Top.Mail.Ru

Сацапытанне: абсалютная большасць беларусаў задаволеныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў

Абсалютная большасць беларусаў задаволеныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Такія дадзеныя сацыялагічнага даследавання агучыла загадчыца кафедры эканамічнай сацыялогіі і псіхалогіі прадпрымальніцкай дзейнасці, кіраўнік Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірына Лашук.


У лютым 2025 года цэнтрам сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ праведзена сацыялагічнае апытанне «Постэлектаральныя настроі грамадства» ў форме інтэрв’ю грамадзян па месцы іх пражывання (па методыцы «тварам да твару»). У ім прынялі ўдзел 1,5 тысяч паўналетніх беларусаў з розных рэгіёнаў краіны.

Па выніках аналізу апытання адзначаецца пазітыўны ўзровень ўспрымання большасцю насельніцтва вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 26 студзеня 2025 года. Вынікамі задаволены 90,4% апытаных. Не змаглі з адказам — 8,2%, не задаволеныя — 1,4%.

— Зразумела, што вынікі выбараў мы ўжо ведаем. Але сацыялагічнае суправаджэнне заключаецца ў тым, каб даведацца, што людзі думаюць пасля выбараў, — адзначыла Ірына Лашук. — 90,4% апытаных задаволеныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Гэта вельмі добры працэнт, які блізкі да вынікаў выбараў. Гэта сведчыць, па-першае, аб аб’ектыўнасці вынікаў. Па-другое, што беларусы сапраўды дэманструюць адзінства пазіцый. Яны выбралі таго, каго хацелі.

  • Не задаволены вынікамі 1,4%. 

— Гэтая лічба настолькі малая. У сацыялогіі гэта лічыцца статыстычна нязначнай велічынёй. Яе можна наогул выключыць з аналізу. Не змаглі з адказам 8,2% — таксама нязначная лічба, — патлумачыла Ірына Лашук. —  Гэта значыць пераважная большасць беларусаў задаволеныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Якія крытэрыі, што прад’яўляюцца да кандыдатаў у прэзідэнты, вызначылі выбар беларусаў?

Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Якія крытэрыі да кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь вызначалі ваш выбар?» 

Так, найбольш значнымі названы вопыт кіруючай дзейнасці (73,9%), палітычныя перакананні (59,8%), узровень адукацыі і кампетэнцый (40,3%). Менш за ўсё ў сваім выбары выбаршчыкі арыентуюцца на наяўнасць заслуг або дасягненняў у кандыдатаў (34,8%).

— Дастаткова аб’ектыўныя крытэры людзі ставяць на першыя месцы. Гэта кажа пра высокі ўзровень палітычнай культуры беларусаў, які сёння фіксуюць сацыёлагі, — сказала Ірына Лашук.

Яна адзначыла:

— Вядома, Прэзідэнт краіны павінен мець вялікі вопыт кіруючай дзейнасці. Натуральна, палітычныя перакананні. Мы выдатна разумеем, што ў краіны павінен быць выразны, зразумелы, усвядомлены, паслядоўны палітычны курс. І гэта падтрымліваюць людзі. Вядома, прэзідэнт павінен быць чалавек адукаваны і кампетэнтны. Усе гэтыя тры пазіцыі, сапраўды, вельмі важныя і аб’ектыўныя.

Што тычыцца заслуг або дасягненняў — гэтая пазіцыя нашмат ніжэйшая за астатнія, падкрэсліла сацыёлаг. 

— Заслугі і дасягненні — гэта больш суб’ектыўны фактар. І важна, што людзі не разглядаюць нейкія біяграфічныя звесткі, чуткі, як гэта бывае ў іншых краінах падчас выбарчых кампаній. У нас такога няма і такая інфармацыя асабліва людзей не цікавіць. Як і сацыяльны статус кандыдатаў. Людзі мала разглядаюць такія характарыстыкі, як узрост, сямейнае становішча, даходы, маёмасць. Гэта для іх менш значна. Яны бачаць усё ж такі прэзідэнта як палітычнага лідара, — дапоўніла Ірына Лашук.

Як вынікае з дадзеных сацапытання, больш за 60% беларусаў вывучалі перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты
Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: Ці вывучалі вы праграмы кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь? «Так» адказалі 61,4% апытаных, «не» — 38,6%.

— Калі людзі ў большасці сваёй вывучалі праграмы кандыдатаў у прэзідэнты — значыць, яны рабілі свядомы выбар, — адзначыла Ірына Лашук. — Зразумела, усе 100% падрабязна праграмы кандыдатаў вывучаць не будуць. Калі казаць, напрыклад, аб перадвыбарнай праграме Аляксандра Лукашэнкі, то ўжо вельмі ўважліва вывучаць яе не было асаблівай патрэбы — беларусы выдатна ведаюць курс Кіраўніка дзяржавы. Гэта добра, і людзі інфармаваныя. Разам з тым 61,4% — гэта сапраўды значная лічба. Гэта значыць, людзі не проста ішлі на выбары. Яны зрабілі ўстойлівы, усвядомлены грамадзянскі выбар.

Паводле БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю