Top.Mail.Ru

Сацработнік падмяніла грошы з кашалька пенсіянеркі на сувенірныя банкноты

Пракуратура Хойніцкага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовай жыхаркі — ёй інкрымінаваны крадзеж, у тым ліку ўчынены паўторна.


Як паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці, падчас судовага следства ўстаноўлена, што ў 2025 годзе і пачатку 2026-га жанчына, з’яўляючыся сацыяльным работнікам, учыніла таемны крадзеж грашовых сродкаў. Сваё злачынства яна добра спланавала.

Загадзя абвінавачаная набыла ў маркетплэйсе сувенірныя грошы, якія імітуюць грашовыя банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь наміналам 50 і 100 рублёў. Прыйшоўшы дадому да 86-гадовай жанчыны, за якой ажыццяўляла догляд, скарыстаўшыся яе няўважлівасцю і старэчым узростам, узяла ў яе кашалёк і падмяніла сапраўдныя грошы сувенірнымі.

Гэту злачынную схему абвінавачаная выкарыстоўвала двойчы. Такім чынам яна скрала ў пацярпелай 3,1 тыс. рублёў, якія патраціла на сябе, у тым ліку часткова пагасіла крэдыт. Падчас папярэдняга следства абвінавачаная кампенсавала ў поўным аб’ёме прычынены састарэлай жанчыне ўрон.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў судом жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічыняў (2,25 тыс. рублёў).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю