Top.Mail.Ru

Сапраўднае супраць штучнага ў балеце Музычнага тэатра «Салавей»

«Такога балета няма больш нідзе ў свеце, толькі ў нашым тэатры», — адзначыў харэограф і аўтар лібрэта Сяргей Мікель.


Згадаць казку Андэрсена прапанавалі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, у афішы якога з’явіўся балет на музыку Ігара Стравінскага. Ад харэографа Сяргея Мікеля як ад аднаго з трыумфатараў Нацыянальнай тэатральнай прэміі чакаеш нейкага адкрыцця — яно было найперш у выбары твора, які ў пачатку ХХ стагоддзя ўпершыню прадставіла трупа Сяргея Дзягілева ў Парыжы, — і гэта была опера! А праз некалькі гадоў Стравінскі перарабіў яе ў сімфанічную паэму, на аснове якой паставіў балет харэограф Леанід Мясін, аўтарам дэкарацый стаў знакаміты мастак Анры Маціс. Пасля свой варыянт гэтага балета для трупы Дзягілева прапанаваў яшчэ адзін харэограф — Джорж Баланчын. У пастаноўцы беларускага тэатра ў ХІХ стагоддзі няма звароту да іх харэаграфіі, наш «Салавей» узнік як самастойны твор, і паводле лібрэта, якое Сяргей Мікель перарабіў па-свойму, і нават паводле музыкі. 


Таму што балет Ігара Стравінскага вельмі кароткі, а нашаму тэатру хацелася мець паўнавартасны спектакль на дзве дзеі — дадалі музыку з іншых балетаў гэтага ж кампазітара, якую спатрэбілася арганічна злучыць і выканаць. Дырыжор-пастаноўшчык балета «Салавей» Марына Траццякова разам з аркестрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра справіліся са складанай задачай — данесці музыку Ігара Стравінскага, якая лічыцца няпростай для ўспрымання. Менавіта таму гэта казка для вечаровага паказу, каб у большасці прыцягнуць дарослую аўдыторыю, хоць пастаноўшчык лічыць, што сама гісторыя падыдзе для сямейнага прагляду (глядацкая аўдыторыя 6+). А гэта значыць, што расказаны праз танец сюжэт павінен лёгка счытвацца. 

Хто ведае казку, то наогул не праблема. Вядомая гісторыя пра кітайскага імператара, які захапіўся цудоўнымі спевамі жывога Салаўя, але пазней аддаў перавагу штучнай прыгожай птушцы — у спектаклі гэта вытанчаная фарфоравая статуэтка. Прыгожая, але яна не валодае натхняльнай жыццёвай энергіяй сапраўднага салаўя, які дапамагае імператару падчас набліжэння смерці. Выратаваць яго можа толькі шчырая мелодыя і жывыя спевы. Такім чынам, мы становімся сведкамі перамогі сапраўднага мастацтва над штучнымі шаблонамі. У час, калі чалавечы свет усё часцей сутыкаецца з лічбавымі тэхналогіямі і згенерыраванымі імі падробкамі, балет падаецца актуальным, не пазбаўленым філасофскага падтэксту. Зрэшты, Усход — гэта традыцыйная зямля філосафаў і мудрацоў... 


Да традыцыйнай кітайскай культуры звярталася мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава. Яна стварыла для балета сцэнаграфію і касцюмы, натхнёныя, у прыватнасці, кітайскім фарфорам. Вобраз жывога Салаўя прадстаўлены ў больш лаканічных тонах — насамрэч гэтая птушка выглядае даволі проста і сціпла. 

Пра тое, што гэта галоўны герой балета, мы павінны здагадацца найперш паводле харэаграфіі ў выкананні Соф’і Казловай падчас прэм’еры. Танцавальны малюнак яе персанажа павінен быць самым яркім, дакладна больш напоўненым паветрам, чым у халоднай фарфоравай птушкі. Але пякельна белая прыгажуня ў выкананні Кацярыны Арцёменка глядзіцца эфектна, нездарма імператар зрабіў свой выбар. І ўсё ж сапраўдная птушка ўмее лятаць і нават калі сядзіць на галінках дрэў, яна выводзіць мудрагелістыя трэлі — і як жа важна гэта падкрэсліць у балеце!.. Адпаведна, чакаеш мудрагелістасці ад гэтай партыі. Затое наш сціплы салавей выяўляе сваю моц падчас змагання са Смерцю. Злосны вобраз бяды, якая прасочваецца ў пакоі імператара, вельмі красамоўны і вырашаны ў больш экспрэсіўнай манеры, што выдатна ўдалося Людміле Раманавай. Да класічнага танца, які мы бачылі ў першай дзеі, дадаюцца элементы сучаснай харэаграфіі: на думку балетмайстра, гэта выяўляе пазачасовасць вечнай тэмы. Гэта дадае і дынамікі самому балету, у фінале якога героі і публіка ўсё ж прыходзяць да супакаення. Усё паводле кітайскай мудрасці, якая вучыць цаніць унутраны спакой і ў плыні часу разумець, што любыя цяжкасці — прыступка да самаўдасканалення. Стваральнікі падкрэслівалі, што мы бачым Кітай вачыма еўрапейцаў — так і ёсць шмат у чым. Але сам па сабе зварот да гэтай тэмы карысны для ўсіх. 

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Музычнага тэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю