Top.Mail.Ru

Сапраўдны бераг мары з’явіўся ў аграгарадку Любань Вілейскага раёна

Праект грамадзянскай ініцыятывы ў Мінскім аблвыканкаме быў прадстаўлены менавіта пад такой цудоўнай назвай — «Бераг мары». І ён атрымаў свой працяг. Цяпер тэрыторыя каля мясцовай сажалкі стала сапраўдным месцам прыцягнення са сваёй невялікай дзіцячай пляцоўкай, лавачкамі і нават новым мостам. Пагутарыўшы са старшынёй ініцыятыўнай групы, пенсіянерам Васілём КІСЯЛЁМ, мы даведаліся, як за непрацяглы час удалося стварыць такую прыгажосць.


— Да нас дайшла інфармацыя, што Мінскі абласны выканаўчы камітэт праводзіць конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, — расказаў Васіль Аляксандравіч. — Мы разам з іншымі членамі ініцыятыўнай групы выказалі жаданне добраўпарадкаваць сажалку ў цэнтры вёскі, стварылі для гэтага праект, прадставілі яго, назваўшы, на мой погляд, вельмі арыгінальна — «Бераг мары, або Другое дыханне». 


Большасць жыхароў аграгарадка паставіліся да гэтай ідэі станоўча. У нас было так: хто колькі палічыць патрэбным, той столькі і пералічыць на рахунак. Радавала тое, што падключыліся і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць тут, і проста неабыякавыя людзі, якія прыязджалі на сажалку купацца або рыбу палавіць. Усім светам збіралі!

На гэтым падтрымка ад Мінскага абласнога выканаўчага камітэта не спынілася. У Мінскай вобласці было павялічана фінансаванне на рэалізацыю праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Канкрэтна на гэту аблвыканкамам было дададзена яшчэ 50 % ад ужо выдзеленай сумы — 44 тысячы рублёў. Такім чынам, агульная сума склала парадку 140 800 рублёў.


— Вядома, мы хваляваліся, ці атрымаецца ў нас усё задуманае ўвасобіць у жыццё, — падзяліўся Васіль Аляксандравіч. — Паступова праект стаў набіраць сілу, а нядаўна прыняў закончанае аблічча. І хачу адзначыць, што людзям вельмі спадабаўся вынік. Яны былі рады, што сумеснымі намаганнямі нам удалося яго рэалізаваць. Тут жа, зусім побач з сажалкай, жывуць людзі. Уявіце, якая прыгажосць, які від у іх з дома цяпер адкрываецца. Раённы выканаўчы камітэт прапанаваў у будучыні пашырыць гэты праект: у наступным годзе плануем стварыць душавыя, каб людзі маглі пасля купання апаласнуцца, а таксама месцы для пераапранання.

Васіль Аляксандравіч падчас размовы адзначыў, што за гэта месца цяпер у адказе і мясцовыя жыхары, якія ўклалі ў яго добраўпарадкаванне свае намаганні і сродкі.

— Я вам скажу так, грамадзянскія ініцыятывы — вельмі добрая ідэя. Да таго, у што ўкладзена хоць бы невялікая, але ўласная капейка, людзі будуць ставіцца па-іншаму. Гэта месца наша — і для пажылых людзей, якія на лавачцы могуць спакойна пасядзець і адпачыць, і для маладых мам з каляскамі, і для моладзі, — падзяліўся ён думкамі.


Наш суразмоўца па прафесіі — географ, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, вельмі любіць падарожнічаць па краіне.

— Родам я з Капыльскага раёна, а наогул езджу заўсёды рознымі маршрутамі. І ў Маладзечна, і ў Капыль, і ў Клецк, і ў Слуцк. Дык вось у паездках абавязкова заязджаю ў раённыя цэнтры. І што заўважыў — за апошнія гады кожны з іх памяняў сваё аблічча, стаў больш прыгожым і добраўпарадкаваным. У кожнага ёсць уласная разыначка, — адзначыў Васіль Аляксандравіч.

Завяршаючы свой аповед, Васіль Аляксандравіч заклікаў усіх беларусаў больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваіх родных мясцін. Гэтыя ініцыятывы падтрымліваюцца, рэалізоўваюцца, а пасля становяцца месцам прыцягнення і радуюць вока.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота peramoga.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю