай Каральчук распавядае, што на велізарным трохвосевым МАЗе робіць па некалькі рэйсаў у дзень з некалькімі тонамі груза, а на момант канца сакавіка распрададзена амаль 57 тон прадукцыі. Амаль кожны, хто заходзіць на касу «Ляснога доміка», пакуль я размаўляю з працаўнікамі, таксама пытае нязменнае: «А бярозавы сок прадаеце?».
— У сярэднім у дзень прыязждае 300 чалавек. Калі пачаўся сезон, 24 сакавіка, быў вельмі вялікі ажыятаж, і мы прадавалі па 10 тон у дзень, — расказвае кіраўнік гандлёвай сеткі Капыльскага вопытнага лясгаса Вераніка Покуць. — Зараз ужо прасцей, прыходзяць людзі, размерана купляюць, хоць у нас могуць узяць і 5 літраў, і ўсе 200.
Па словах Веранікі, сок так запатрабаваны па дзвюх прычынах: па-першае, ён вельмі карысны, асабліва пасля зімы, калі арганізму жыццёва неабходны вітаміны. Па-другое, з яго можна згатаваць даволі вялікі спіс страў. Набыўшы па сімвалічнай цане вялікую колькасць напою, вы можаце зрабіць сіроп, квас, згатаваць халаднік ці нават віно — між тым, па некаторых пісьмовых крыніцах, адзін з старажытнейшых напояў славян!

Сапраўды, ці карысны ён? Коратка кажучы: так. За нізкую каларыйнасць яго ацэняць людзі, якія сядзяць на дыетах і назіраюць за сваім рацыёнам: у раёне 8 ккал, што ўдвая ніжэй, чым у лімоннага соку. А за набор карысных рэчываў, якія ёсць у яго складзе, яго можна палюбіць і без аніякіх дыет: макра- і мікраэлементы, такія як кальцый, магній, цынк, вітаміны групы B, аскарбінавая кіслата. Пры гэтым бярозавы сок, у адрозненні ад многіх магазінных нектараў, валодае вельмі нейтральным, трохі салодкім водарам: не перабіваючы смак, ён добра асвяжае і спаталяе смагу, што яшчэ ў савецкія часы прынесла яму папулярнасць, якая захавалася і зараз.
Каб не дапусціць памылак і з задавальненнем збіраць бярозавы сок, парадак дзеянняў просты: звяртайцеся ў бліжэйшае лясніцтва і пытайцеся, дзе і як вы можаце пачаць здабычу. Вам пакажуць падыходзячыя і дазволеныя месцы, распавядуць, як гэта рабіць і ажно да канца сезона збору вы зможаце збіраць асвяжальны напой без аніякіх праблемаў з законам.
Калі закончыцца гэты самы сезон? На жаль, пэўных дат ніхто даць не можа — гэта моцна залежыць ад умоў надвор’я. У Мінскім лясгасе дату назвалі толькі прыблізна: арыенціровачна, сезон працягнецца да сярэдзіны красавіка. Тым важней паспець набыць ці самастойна заняцца зборам бярозавага соку, пакуль ён ёсць у вялікіх аб’ёмах, ды пакаштаваць адзін з самых натуральных, свежых і «тытульных» прадуктаў Беларусі.
Правілы збору соку
Для збору соку можна выкарыстоўваць толькі здаровыя дрэвы ад 20 см у дыяметры (на вышыні 1,3 м). Пры гэтым свідраваць адтуліны трэба свердзелам. Колькасць адтулін залежыць ад дыяметра ствала — ад 1 да 4. Пасля збору неабходна загаіць рану: зняць жолабы, закрыць адтуліну драўляным коркам і замазаць садовым варам, глінай з вапнай ці жывіцай з вуглём (10–15 %).
Нельга нарыхтоўваць сок у населеных пунктах, дэндралагічных парках, батанічных садах, месцах пасялення рэдкіх відаў, у зонах аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на тэрыторыях курортаў і арганізацый аховы здароўя, у месцах масавага адпачынку, каля дарог, чыгуначных пуцей і вадаёмаў.
Згодна з артыкулам 16.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях штрафы за незаконную нарыхтоўку складаюць:
• для грамадзян — да 20 базавых велічынь (б. в.);
• для ІП — да 100 б. в.;
• для юрыдычных асоб — да 500 б. в.
Родная прырода