Санітарна-эпідэміялагічная служба 27 і 28 чэрвеня праверыла каля 4,4 тыс. аб’ектаў, у тым ліку больш за 170 пляжаў і зон рэкрэацыі. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
У першую чаргу правяралася чысціня тэрыторыі пляжаў, стан пяску і прыбярэжнай паласы, спраўнасць грамадскіх прыбіральняў, раздзявалак і кантэйнерных пляцовак, а таксама выкананне правілаў добраўпарадкавання. Таксама спецыялісты звярнулі ўвагу на выкананне умоў захоўвання і тэрмінаў прыдатнасці харчовай прадукцыі аб’ектамі выязнога гандлю ў зонах адпачынку.
Падчас праверак санітарна-эпідэміялагічная служба на шэрагу аб’ектаў выявіла нездавальняльны стан кантэйнерных пляцовак, перапаўненне скрыняў і смеццязборнікаў, наяўнасць бытавога смецця на пляжах, несвоечасовы пакос пустазелля.
Уласнікам пляжаў і эксплуатацыйным арганізацыям зон адпачынку накіраваны прапановы па ліквідацыі парушэнняў. Да шэрагу парушальнікаў прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Цяпер усе недахопы аператыўна ліквідаваны. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады праінфармаваны.
Міністэрства аховы здароўя нагадвае пра неабходнасць выканання правілаў паводзін у зонах адпачынку. «Не пакідайце смецце на пляжы — карыстайцеся скрынямі і кантэйнерамі. Калі кантэйнеры перапоўнены — не складайце адходы побач. Па магчымасці забярыце ўпакоўку і бутэлькі з сабой або паведаміце адміністрацыі. Не закопвайце смецце ў пясок і не кідайце яго ў ваду. Чысціня і парадак у мессах масавага адпачынку — вынік сумеснай працы як эксплуатацыйных арганізацый, так і свядомага стаўлення кожнага адпачывальніка», — падкрэслілі ў міністэрстве аховы здароўя.