Top.Mail.Ru

Прэзідэнт узяў удзел у цырымоніі адкрыцця Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы

«Мы — адзіная краіна, дзе на дзяржаўным узроўні захавалі ахову здароўя»

Менавіта з удзелам кіраўніка дзяржавы два гады таму, у красавіку 2024 года, на будаўнічай пляцоўцы бальніцы была закладзена памятная капсула — тады ў абласным цэнтры быў дадзены старт узвядзенню новай шматпрофільнай установы аховы здароўя. 


Бальніца была пабудавана з апярэджаннем тэрмінаў: за два гады — замест запланаванага 51 месяца. Яна разлічаная на504 ложкі-месцы і забяспечыць аказанне спецыялізаванай, высокатэхналагічнай, кансультатыўна-дыягнастычнай дапамогі насельніцтву Гродзенскай вобласці.

Пацыент, які паступіць сюды па асноўным захворванні, будзе пракансультаваны сумежнымі спецыялістамі, атрымае дапамогу ў комплексным лячэнні. Для гэтага тут ёсць самае сучаснае абсталяванне (у прыватнасці, апараты камп’ютарнай тамаграфіі, магнітна-рэзанансны комплекс) і, самае галоўнае, высокакваліфікаваныя медыцынскія работнікі. 


«Вы паказваеце ўсёй краіне, як трэба жыць і працаваць»

«Ну, вось і сустрэліся праз два гады, — звяртаючыся да супрацоўнікаў установы аховы здароўя і будаўнікоў, якія прысутнічалі на цырымоніі адкрыцця, заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Напэўна, мала хто верыў тады, калі на гэтай пустцы (хаця ў Гродна і пустак няшмат) мы закладвалі першы камень, цэглу ў гэты фундамент, што мы можам пабудаваць не за пяць гадоў, а была вам задача пастаўлена — два гады, не больш. Прайшло два гады. Сучасны, сусветнага ўзроўню, еўрапейскі комплекс тут з’явіўся».

Напярэдадні Прэзідэнт вывучаў вынікі ўзвядзення гэтай бальніцы. «Спецыялісты гавораць: „Дзесьці перабралі, можа, для Гродна і не трэба было і гэтак далей“, — агучыў такое меркаванне беларускі лідар. — Як гаварыў наш вялікі класік Уладзімір Сцяпанавіч Каранік (былы міністр аховы здароўя і губернатар Гродзеншчыны, цяпер — кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук. —Зв. ), хвароб будзе не менш — больш. Так, хварэць мы менш не будзем. Але, можа, і менш, хто цэніць сваё здароўе, хто беражэ здароўе». 


Па словах кіраўніка дзяржавы, на гродзенцаў прыемна паглядзець. «Малайцы, вы паказваеце ўсёй краіне, як трэба жыць і працаваць, — падкрэсліў ён. — Вы павінны, і я ў тым ліку, навучыць нашых беларусаў, у тым ліку і тут, на захадзе, і на ўсходзе, і ў цэнтры, як трэба берагчы здароўе».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь — адзіная краіна, дзе на дзяржаўным узроўні захавалі ахову здароўя. «Падвяргаемся крытыцы жорсткай, ды і ўрачы (я памятаю 2020 год), што вам не падабалася? „Дайце нам страхавую медыцыну“, — прыгадаў падзеі шасцігадовай даўнасці Прэзідэнт. — Сёння, дзякуй богу, усе зразумелі, што такое страхавая медыцына і што такое наша медыцына, за якую дзяржава адказвае. Я тады ведаў: калі б мы пайшлі шляхам страхавой медыцыны, не было б медыцыны. Але калі няма медыцыны, дык і вас не было б. Але вы думалі, што страхавая медыцына — гэта ў тры-чатыры разы заробак вышэйшы, усё будзе добра. Мы ўгробілі б медыцыну».

На месцы лепш відаць

Па прылёце на Гродзенскую зямлю Прэзідэнт удакладніў у старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава, які яшчэ з’яўляецца і ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў Гродзенскай вобласці, ці ўсё атрымліваецца ў губернатара Гродзенскай вобласці Юрыя Караева на Гродзеншчыне. 

«Нешта атрымліваецца. Усё пакуль не атрымліваецца», — сказаў старшыня КДК.

«А што ў цябе не атрымліваецца? — удакладніў Прэзідэнт у губернатара. — Віды на ўраджай добрыя, пасеяў добра, парадак на палях у цябе ёсць — усюды, я паглядзеў».

Па словах Васіля Герасімава, ёсць пытанні, якія трэба вырашаць. У прыватнасці, па корманарыхтоўцы, па прафілакторыях. «Ім жа сёлета трэба ўсё пабудаваць», — канстатаваў ён.

«Мы да 1 кастрычніка ўсё пабудуем», — запэўніў Юрый Караеў. 

«Не трэба харомы, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Жывёле харомы не патрэбны. Мы ў савецкія часы панабудавалі гэтых жалезабетонных харомаў, а потым высветлілася, жывёле не патрэбны харомы. Ім патрэбны воля, свабода, дыхаць яны павінны».

Па словах кіраўніка дзяржавы, на месцы больш бачна, як вырашаць тыя ці іншыя пытанні. «Каб мы са свамі статутамі не ўлезлі і не нашкодзілі, — удакладніў ён. — Вось што вельмі важна».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокі ўзровень сельскай гаспадаркі на Гродзеншчыне. «Я цяпер ляцеў і ўспамінаў 1990-я гады: гэта жах, гэта кашмар, такога нідзе не бачыў, — сказаў Прэзідэнт. — Чаму? Бо быў высокі ўзровень у савецкія часы гаспадарання, а потым усе чакалі рэформаў. Дарэфармаваліся, расцягнулі ўсё, што было — працаваць ніхто на зямлі не хацеў». 

І тады свайму суперніку ў перадвыбарнай кампаніі Аляксандру Дубко Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паднімаць Гродзенскую вобласць. Што і было зроблена. «І вось я лячу — ужо зусім (іншая карціна. — „Зв“.), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Акуратненька, усё апрацавана... Таму нам ні ў якім разе нельга сапсаваць (тое, што ёсць на Гродзеншчыне. — „Зв“.), каб мы не камандавалі там, дзе не трэба. Таму трэба быць акуратна».

«Нам трэба захаваць нашу краіну»

Па словах кіраўніка дзяржавы, накіроўваючыся ў Гродна, з борта верталёта ўдалося ўбачыць паўкраіны. «Я гляджу і думаю аб адным: як гэта ўсё захаваць, — падзяліўся сваімі перажываннямі беларускі лідар. — Як зрабіць так, каб сюды, прабачце мяне, варожая морда не ўлезла і ўсё гэта не перакрышыла і не пераламала».


Прэзідэнт указаў на тое, што адбываецца вакол нашай краіны. «Тым больш чытаю справаздачы нашых разведчыкаў, — канкрэтызаваў ён. — Дакладваюць: паехалі нашы збеглыя... Цытата даслоўна — заявіла ўкраінцам: „У нас ёсць што вам прапанаваць — гэта нашы беларусы“. Гэта значыць мы што, павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіну? Мы што, хочам мясным фаршам там быць, як ваенныя гавораць? Не, мы гэтага не хочам. Таму нам трэба захаваць нашу краіну».


Прэзідэнт расказаў, што спытаў у чыноўнікаў: можа, хтосьці ў Польшчу хоча паехаць? Прэзідэнту далажылі — не хочуць. Наадварот, тыя, хто з’ехаў, назад хочуць вярнуцца. «Мы гэта адчуваем, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я гэта бачу па нашай камісіі (па вяртанні з’ехаўшых грамадзян на радзіму. — „Зв“.). Туды ўжо звяртаюцца збеглыя, у тым ліку ўрачы, настаўнікі. А чаго назад вяртаецеся? Вы ж туды за заробкам паехалі і іншым? Чужыя».

Па словах кіраўніка, пры гэтым вяртаюцца нармальныя людзі. «У асноўным, гэта нядрэнныя былі ўрачы, — канстатаваў ён. — З’ездзілі, страцілі час, страцілі грошы. Некаторыя сем’і свае страцілі. Што атрымалі? Таму беражыце сваю зямлю. Нікому мы там не патрэбны. Там калі і ёсць пэўнае вузкае, цікавае месца, яго свае зоймуць. А патроны падносіць, як у народзе гавораць, — дык і тут мы можам гэтым займацца».

Па словах Прэзідэнта, яго намаганні па захаванні таго, чаго дасягнула наша краіна за апошнія дзесяцігоддзі, добра разумеюць дарослыя людзі. «Яны мяне разумеюць: гэта ж не для нас, — удакладніў беларускі лідар. — Мы ж хочам каб нашы дзеці, унукі хаця б на сваёй зямлі жылі. Так, хапае ў нас недахопаў, але мы адрозніваемся тым, што мы гэтыя недахопы бачым, у многім іх выкараняем і хочам вырашыць усе праблемы, якія ў нас ёсць».



Калі некаторыя так не лічаць, Прэзідэнт рэкамендуе паглядзець на сябе ў люстэрка. «І адкажы сам сабе: ты што зрабіў для таго, каб было лепш? — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Жорстка для Прэзідэнта, але гэта так. Таму вы так на начальнікаў паглядайце, патрабуйце з іх, але і на сябе глядзіце. І гэта перш за ўсё датычыцца нашага здароўя». 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх прысутных весці здаровы лад жыцця, займацца спортам — тады, па яго словах, і здароўе будзе. «Здароўе трэба берагчы, — падкрэсліў ён. — Я не ведаю, як там будзе праз 10-20 гадоў у Беларусі. Хутчэй за ўсё, вас прымусяць плаціць за кожнае наведванне ўрача, за кожную аперацыю, маніпуляцыю і іншае. Не будзе так, як цяпер».


Сёння бясплатная медыцынская дапамога — на кантролі кіраўніка дзяржавы. У якасці прыкладу беларускі лідар прывёў паслугі, якія наша медыцына аказвае замежным грамадзянам у трансплантацыі. Кошт пытання — 200-250 тысяч долараў. Для беларусаў жа такія аперацыі праводзяцца бясплатна. 

«За гэтыя грошы (збіраем, пакрыху) і аперыруем сваіх, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — А так заўсёды не будзе. Таму трэба клапаціцца аб сваім здароў самім. Не трэба глядзець на замежныя мадэлі. Не трэба глядзець, што да вас прыедуць і вас тут вылечаць або хтосьці паедзе і там будзе лячыць і лапатай грошы заграбаць. Там, дзе шмат плацяць — там і расходы іншыя».

«Лішняга нічога быць не павінна»

Сімвалічны ключ ад новай бальніцы кіраўнік дзяржавы ўручыў галоўнаму ўрачу ўстановы аховы здароўя Сяргею Калешку, пасля чаго разам з іншымі службовымі асобамі перарэзаў сімвалічную стужку.

Урачыстая цырымонія адкрыцця бальніцы, якую так чакалі на Гродзеншчыне, перайшла ў рэчышча канкрэтных задач і перспектыў. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся арганізацыяй медыцынскай дапамогі ў дадзенай установе аховы здароўя, удакладняў, ці поўнасцю яна забяспечана патрэбным абсталяваннем і, галоўнае, ці ўкамплектавана медыцынскімі супрацоўнікамі.

Галоўны ўрач бальніцы далажыў кіраўніку дзяржавы аб ролі новай установы аховы здароўя ў павышэнні якасці аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку жыхарам сельскай мясцовасці. Асобна размова зайшла аб кадравым забеспячэнні новай установы аховы здароўя — у бальніцы прадугледжана 1046 ставак.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў кадравым плане лішніх людзей быць не павінна. «Урачы павінны быць загружаны як належыць, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Без лішкаў, але павінны быць загружаны і атрымліваць заробак. У будучыні мы менш бальніц будзем будаваць, у нас іх хапае — гэтаксама як і школ. Але трэба большы заробак плаціць людзям. Урачам, настаўнікам трэба заробак падымаць. А за кошт чаго? Лішняга нічога быць не павінна. Тады заробак будзе нармальны».

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай бальніцы, наведаўшы кабінет рэнтгеналагічнай камп’ютарнай дыягностыкі, аддзяленні анэстэзіялогіі і рэанімацыі. 

«Бальніца добрая, умовы нядрэнныя, таму толькі працуйце», — сказаў, звяртаючыся да медсупрацоўнікаў, беларускі лідар. 

У завяршэнні знаёмства з бальніцай і яе магчымасцямі кіраўніку дзяржавы ўручылі памятны падарунак — пано з крышталю як сімвал бясконцасці, унутры якога распраўляе свае галіны Дрэва Жыцця. Акрамя таго, гэты арт-аб’ект, выраблены майстрамі шклозавода «Нёман», сімвалізуе сілу быцця, цыклічнасць часу і далікатную прыгажосць моманту.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю