Калі чалавеку становіцца цяжка спраўляцца з бытавымі справамі ў сілу ўзросту або здароўя, на дапамогу прыходзіць сацыяльны работнік. Але паслугі дома належаць не ўсім — пералік залежыць ад некалькіх фактараў. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, як вызначаецца патрэбнасць і што менавіта можа зрабіць сацыяльны работнік.
Ад чаго залежыць пералік паслуг
Як тлумачаць спецыялісты, набор сацыяльных паслуг дома фарміруецца індывідуальна і залежыць ад трох асноўных фактараў. Па-першае, гэта індывідуальныя патрэбы чалавека. Па-другое, стан здароўя — функцыянальны клас па самаабслугоўванні, які ўказаны ў медыцынскай даведцы. Па-трэцяе, наяўнасць блізкіх сваякоў і сумеснае пражыванне з імі.
Функцыянальны клас (ФК) вызначаюць урачы. Гэта ступень выяўленасці абмежаванняў жыццядзейнасці, у прыватнасці здольнасці да самаабслугоўвання.
Чатыры функцыянальныя класы
ФК1 — лёгкае, нязначнае абмежаванне здольнасці да самаабслугоўвання. У гэтым выпадку сацыяльны работнік, як правіла, не патрабуецца: чалавек яшчэ можа абслугоўваць сябе сам.
ФК2 — умерана выяўленае парушэнне. Пры гэтым класе належыць мінімальны пералік паслуг. У яго ўваходзяць купля і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці і лекавых сродкаў; аплата жыллёва-камунальных паслуг, паслуг сувязі і іншых плацяжоў. Таксама сацыяльны работнік дапамагае падтрымліваць парадак у жылых памяшканнях (асобныя паслугі, напрыклад мыццё вокнаў, змена штор і гардзін, прыборка пылу са сцен і столі) і карыстацца паслугамі тэлефоннай і паштовай сувязі (удакладненне і набор нумара, напісанне і адпраўка пісьмовай карэспандэнцыі і іншае).
Адзінокім і адзіночна пражываючым грамадзянам з ФК2 дадаткова аказваюцца паслугі па дастаўцы вады, паліва са сховішча, здачы рэчаў у пральню, хімчыстку, рамонт і іх дастаўка на дом.
ФК3 — выяўленае парушэнне, ФК4 — рэзка выяўленае парушэнне, калі чалавек абезрухоўлены і зусім не ў стане што-небудзь рабіць. Акрамя пералічанага вышэй, такім людзям дапамагаюць апранацца, распранацца, пераапранацца, мяняць (перасцілаць) пасцельныя рэчы, прымаць ежу, выконваць шэраг санітарна-гігіенічных працэдур. Таксама арганізуецца прагулка на свежым паветры на працягу 30 хвілін.
Адзінокім і адзіночна пражываючым з ФК3—ФК4 аказваецца больш паслуг па прыборцы жылых памяшканняў і прыдамавых тэрыторый. Напрыклад, падмятанне і мыццё падлогі, чыстка ванны (умывальніка) і ўнітаза, чыстка газавай (электрычнай) пліты і мыццё ракавіны, халадзільніка і іншае. Акрамя таго, сацыяльныя работнікі дапамагаюць прыгатаваць ежу або гатуюць яе самастойна, але толькі простыя стравы. Таксама ў пералік уваходзяць дастаўка гародніны са сховішча, падрыхтоўка да распальвання і распальванне печы.
Колькі каштуе і як часта прыходзіць сацыяльны работнік
У сярэднім гадзінны тарыф паслуг сацыяльнага работніка складае 90 капеек. Колькасць візітаў вызначаецца з улікам індывідуальнай патрэбнасці ў сацыяльных паслугах, а таксама пераліку аказваных паслуг — ад аднаго да пяці разоў на тыдзень.
Ягор ЧУРЫК