Будучыя сапернікі зборнай Беларусі па адборачным турніры футбольнага чэмпіянату свету правялі чарговыя кантрольныя паядынкі, паведамляе БелТА.
Футбалісты Грэцыі, з якімі беларусы сустрэнуцца 5 верасня ў стартавым матчы кваліфікацыйнай групы С сусветнага першынства, разграмілі ў Іракліёне каманду Славакіі — 4:1.
Зборная Даніі з лікам 2:1 перамагла ў Капенгагене каманду Паўночнай Ірландыі, якая была сапернікам беларусаў у Лізе нацый. У самым пачатку сустрэчы датчане прапусцілі мяч, але потым двойчы паразілі вароты гасцей, здабыўшы валявую вікторыю.
Раней шатландскія футбалісты нечакана саступілі ў Глазга зборнай Ісландыі з вынікам 1:3.
Зборная Беларусі ў першым чэрвеньскім спарынгу разграміла на полі «Барысаў-Арэны» каманду Казахстана (4:1), а 10 чэрвеня на полі новага Нацыянальнага стадыёна ў Мінску сустрэнецца з футбалістамі Расіі. Перад прыездам у беларускую сталіцу расіяне ў Маскве згулялі ўнічыю са зборнай Нігерыі (1:1). Да гэтага расійскія футбалісты атрымалі 8 перамог запар з агульным лікам 44:0.