Top.Mail.Ru

Сацыяльна значныя аб’екты — падарункі Гомельшчыне да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі

Дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы. Чаканы камфортны будынак у пасёлку Чонкі атрымала аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскага раёна.

Аддзяленне працуе з 2010 года і да гэтага часу знаходзілася ў аграгарадку Урыцкае. Цяпер па новым адрасе, у абноўленым былым будынку школы ў Чонках у распараджэнні спецыялістаў і наведвальнікаў — прасторныя памяшканні і якасна новыя магчымасці для развіцця, навучання і самарэалізацыі.

Магчымасці новай сучаснай прасторы ацаніў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Як нагадаў кіраўнік рэгіёна, сустракаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыццём важных і запатрабаваных сацыяльных аб’ектаў — добрая традыцыя ў нашай краіне і на Гомельшчыне. 


— Для чалавека, якому з-за стану здароўя і ўзросту цяжка спраўляцца са штодзённымі задачамі, вельмі важна зрабіць штосьці самому, сустрэць спагадлівых людзей, знайсці занятак па душы. Для яго блізкіх не менш важна ведаць, што побач ёсць спецыялісты, гатовыя дапамагчы і падтрымаць. Менавіта на гэта і павінна быць скіравана работа аддзялення, — зрабіў акцэнт кіраўнік рэгіёна на ўрачыстым адкрыцці аддзялення.

У абноўленым будынку абсталяваны рознабаковыя творчыя майстэрні з сучаснымі тэхнічнымі, развіваючымі і адаптыўнымі сродкамі, працуюць утульная «студыя смаку», прастора гармоніі і балансу, канферэнц- і спартыўная залы, дзе можна не толькі займацца фізічнай актыўнасцю, але і праводзіць спаборніцтвы. Усе памяшканні абсталяваны з улікам патрабаванняў безбар’ернага асяроддзя.

Знакавая асаблівасць аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Гомельскага раёна ў Чонках — адкрыццё на базе аддзялення першага ў вобласці ўніверсітэта трэцяга ўзросту. 

— Гэта новая пляцоўка для навучання, зносін і актыўнага жыцця людзей старэйшага пакалення. Да заняткаў будуць прыцягвацца не толькі супрацоўнікі цэнтра, але і запрошаныя спецыялісты. Прадугледжаны розныя напрамкі, у тым ліку пытанні бяспекі, прыгажосці і здароўя. Такім чынам, пад адным дахам аб’ядноўваюцца маладыя людзі з інваліднасцю і грамадзяне пажылога ўзросту. У кожнага будзе магчымасць развівацца, атрымліваць новыя веды, дзяліцца вопытам і знаходзіць аднадумцаў. Менавіта такі падыход дазваляе пашыраць магчымасці сацыяльнай работы, рабіць яе больш адраснай і такой, якая адпавядае патрэбам людзей розных пакаленняў, — падкрэсліў Іван Крупко.

Пра тое, чым менавіта будзе напаўняцца штодзённае жыццё ў новым доме, падрабязна расказала загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Гомельскага раёна Алена Казлова.

— У нас створаны ўсе ўмовы для сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі як маладых, так і ўжо дарослых людзей з інваліднасцю. Цяпер у нас абсталяваны «майстэрня добрых спраў», творчыя майстэрні, а таксама майстэрня для прыгатавання ежы — гэта наша ўласная кухня і кавярня, якая будзе гасцінна сустракаць наведвальнікаў, — распавяла загадчык аддзялення. — У двары ўладкаваны ўтульныя зоны для адпачынку, дзе мы плануем праводзіць клубы зносін і тэматычныя вечарыны. У наш час гэта вельмі запатрабавана, бо для людзей з інваліднасцю вельмі важна мець жывыя зносіны. І людзі пажылога ўзросту таксама маюць у гэтым вялікую патрэбу. Гэта іх самарэалізацыя, іх пазітыўны лад жыцця. Будзем рады ўсім, хто прыйдзе да нас і скарыстаецца нашымі паслугамі, — звярнулася Алена Казлова.

Найлепшае пацвярджэнне таго, наколькі чаканы гэты аб’ект для жыхароў Гомельскага раёна і Чонкаўскага сельсавета, — шчырыя эмоцыі саміх сельскіх актывістаў. У Чонкаўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі вельмі актыўна вядуць культурна-масавую работу і цяпер у ветэранаў з’явіўся сапраўдны цэнтр прыцягнення. 


— Як даведалася, што ў нас у Чонках будуць адкрываць такое аддзяленне, радасці не было мяжы! Я ж адразу ўсім сваім «дзяўчаткам» і «хлопчыкам» расказала, што вось яно — наша новае жыццё настане! І хоць мы і раней вельмі актыўна праводзілі час у нашай ветэранскай арганізацыі, тым не менш цяпер наша жыццё набудзе зусім іншыя яркія адценні і зусім іншыя фарбы! — падзялілася старшыня Чонкаўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Наталля Кавалёва.
Як падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця аддзялення старшыня аблвыканкама Іван Крупко, сістэма сацыяльнай падтрымкі на Гомельшчыне развіваецца паслядоўна і такая работа вядзецца ва ўсіх раёнах рэгіёна. Толькі сёлета абноўленыя аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі адкрыліся таксама ў Рагачове і Калінкавічах.

— У Гомелі дзейнічае рэсурсная пляцоўка «Роўны навучае роўнага», дзе людзі з інваліднасцю могуць дзяліцца вопытам і дапамагаць адно аднаму. У вобласці дзейнічае 78 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў, іх пастаянна наведваюць больш за паўтары тысячы чалавек, а гурткі і клубы па інтарэсах для пажылых грамадзян аб’ядноўваюць тры тысячы ўдзельнікаў, — звярнуў увагу старшыня Гомельскага аблвыканкама.


Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю