Top.Mail.Ru

Самы высокі адкрыты скаладром у Беларусі з’явіўся ў Магілёве

Самы высокі скаладром на адкрытым паветры ў Беларусі ўрачыста адкрылі ў Магілёве, перадае БелТА.


Новы спартыўны аб’ект размясціўся на тэрыторыі СДЮШАР «Вікторыя», што знаходзіцца па вуліцы Індустрыяльнай. Яго вышыня 17 метраў, гэта можна параўнаць з вышынёй пяціпавярховага дома. Як расказаў начальнік аддзела спорту Магілёўскага гарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў, такіх скаладромаў у краіне няма. Ёсць падобны ў Мінску, але ён закрыты.

«Спартыўнае скалалажанне ў Магілёве — развіты від спорту. Ён культывуецца ў нас у СДЮШАР „Вікторыя“, аддзяленне тут адкрыта з верасня мінулага года. А таксама — у цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Каля 300 дзяцей па горадзе займаецца спартыўным скалалажаннем», — адзначыў ён.

Новы скаладром адпавядае ўсім алімпійскім стандартам. «Ён уяўляе сабой дзве трасы — адна на складанасць пад’ёму, другая — на хуткасць, — растлумачыў Дзмітрый Лацянкоў. — Спартыўнае скалалажанне — алімпійскі і перспектыўны від спорту, ён выклікае вялікую цікавасць як у дзяцей, так і дарослых».

Плануецца, што ў бліжэйшы час скарыстацца новым скаладромам змогуць не толькі спартсмены, але і жыхары, і госці горада — цяпер прапрацоўваецца гэта пытанне.

Пытанне размяшчэння скаладрома выклікала нямала спрэчак у інтэрнэце. «Ён размешчаны на тэрыторыі спартыўнай школы, за агароджай і пад аховай — свабоднага доступу сюды няма. Таму не трэба перажываць, самастойна ніхто не будзе поўзаць па скаладроме, — падкрэсліў Дзмітрый Лацянкоў. — Што датычыцца самай спартыўнай дысцыпліны: тут усё аснашчана стараховачнымі сістэмамі, ніхто без інструктара не будзе займацца».

Як расказала трэнер па скалалажанні СДЮШАР «Вікторыя» Марыя Самсонава, з’яўленне скаладрома стала важным, патрэбным і вельмі доўгачаканым падарункам. «Яго з’яўленне — вялікая падзея не толькі для магілёўскіх спартсменаў, але і ўсёй рэспублікі. Ён вельмі прыгожы, адпавядае ўсім патрабаванням, для трэніровак гэта тое, што трэба, — расказала яна. — У СДЮШАР хлопцы і дзяўчаты залічваюцца з васьмі гадоў, але і да гэтага ўзросту можна арганізаваць азнаямленчы трэніровачны працэс. Да вышыні трэба прывыкаць, туды не ўсе і не адразу гатовы падняцца. Гэта паступовы працэс».

На новай пляцоўцы адразу прайшлі адкрытыя спаборніцтвы па скалалажанні. Удзельнікі — не толькі магіляўчане, а таксама спартсмены з Гомеля, Мар’інай Горкі, Шклова, Бабруйска. Сярод тых, хто вырашыў выпрабаваць свае сілы — самы хуткі скалалаз Беларусі Ігнацій Максімаўцоў, якому 17 гадоў. Яму належыць рэкорд Беларусі па спартыўным скалалажанні на хуткасць — 5,9 секунды. Малады спартсмен па заслугах ацаніў скаладром, сказаў, што на сур’ёзных спаборніцтвах — такія ж.

«Я сюды буду летам ездзіць, пад сонейкам займацца. Сам я родам з Бабруйска, трэніруюся ў Мінску. Вельмі добра, што такія аб’екты з’яўляюцца, моладзі трэба трэніравацца, а папросту няма дзе. І з’яўленне такога высокага скаладрома рэальна паўплывае на іх прагрэс і развіццё спорту, — падзяліўся ён. — Цяпер іншыя дзеці, з іншых гарадоў змогуць трэніравацца і тут. Я рады, што наш спорт пашыраецца».

Павіншаваў усіх з такім важным адкрыццём сёння старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. І гэты аб’ект — адзін з падарункаў да Дня горада.

«У нас даволі насычаная праграма мерапрыемстваў у гэтым годзе, і ўжо сёння яны стартуюць. Першы аб’ект — гэта скаладром. У нядзелю яшчэ выберам самага моцнага магіляўчаніна, таксама спартыўнае мерапрыемства. У пятніцу ўвечары мы адкрываем святломузычны фантан на рацэ Дубровенка — там была праведзена вялікая работа з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. А ў суботу ў нас фестывальныя мерапрыемствы: будзем смачна карміць, весяліць, спяваць і танцаваць. А ўвечары — вялікі канцэрт, які закончыцца маляўнічым феерверкам, — расказаў старшыня гарвыканкама. — Як заўсёды да Дня горада мы стараемся ўпрыгожыць горад, прывесці яго ў парадак. Нашы камунальныя службы прадаўжаюць працаваць над сваімі планамі: капрамонт жылля, рамонт жахаў і стыкаў, дваровых тэрыторый. У бягучым годзе ў плане ў нас — адкрыць 16 новых гульнявых дзіцячых пляцовак, з іх ужо 10 гатовы».

Свята — гэта цудоўная нагода падвесці прамежкавы вынік і рухацца далей. «Сучаснае жыццё патрабуе таго, каб акрамя базавай інфраструктуры, бальніц і школ, былі рэкрэацыйныя зоны, дзе можна прайсціся, пагуляць, — разважае Сяргей Чарткоў. — Ды і ўвогуле, мне здаецца, гэта адметнасць беларусаў — рабіць усё добра, добраўпарадкоўваць і паляпшаць, каб ва ўсіх сферах жыцця нашым гараджанам было камфортна».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю